Адзіная акруга ў краіне, дзе, паводле афіцыйных зьвестак, выбары не адбыліся, а на рэфэрэндуме А.Лукашэнка не набраў 50% галасоў, — у Горадні.

Дасканалая сыстэма назіраньня, пагоні па начным горадзе і параза ўладаў: гутарка з экс-кандыдатамі

Валянцін Аскірка: «Мяне пакідалі як слабога»

«НН»: Вы — перакананы сацыял-дэмакрат. Чаму?

ВА: Праз пару дзён пасьля рэфэрэндуму 1995 г. я вырашыў, што не магу быць проста грамадзянінам, а павінен быць актыўным грамадзянінам, і ўступіў у БСДГ. Потым была трансфармацыя ў БСДП-НГ, пасьля зноў вяртаньне ў БСДГ. Чаму сацыял-дэмакратыя? Ідэі сацыяльнай справядлівасьці — гэта для мяне істотна.

«НН»: Для чаго вы вырашылі ўдзельнічаць у выбарах?

ВА: Ня ўдзельнічаць у выбарах я ня мог. Праўда, у выніку толькі я адзін стаўся зарэгістраваным разам з двума «супернікамі ад улады».

«НН»: Вы не здагадваецеся, чаму зарэгістравалі менавіта вас? Сяргею Антусевічу (БНФ) ды Анатолю Іванчыку (ПКБ) у рэгістрацыі адмовілі.

ВА: Гэта першае пытаньне, якое я задаў сам сабе і сваім калегам з ініцыятыўнай групы. Мяркую, адзін з фактараў — пакінулі слабейшага, другі з фактараў — пакінулі залежнага, бо я працую ў дзяржаўнай установе. Хаця якія там насамрэч былі пляны — невядома.

«НН»: Што ўяўляла зь сябе вашая каманда?

ВА: Першапачаткова ініцыятыўная група складалася з 43 чалавек, большасьць зь іх — студэнты, выкладчыкі гарадзенскіх ВНУ. Я праводзіў трэнінгі для іх па эфэктыўнай камунікацыі, назіраньні, а таксама ладзіў міні-сэмінар «Ад дзьвярэй да дзьвярэй». Аднак асноўны досьвед быў атрыманы ў працэсе самой працы.

«НН»: Вынік па вашай акрузе зрабіўся выключэньнем у маштабах краіны. Тое, што выбары не адбыліся, — гэта ваша перамога?

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Сяргей Антусевіч: «Буду гуртаваць людзей»

«НН»: Чаму вы вырашылі балятавацца?

СА: Падрыхтоўку да вылучэньня мы пачалі яшчэ год таму. Мы правялі пасьпяховыя перамовы, і ўжо да моманту рэгістрацыі я ведаў, што дэмакратычныя кандыдаты пагаджаліся зьняць свае кандыдатуры на маю карысьць. Калі б выбары адбыліся па нармальным сцэнары, я б мог прэтэндаваць на ролю адзінага дэмакратычнага кандыдата ў гэтай акрузе. Але ж сталася так, што мяне «вырубілі».

«НН»: На якой падставе?

СА: Прыдраліся, што я ня ўнёс у дэклярацыю зьвесткі аб долі ў кватэры бацькоў ды аб удзеле ў статутным фондзе ліквідаванай у 2000 г. фірмы, якую я засноўваў. На мясцовых выбарах гэтых зьвестак ніхто ад мяне не патрабаваў.

«НН»: Што вы зрабілі пасьля таго, як вам адмовілі ў рэгістрацыі?

СА: Уся каманда была сабраная, мы раіліся, ці варта ісьці далей. Вырашылі, што варта. У першую чаргу мы працавалі супраць трэцяга, пажыцьцёвага тэрміну Лукашэнкі. Размаўлялі зь людзьмі, разносілі ўлёткі, выраблялі некаторыя свае матэрыялы.

«НН»: Праблем не ўзьнікала?

СА: У прынцыпе, асаблівых складанасьцяў не было. Я маю статус дэпутата гарсавету, для мяне асабіста гэта не было цяжкасьцю, але ж для таго, каб гаварыць зь людзьмі, не абавязкова трэба мець нейкі статус. Мы таксама назіралі за галасаваньнем, каардынавалі сваю працу з кандыдатам Аскіркам. Такім чынам, мы «закрылі» ўсю акругу назіральнікамі. На кожным з 40 адкрытых участкаў працэс галасаваньня адсочваў хаця б адзін назіральнік ці давераная асоба Аскіркі. На шасьці ўчастках назіральнікі знаходзіліся ад першай хвіліны датэрміновага галасаваньня да вечара 17 кастрычніка.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Сяргей Антусевіч нарадзіўся ў 1973 г. у Берасьці ў сям’і рабочых. Школьнікам пераехаў зь сям’ёй у Горадню. У 1996 г. скончыў Беларускі тэхналягічны ўнівэрсытэт у Менску, вярнуўся ў Горадню. Працуе на «Азоце». З 2000 г. — старшыня незалежнага прафсаюзу гэтага гіганту нафтахіміі. Дэпутат Гарадзенскага гарсавету.

Храналёгія падзей

Горадня, Цэнтральная акруга №52

Пятніца, 15 кастрычніка.

Фаварыт уладаў, дэпутат палаты прадстаўнікоў Андрэй Лосеў зь невядомых прычын здымае сваю кандыдатуру. Выбарчую гонку працягваюць Людміла Сяўко (старшыня гаркаму Прафсаюзу работнікаў адукацыі і навукі) і Валянцін Аскірка (БСДГ).

Нядзеля, 17 кастрычніка.

23.30. Штаб Аскіркі—Антусевіча падсумоўвае зьвесткі па акрузе, атрыманыя ад назіральнікаў: Сяўко не набірае 50% + 1 галасоў, патрэбных для перамогі.

23.40–3.00 Акруговая камісія аналізуе афіцыйныя дадзеныя. Урэшце, паведамляецца, што падвесьці канчатковыя вынікі нельга: не стае афіцыйных зьвестак галасаваньня па двух участках (у тым ліку на ўчастку, разьмешчаным у інтэрнаце Мэдыцынскага каледжу).

3.10. Каманда Аскіркі—Антусевіча падазрае, што ўлада вырашыла «нацягнуць» галасы для Сяўко. Аскірка, яго давераная асоба і Антусевіч сьпяшаюцца да інтэрнату, каб перашкодзіць магчымым фальсыфікацыям.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Гутарыў Алесь Кудрыцкі