На Храшчаціку ды Майдане Незалежнасьці — уся Ўкраіна

Менск разьвітваецца зь цягніком ліхтарыкамі пахмурых чыгуначнікаў. Стоячы ў калідоры ля свайго купэ, мужчына, відаць, мэнэджэр нейкай менскай фірмы, сьпешна вырашае справы па сотавым тэлефоне — пакуль ня выйшаў з зоны пакрыцьця: «Качуся ў цягніку на Кіеў. Куды? Ды на Майдан з інспэкцыяй. Прывязу табе аранжавы пакет».

«Кажуць, ужо ўвесь сьпірт у Кіеве скупілі», — бурчыць беларуска-правадніца, завіхаючыся з гарбатай. Пад гоман пасажыраў цягнік засынае, каб прачнуцца на мяжы ад вішчаньня мытніцкіх рацыяў.

7-я раніцы, станцыя Нежын. Ужо добра такі разьвіднела. Дзьве жанчыны крочаць па пэроне ў форменных аранжавых жылетках. А падумалася было — рэвалюцыя й сюды дабралася. Так і ёсьць! У адной з дворнічых на камізэльцы павязаная бантам аранжавая стужачка, здаля й не разглядзець.

Але ж і сьнегу наваліла... На бэтонным плоце надпіс па-расейску: «Сыманенка! Бог табе дапаможа!».

На станцыях, што праплываюць міма, усё больш памаранчавага колеру. Найчасьцей трапляюцца бабулькі ў аранжавых хустках.

Прадмесьце Кіева. На плоце буйной аўтабазы — бела-блакітная налепка «аўтамабілісты — за Януковіча». Міма яе, смалячы цыгаркі, крочаць мужыкі ў аднолькавых скураных куртках з аднолькавымі парэпанымі аранжавымі стужкамі на рукавах.

Цягнік пад’яжджае да вакзалу. На платах — «Пора», «Пора»...

Вакол станцыі мэтро «Храшчацік» — мора людзкое. Зьлева згрувасьціліся запэцканыя рэйсавыя аўтобусы, наперадзе — шэрагі намётаў, якія, як паглядзець направа, хаваюцца за паваротам праспэкту.

«Хлопчыкі, вам шкарпэткі не патрэбныя?» — пытаецца бабуля, трымаючы стос чыстых, рукамі вязаных шкарпэтак. Хлопец з ачапленьня, высака трымаючы памаранчавы сьцяг, адмоўна матляе галавою ды накіроўвае яе да камэнданта. Побач — гурба вопраткі. Два беспрытульнікі, пачапіўшы аранжавыя стужкі, папаўняюць гардэроб. Ахоўнікі відавочна радыя, што хоць камусьці спатрэбілася гэтае майно, якое патроху набракае вільгацьцю.

Намётавае мястэчка стаіць на пэнапляставых плясьцінах, нібы на крыгах, якія плывуць у расталым сьнезе. Па пэрымэтры плячом да пляча стаіць ахова — народная дружына. Прайсьці праз агароджу чужаніцу амаль немагчыма — шыбуй, «будьласка», да прахадной ды рэгіструйся з пашпартам. Беларусаў у лягеры прыблізна тры дзясяткі.

Пару дзён таму тут зьявіліся вайсковыя пайкі, загорнутыя ў фольгу плястыкавыя кантэйнэрчыкі, падзеленыя на тры аддзелы — сьняданак, абед, вячэра. Зыходзячы з маркіроўкі, яны былі вырабленыя ў верасьні гэтага году, і нават Анатоль Кінах, старшыня Партыі прамыслоўцаў ды прадпрымальнікаў, які, паводле чутак, у асноўным забясьпечвае жыцьцядзейнасьць Храшчаціку, наўрад ці мог іх набыць — відаць, гэта зрабіў хтосьці з буйнымі зоркамі на пагонах. Міністар Кузьмук лашчыцца да народу?

Храшчацік з Майданам трымаецца ня толькі на вялікіх капіталістах з каманды Юшчанкі. Вунь да намётавага мястэчка ідуць чародкаю хлопцы, якія нясуць на плячах навюткія матрацы, — прадпрымальнік прывёз на сваім грузавіку, але ня змог пад’ехаць бліжэй з-за натоўпу. На стэндзе ля штаб-кватэры інфармацыйнага агенцтва «Уніян» прылепленыя раздрукоўкі апошніх навінаў. «ВіяГра» ды Канстанцін Меладзэ абвяргаюць зьвесткі пра падтрымку Януковіча ды ахвяруюць на патрэбы рэвалюцыі тысячу валёнкаў.

Харчоў ды вопраткі дастаткова, недахоп адчуваецца ў спэцыфічных драбніцах, якія цяжка дастаць з-за страйку, што ахапіў кіеўскія крамы. Пэрыядычна ўзьнікаюць праблемы з адмысловымі пальчаткамі для прыбіральшчыкаў з гумавымі пупышкамі на далонях, катастрафічна не стае вазкоў, якія б дазволілі не насіць на руках рэчы праз усё мястэчка, а таксама стэляжоў для намётаў-складоў.

Туга з туалетамі. Мэр Кіева выставіў на Храшчацік некалькі тузінаў «біякабінак», аднак многія зь іх ужо не функцыянуюць, дый замала іх. Большасьць жыхароў мястэчка карыстаюцца туалетамі ў навакольных установах. Куткамі ды сьценамі не карыстаецца ніхто, прынамсі, на Храшчаціку. Яшчэ вастрэй адчуваецца адсутнасьць магчымасьці памыцца, перабіваюцца, хто як можа — хто да знаёмых ідзе, хто ў лазьню.

Сьмецьця на вуліцах — мінімум, калі ўлічваць, што ў цэнтры тыдзень ужо гуляе мільён чалавек. «Не паскудзь навокал, ты ж не ў Данбасе» — распаўсюджаны лёзунг першых дзён пратэсту патроху забываецца: у Кіеве хапае жыхароў усходу, якім крыўдна чуць такія словы, дый людзі на Храшчаціку за тыдзень ужо звыкліся кідаць плястыкавыя талеркі не пад ногі, а запіхваць іх у перапоўненыя сьметніцы, над якімі дзе-нідзе напісана «хата Янука». Кабеты ў аранжавых жылетках зграбаюць скамечаную паперу і пустыя пляшкі ды скідаюць у аранжавы сьмецьцявоз.

Бліжэй да Майдану Незалежнасьці гараць агеньчыкі ў вайсковых палявых кухнях, тамсама сякуць дровы, а яшчэ далей — сталы, на якіх раскладзеныя харчы — бульба ў лушпайках, кілбаса, сала, хлеб... Галаднаватыя мітынгоўцы самі сабе не накладаюць, каб пазьбегнуць штурханіны, а робяць замовы жанчынам, якія завіхаюцца ля сталоў.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Алесь Кудрыцкі,

Кіеў—Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0