Трэці беларускі GSM-апэратар будзе называцца «Best» і будзе на 100% дзяржаўным, прычым сузаснавальнікам стане навукова-вытворчае аб’яднаньне «Агат», якое належыць да сфэры ВПК. Доля «Агату», у якім адно з падразьдзяленьняў узначальвае сын Лукашэнкі Віктар, складзе ў новай кампаніі больш за 70%. Другім заснавальнікам «Bestu» будзе дзяржаўны «Белтэлекам». Бізнэс-плян з тэрмінамі ўводу абсталяваньня, аб’ёмам фінансаваньня праекту і памерам абанэнцкай базы новай кампаніі зьявіцца пры канцы лістапада. Пасьля вызначэньня канкрэтнай сумы патрэбных інвэстыцый будуць прыцягнуты крэдыты пад гарантыю ўраду.

Беларускі ўрад аддаў трэцяга апэратара ў дзяржаўныя рукі, што, на думку некаторых эканамістаў, прывядзе да захаваньня высокіх тарыфаў на сотавую сувязь. А як выглядае сытуацыя з мабільнай сувязьзю ў нашых суседзяў?

У Польшчы, дзе, паводле прагнозаў, да канца гэтага году будзе 21 млн карыстальнікаў мабільных тэлефонаў (у Беларусі — 2,5 млн), ёсьць тры асноўныя апэратары GSM. У кампаніях «Era» ды «Plus GSM» кантрольныя пакеты акцый належаць замежным кампаніям. Толькі ў кампаніі «Centertel», якой належыць «Idea», кантрольны пакет акцыяў мае «Telekomunikacja Polska» (66%), рэшта ў руках францускай «France Telecom» (34%). Вядуцца размовы пра чацьвёртага апэратара GSM, якім ужо зацікавіліся швэды, фіны ды галяндцы.

Падобна выглядае сытуацыя ва Ўкраіне. Галоўнымі інвэстарамі ўкраінскіх апэратараў мабільнай сувязі былі замежныя кампаніі. Толькі пры заснаваньні кампаніі «UMC» 51% акцый належаў «Укртэлекаму», рэшта замежным інвэстарам, але ў 2003 г. кампанія перайшла ў рукі расейскай «МТС». Дарэчы, заўважнае моцнае зацікаўленьне расейскіх кампаній украінскімі апэратарамі. Галоўным акцыянэрам вядучага ўкраінскага апэратару «Kyivstar» зьяўляецца кампанія «Telenor» (54%).

Алесь Трафіменка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0