У францускай пячоры плошчай 40 м2, дзе этарас хавалі свой абшчак і інгрэдыенты для вырабу выбуховых рэчываў, было арыштавана ўсё кіраўніцтва басконскай радыкальна-нацыяналістычнай арганізацыі ЭТА (у перакладзе з баскай — «Радзіма і Свабода»).

Чэрвеньскай раніцай 1968 г. шэф паліцыі правінцыі Гіпузкоя Мэлітон Мансанас быў знойдзены мёртвы ў сваім доме. Сябры ЭТА забілі яго, помсьцячы за зьдзекі з апазыцыянэраў, арыштаваных за пратэсты супраць дыктатуры Франка. Рэха таго стрэлу, які паклаў пачатак амаль 40-гадовай гісторыі баскага тэрарызму, здаецца, нарэшце заціхла.

4 кастрычніка паліцыя Францыі і грамадзянская гвардыя Гішпаніі ў выніку аблавы ў маёнтку ў францускім мястэчку Саліе-Дэ-Бэран зашухерылі галоўных босаў палітычнага, эканамічнага і апэратыўнага аддзелаў арганізацыі ЭТА, т.зв. Artapallo, у тым ліку яе ідэйнага «пэрпэтуўм мобіле» — Мікеля Альбіцу Ірыяртэ (падпольная мянушка Мікель Антца). Акрамя штабу палітбюро ЭТА пінкертоны знайшлі пячору плошчай 40 м2 з гідраўлічнай сыстэмай кантролю, дзе этарас хавалі свой абшчак і набор юнага хіміка — 40 кг хлярыту, 4 кг алюмінію і іншыя інгрэдыенты для вырабу выбуховых рэчываў. Дарэчы, у арсэнале лябараторыі экстрэмістаў была знойдзена таскама ракета «зямля—паветра» з лэйблам «Made in USSR» (ці не са складу з-пад Бабруйску?). Ракета, як заявіў гішпанскі пракурор Бальтазар Гарсон, была патрэбна сэпаратыстам для замаху на «Боінг» караля Карляса Бурбона. Дынаміт рыхтавалі для сэрыі фаервэркаў у цэнтры Мадрыду, якія плянаваліся яшчэ на мінулы чэрвень. Усе грандыёзныя пражэкты баскаў тады абламалі фанатыкі з «Аль-Каіды», якія 11 сакавіка запусьцілі ў паветра чатыры цягнікі на мадрыдзкім вакзале Аточа.

Акцыя ісламістаў прымусіла тэрарыстаў перагледзець сваю стратэгію. Акрамя таго што тэрарызм як палітычны інструмэнт сябе скампрамЭТАваў, была надзея на дыялёг з уладамі. Кабінэт сацыяліста Сапатэра, які ў выніку выбараў 13 сакавіка зьмяніў урад кансэрватараў Азнара, тэарэтычна мог сесьці з сэпаратыстамі за стол перамоў, як калісьці прэм’ер-сацыяліст Гансалес. Тым больш што падчас сакавіцкага крызісу галоўным джокерам «ружовых» была вэрсія, што за выбухамі на Аточа стаялі ня баскі (гэтак сьцьвярджалі кансэрватары), а ісламісты, якія жадалі адпомсьціць гішпанцам за падтрымку Азнарам ірацкай авантуры Буша-малодшага.

Але сацыялісты і ня думалі карашыцца з ЭТА. Навошта, калі на гэты час маліна ЭТА ў Саліе-Дэ-Бэран была ўжо выкрыта і паліцыянты проста чакалі, пакуль у пастку трапіць як мага больш баскіх прафэсараў Плейшнэраў?

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Лёлік Ушкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0