7 лістапада ў менскай кавярні «Добрыя мысьлі» адбылася прэзэнтацыя кніжкі паэта і барда Алеся Камоцкага «Наспадзяванае».
Паводле словаў самога аўтара, яму ўпершыню давялося выступаць у бары.
Гладкая і прыемная ва ўсіх сэнсах кніжка. Хоць бы таму, што не пакідае па сабе глыбокіх узрушэньняў. Першае ўражаньне, калі дакранаешся, — ручная работа. Пастэльная вокладка, кішэнны фармат, шчыльная папера, роўная абрэзка — так цяпер рэдка выдаюць. Урэшце — ілюстрацыі: каляровыя, наклееныя (уласнаручна?) на старонкі. Але засакрэчаных вершаў пад імі няма. Праверана.
Дзе-нідзе паэт — колішні саксафаніст гурту «Зарціпо» — возьме й прыпомніць панк-рокерскую маладосьць, пагуляўшыся з этыкай і гуманнасьцю («Злодзей»). Але гэта адзінкавыя выпадкі. У цэлым юначы цынізм зазнае паразы і адступае перад стомай ад расчараваньняў. То бок лірыкай. Збольшага сьветлай.
Складанасьці абставінаў жыцьця
Неспадзявана ўжо не засмучаюць,
Ужо болей нечакана не зьдзіўляюць.
Жывём не прадчуваньнем адкрыцьця,
А намаганьнем выспацца начамі.
Тыя, хто ведае Алеся Камоцкага па бардаўскіх фэстах, заўважаць, як просяцца многія творы з кнігі на гітарны перабор, як нікнуць яны і губляюцца без музычнага суправаджэньня. Усё-такі бардаўская лірыка — ня месца для складаных вобразаў. Хоць сюжэты ў асобных вершах трапляюцца такія, нібыта пад псэўданімам «Камоцкі» дзейнічае Эжэн Ёнэско, якога нечакана прабіла на паэзію («Навіна»).
Поўны варыянт артыкулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"
Яўген Квач
Алесь Камоцкі. Наспадзяванае: Вершы і песьні. — Менск: Радыёла-Плюс, 2004.