Паэт Алесь Разанаў трапіў у рэанімацыю — палату інтэнсіўнай тэрапіі, як гэта называюць на Захадзе — бонскай унівэрсытэцкай клінікі. Першапачатковы дыягназ — інфаркт — не пацьвердзіўся.

Радыё «Свабода» паведаміла, што Разанаў правёў некалькі дзён у коме. «Свабода» перадала таксама, што паэт пасьля выхаду з комы ў першы дзень сказаў некалькі словаў па-беларуску і толькі на другі дзень Разанаў загаварыў яшчэ й па-нямецку, на мове, зразумелай пэрсаналу клінкі.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Адам Воршыч

Алесь Разанаў нарадзіўся 5 сьнежня 1947 г. у вёсцы Сялец Бярозаўскага раёну. У 1969 г. на філфаку БДУ выступіў за беларускамоўнае навучаньне. Пад пагрозай выключэньня вымушаны быў перавесьціся з сталіцы ў Берасьцейскі пэдінстытут, які скончыў у 1970 г.

Друкаваць вершы пачаў у 1961 г. Пераломным для творчасьці Разанава і беларускай паэзіі наагул стаў зборнік «Шлях-360» (1981). Для Разанава характэрны стылёвы пошук: ён увёў такія формы вэрлібру, як квантэмы, вэрсэты, пункціры. За кнігу «Вастрыё стралы» (1988) атрымаў Прэмію імя Янкі Купалы. Перакладаў зь літоўскай (Гяда, Сая, Авіжус), ангельскай (Шэксьпір, Тагор), латыскай, грузінскай, баўгарскай, сэрбскай, харвацкай, чэскай моваў.

У 1989 г. быў абраны віцэ-прэзыдэнтам Беларускага ПЭН-цэнтру. Прыняў чынны ўдзел у адноўленай у сярэдзіне 90-х «Крыніцы». Пры канцы 90-х з лукашэнкаўскай задухі выехаў у Нямеччыну. У Гановэры выдаў дзьвюхмоўную (беларуска-нямецкую кнігу) «Гановэрскія пункціры». Атрымаў прэстыжную эўрапейскую прэмію імя Гердэра. У Аўстрыі ў 2004-м выйшла кніга «Вортдыхтэ», напісаная па-нямецку. Гэта філязофска-паэтычнае тлумачэньне тых ці іншых нямецкіх словаў беларускім паэтам. Раней Разанаў практыкаваў такія «мэдытацыі» над словамі розных моваў, якія азначаюць адзін і той самы панятак, па-беларуску. Тэрмін «вортдыхтэ» зьяўляецца свайго роду нямецкім нэалягізмам, які стварыў сам паэт. У перакладзе гэта «шчыльнасьць словаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0