Беларусь — не краіна ўдоў і адзінокіх маці, амаль кожная жанчына мае магчымасьць стварыць сям’ю

Старшы інспэктар аддзелу кадраў дзяржаўнага прадпрыемства УП «БелНДІПгорадабудаўніцтва» Валянціна Пісарэнка — шараговая прыхільніца цяперашняй улады. Чаму яна галасуе за Аляксандра Лукашэнку, спн. Валянціна патлумачыла карэспандэнту «НН».

— Чаму вы зрабілі выбар на карысьць зьменаў у Канстытуцыі?

— Са свайго досьведу працы, а я займаюся кадравай палітыкай амаль 30 гадоў, я зрабіла выснову, што чалавек становіцца прафэсіяналам у сваёй справе, калі працуе на сваім месцы ня менш за пяць гадоў. Чалавек толькі тады здольны адаптавацца, вывучыць кола пытаньняў, якія давядзецца вырашаць, наладзіць эфэктыўныя зносіны зь людзьмі, зь якімі давядзецца мець службовыя дачыненьні, і, урэшце, атрымаць жыцьцёвы досьвед, досьвед у працы.

— На вашу думку, для прэзыдэнцтва мала нават дзесяці гадоў?

—Так, мала. Я лічу, чым больш чалавек працуе на пэўнай пасадзе, тым большых прафэсійных вышынь ён дасягае. Таму для такой адказнай справы, як кіраваньне краінай, так бы мовіць, пяці год стажу абсалютна недастаткова.

— Але ж у іншых краінах, са сталай дэмакратыяй, прэзыдэнты неяк упраўляюцца і за чатыры гады.

— Гэта ня наш выпадак. Мы — людзі зусім іншага характару, мысьленьня і выхаваньня. У нас іншае ўспрыманьне сьвету, адно аднаго як людзей, і гэтаксама мы выхоўваем сваіх дзетак. Я лічу, што павінна мінуць некалькі пакаленьняў, каб людзі ўспрымалі прэзыдэнта так, як на Захадзе, і ён адпаведна ставіўся да людзей. Хаця я супраць зьменаў у мэнтальнасьці. Цяпер мы маем талерантны, памяркоўны, працавіты, гасьцінны народ, дзякуючы чаму ў нас добра адчуваюць сябе прадстаўнікі розных нацыянальнасьцяў і веравызнаньняў.

— Якія заслугі А.Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта вы можаце адзначыць?

— Стабільнасьць, спакой, мір, тое, што ў ваенных канфліктах ня гінуць маладыя людзі — генафонд нашай нацыі, тое, што наша краіна — не краіна ўдоў і адзінокіх маці, што амаль кожная жанчына мае магчымасьць стварыць сям’ю. Лукашэнка кожнаму гарантаваў пэўны мінімальны ўзровень задавальненьня ягоных патрэб. Гэта таксама важна.

— Стабільнасьць — гэта добра. Але ці забясьпечваюцца ўмовы разьвіцьця краіны, грамадзтва?

— Я мяркую, што так. Дзяржава клапоціцца аб працаўладкаваньні моладзі, створана сыстэма разьмеркаваньня маладых спэцыялістаў пасьля навучаньня ў ВНУ. Шмат, вядома, у станаўленьні чалавека залежыць ад працавітасьці і сумленнасьці яго самога… Да таго ж Лукашэнка добра ведае людзей, наш народ. Чалавек, які пражыў у вёсцы, спазнаў усе бядоты і пакуты жыцьця бяз бацькі, цяжкую сялянскую працу, ведае цану хлеба. Ён можа зразумець і працаўніка вёскі, ягоныя праблемы, і рабочага чалавека, і чалавека з вышэйшай адукацыяй, бо сам праз усё прайшоў.

— На вашую думку, ЦВК абвясьціла рэальныя лічбы вынікаў рэфэрэндуму?

— Мяркую, што рэальныя. Бо ведаю, як галасавалі мае сябры-аднагодкі, людзі, якія маладзейшыя за мяне на год дзесяць, мае дзеці. Да таго ж вы зразумейце, справа тычыцца ня толькі А.Лукашэнкі, гэта тычыцца ўсіх прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду ў 2006-м і іншых гадах. Выбраць могуць любога годнага маладога чалавека — пэрспэктыўнага, разумнага, адукаванага. Любому чалавеку на месцы Лукашэнкі спатрэбіцца досьвед.

— Наколькі ў такім разе адэкватнай была жорсткая рэакцыя ўладаў на акцыі пратэсту супраць вынікаў рэфэрэндуму цягам некалькіх дзён?

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Гутарыў Арцём Лява

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0