Раней студэнты што з Масквы, што з Львова, што зь Менску мелі адзіны слэнг, нават калі размаўлялі на сваёй роднай мове. Апошнімі гадамі сытуацыя мяняецца. Беларускамоўная моладзь, хоць часам і карыстаецца аднымі з расейцамі слэнгавымі здабыткамі, мае і свае ўласныя. Датычна нашай кампаніі (ля 30 чалавек), недзе падхопленыя ці прыдуманыя словы цалкам гарманічна ўпісаліся ў нашы размовы ды выцесьнілі адтуль русізмы. Гэта - невялічкая частка нашага слоўнічка.
Абалдзянець - ачмурэць ад чаго-небудзь, затлуміцца. Сьвяткавалі два дні, пайшлі абалдзянелыя.
Адцягнуцца - добра прабавіць час, адпачыць. Хадзем на Вольскага - адцягнемся хоць.
Быкасты - прадмет, што быў у карыстаньні. Табе быкастую мабілу прадалі.
Варкіла - нездаволены чымсьці чалавек. Ягоны бацька - варкіла, усё мазгі кампастуе.
Віслы (даць, атрымаць) - адказ на грубасьць, зьнявагу. Гані бабло! - А віслы табе ня даць?
Гундос - гугнявы чалавек; абыякавы да ўсяго, пасіўны, скнара.
Гык - мужчынскі палавы орган.
Гыкасты - дужа вялікі.
Замандзячыць - моцна ўдарыць па чым-небудзь.
Ламэр - неадукаваны, неахайны чалавек. Каго ты адправіў, ён жа ламэр!
Маскальнуты - прыхільнік расейскай поп-культуры. На "Блін" (клюб "Бліндаж") ня пойдзем - там адны маскальнутыя.
Нармуль - добра, у норме. Калі ў нас усё нармуль, чаго ўсе пруць адсюль?
Нахвіга - навошта, за што.
Паратунка - хуткая дапамога. Маёй бабці паратунку выклікалі.
Патэліць - затэлефанаваць. Я ў Наваградку, заўтра патэлю.
Пляжыць - ненатуральны стан чалавека, выкліканы дэпрэсіяй, бадуном, атручэньнем. Пляжыла дні тры: чабурэкаў вакзальных наеўся.
Раскілбас - ступень задаволенасьці.
Сьнядзец - ежа, звычайна хуткага прыгатаваньня. Ты ж галодны, сьнядзец захапі.
Фурычыць - функцыянаваць, працаваць. Комп у мяне не фурычыць.
Хлапчыска - кволы маладзён. Юрык такі хлапчыска, затое як у футбол грае!
Чад (даць чаду) - шалёнасьць ва ўчынках, хуткі рытм. "Энэрэмы" прыедуць, дадуць чаду!
Шлупаць - ісьці да д'ябла. Шлупай ты, Міколенька!
Шчырка - жаночы палавы орган.
Шчырэц - вынік зробленай працы, часьцей няўдалай, канец усяму.
Сяргей Будкін