Паводле апытаньняў, калі б беларусы выбіралі паміж Керы і Бушам, за дэмакрата прагаласавалі б 62%. Ведалі б яны, каго падтрымліваюць…
Электаральная Фалуджа, якую Буш-юніёр зрабіў дэмакратам, абламала ўсю прагрэсіўную фракцыю чалавецтва. Самыя дэмаралізаваныя вырашылі проста нажрацца і глядзець на палітыку як на шоў, накшталт праграмы «За шклом». Сапраўды, цікава, каго сёньня выкінуць з адміністрацыі — Паўэла або Рамсфэльда?
Буйныя не здаюцца. Правадыр зялёных Даніель Кон-Бэндыт агітуе эўрапейцаў выдаваць гранты на падтрымку грамадзянскага руху ў ЗША. Я адразу ўявіў адмарозкаў Бівіса і Батхеда з руху «Бізон», якія бамбяць сьцены ў Алабаме графіці «Дзе Бэн Ладэн? Дзе Садам?». Частка дэмакратаў заявіла, што яны ня хочуць заставацца віртуальнымі вязьнямі бушаўскага Абу-Грайба, і ініцыявала рух за далучэньне ціхаакіянскіх і паўночна-ўсходніх штатаў (выбарчая маліна дэмакратаў) да лібэральнай Канады. Вам не здаецца, што гэты кампакт мы ўжо недзе чулі? Тыя ж варыянты — пайсьці ў запой, эміграваць або працягваць барацьбу — стаяць перад кожным прыхільнікам беларускай дэмакратыі пасьля кастрычніцкага рэфэрэндуму. І гэта ня проста супадзеньне па часе выбараў у іх і плебісцыту ў нас.
Бушмэны прызнаюць, што замачылі Керы дзякуючы палітэхнолягу Карлу Роўву. Заакіянскі Глеб Паўлоўскі яшчэ пасьля выбараў 2000 г. канстатаваў, што падчас галасаваньня чатыры мільёны кансэрватыўных хрысьціян замест таго, каб падтрымаць GOP («Great Old Party» — паганяла рэспубліканцаў), слухалі па «Family Radio» цікавую перадачу «Людзі ня могуць паходзіць ад малпаў, бо ў чалавека няма хваста». Роўв прапанаваў гопнікам весьці электаральную кампанію з пазыцыі абароны маральных прынцыпаў і здолеў дастукацца да сэрцаў апалітычных каўбоеў, мармонаў і аматараў госпэлаў.
Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"
Лёлік Ушкін, левы радыкал