Некалі Кіеў быў маці гарадоў рускіх. Цяпер афіцыйная Масква глядзіць на маму з трывогай і нават спрабуе лячыць. Але такое адчуваньне, што позна піць баржомі.
А яшчэ ж у нядзелю ўсё ішло цалкам у рамках расейскіх паліттэхналягічных напрацовак — перакінулі на ўкраінскі фронт дывізію разнастайных паўлоўскіх, папсу да агітацыі прыстроілі, ад Веркі Сярдзючкі да Ўладзімера Пуціна.
Няма нічога дзіўнага ў тым, што менавіта прэзыдэнт Пуцін першым і ледзьве не апошнім павіншаваў Януковіча зь перамогай. Другім — і апошнім — Януковіча павіншаваў зь перамогай Лукашэнка; на гэтым паток віншавальных тэлеграм вычарпаўся. Але Лукашэнка — адрэзаная луста, а з нашым усё куды драматычней.
Бо Пуцін жа хоча да людзей і цягнецца да заходніх каштоўнасьцяў — я маю на ўвазе перш за ўсё нерухомасьць і прадметы побыту. І стаяць яму падабаецца ня побач з Кім Чэн Ірам і бацькам гэтым, назаўсёды перавыбраным, а з Тоні Блэрам ці Сыльвіё Бэрлюсконі на благі канец… Ён сябе ў такой кампаніі чалавекам адчуваць пачынае.
На «вялікай васьмёрцы» патусавацца з Бушам-юніёрам, на машынцы для гольфу пракаціцца зь ветрыкам.… І каб пахла не анучай ды партрэтам Дзяржынскага, а цьвідам і «Крыстыянам Дыёрам».
Але тайная драма нашага гаранта заключаецца ў тым, што для ўсяго гэтага трэба паводзіць сябе як мінімум ня горш за Бэрлюсконі: бізнэс пакрываць цішэй, парлямэнтам не падцірацца, не раскідваць пальцы па ўсім Каўказе… Ня езьдзіць у сувэрэнныя суседнія дзяржавы агітаваць за клясава блізкіх рэцыдывістаў…
Вось за што я люблю нашага прэзыдэнта найбольш — за шчырасьць! Вось і цяпер: спачатку два месяцы напралёт у працоўны час піярыць Януковіча і кідаць кавалкі расейскага бюджэту ў топку гэтага данецкага паравоза, а потым выйсьці ў Лісабоне і сказаць: панове, нашто вы фарбуеце аднаго кандыдата ў расейскія колеры? Гэта контрапрадуктыўна, панове! Панове, вы зьвяры…
Аналягічны парадак дзеяньняў (спачатку пажыць у сваё задавальненьне па паняцьцях, а потым выйсьці ва ўсім белым) добра асвоілі і пуцінскія калегі ў самой Украіне.
Выступаючы ў мінулую сераду, прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма ацаніў дзеяньні апазыцыі як «замах на сувэрэнітэт і непадзельнасьць Украіны», падкрэсьліўшы, што апазыцыя «штурхае на раскол дзяржавы». Прэзыдэнт зьвярнуўся з заклікам да палітычных сіл заставацца ў прававым полі. З гэтым жа заклікам да апазыцыі зьвярнуўся Віктар Януковіч.
Вось правільная мадэль дзяржаўных паводзін. Намаляваць прэм’ер-міністру, насьледнічку, сто дзесяць працэнтаў яўкі, засандаліць на яго шалі тону сапсаваных бюлетэняў; самому ў гэты час зьнікнуць з вачэй, нібыта цябе няма ў прыродзе… а калі сотні тысяч абакрадзеных выбаршчыкаў выйдуць на вуліцы — зьявіцца каля свайго трызубца з заклапочаным жоўта-блакітным тварам і сказаць: давайце, суграмадзяне, заставацца ў прававым полі…
Потым зацьвердзіць у ЦВК усе гэтыя фількіны граматы як афіцыйныя вынікі выбараў — і зноў заявіць: давайце будзем цывілізаванымі людзьмі! І, на ўсякі выпадак, аблажыцца АМАПам. Гэта значыць, іначай кажучы, падпільнаваць чалавека, даць яму па твары, а калі ён падымецца і пойдзе даць здачы, закрычаць: «Толькі бяз рук!» — і тут жа зноў даць па твары. І адразу выклікаць міліцыю. Выдатная схема! Вось толькі ці пройдзе гэты нумар на Храшчаціку цяперашняй зімой, я ня ведаю. Ня ўпэўнены.
Віктар Шандаровіч,
Паводле «Эхо Москвы»