Што цікавага ў новых дасьледаваньнях беларускіх гісторыкаў?

Беларускую гісторыю апошнія гады перасьледуюць скандалы, але яны часьцей зьвязаны з палітыкай — напрыклад, забаронай падручнікаў, чым зь нечаканымі канцэпцыямі й адкрыцьцямі. Тым цікавей зазірнуць у «творчыя лябараторыі» навукоўцаў і даведацца, якое ж «варыва» там гатуецца.

Наш захопніцкі Грунвальд

Генадзь Сагановіч, дасьледуючы вайсковую гісторыю сярэднявечнай Беларусі, прыйшоў да высновы, што неабходна перагледзець стэрэатыпныя ўяўленьні пра Нямецкі ордэн. На ягоную думку, роля Нямецкага ордэну ў нашай гісторыі больш пазытыўная, чым было прынята лічыць, і дачыненьні зь ім вызначаліся далёка не адной варожасьцю. «Грунвальдзкай (Дубровенскай) бітвы, якая ў нас так услаўляецца, магло і ня быць — да яе прывяла, хутчэй, гульня суб’ектыўных фактараў», — кажа гісторык. У тым, што бітва ўсё ж адбылася, «вінаватымі» ён называе князёў — Вітаўта, а асабліва Ягайлу.

На час Грунвальду ваенны патэнцыял Ордэну ўжо істотна саступаў сілам Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага, так што «ратаваць» славянскія землі ад тэўтонцаў не было ніякай патрэбы: «Як толькі Ордэн ні спрабаваў замірыцца зь імі. Але Вітаўт зь Ягайлам бачылі, што Ордэн імкліва траціць сілы, і вырашылі гэтым скарыстацца. Колькі тады было нарабавана!..» Што праўда, на агульным тле тагачаснай эўрапейскай палітыкі паводзіны Вітаўта зь Ягайлам былі не выняткам, а правілам.

Зыходзячы з гэтых фактараў, Сагановіч лічыць неабходным прыменшыць рэальнае значэньне Грунвальдзкай перамогі ў параўнаньні зь сёньняшнім уяўленьнем. Цяпер гісторык працуе над кнігай, у якой дасьць сваё бачаньне беларуска-нямецкіх дачыненьняў таго часу. Другая ягоная гістарычная праца — падзеі Хмяльніччыны ў Беларусі, часткова закранутыя ў «Невядомай вайне». У другой кнізе, над якой працуе, Сагановіч даказвае, што паўстаньне на чале з Хмяльніцкім у беларускіх паветах успрымалася зусім ня так, як на Ўкраіне. У нас казацкая вайна была зусім не вызвольнай. Невыпадкова і спадзяваных посьпехаў у Беларусі казакі не дамагліся.

Люблінская унія й дзьве Рэчы Паспалітыя

Андрэй Янушкевіч называе сябе вузкім спэцыялістам, бо сфэра ягоных навуковых інтарэсаў укладаецца ў 15-годзьдзе. Але якое! З 1555 па 1570 г. — сюды ўплішчыліся і падзеі Інфлянцкай вайны, і Люблінская унія.

Дасьледчык называе гістарычным мітам меркаваньне, што інтарэсы магнатаў і шляхты ВКЛ напярэдадні уніі разышліся: маўляў, шляхта хацела далучыцца да Польскай Кароны, каб валодаць тымі ж «залатымі вольнасьцямі», а магнаты абаранялі незалежнасьць Княства. Па-першае, калі ім і было што абараняць, дык толькі карпаратыўныя інтарэсы. Па-другое, крыніцы паказваюць, што на самай справе магнаты не выступалі супраць уніі, нават тыя ж Радзівілы. Янушкевіч кажа, што за унію шляхта й магнаты Вялікага Княства выступалі разам: «Аналіз вядомага пасланьня 1562 г., у якім шляхта патрабавала польскіх «залатых вольнасьцяў», паказвае, што там ня ставілася пытаньне пра унію, тым больш — пра далучэньне да Польшчы. Толькі — супольная абарона ад іншаземных агрэсараў, элекцыя (выбары — Рэд.) будучага гаспадара, стварэньне адзінага прававога поля. Яна зусім не разыходзілася з магнацкімі прапановамі». Іншая рэч, што гэтае бачаньне уніі розьнілася ад польскага. Ужо ў 1563 г. вымалеваліся два асноўныя праекты: палякі выступалі за інкарпарацыю ВКЛ, ліцьвіны (і шляхта, і магнаты) прапаноўвалі больш «мяккі» варыянт, настойваючы на захаваньні асобнага Сойму. Радзівілы нават вылучылі праект «дзьвюх Рэчаў Паспалітых»: мы бяром усё найлепшае з вашай польскай шляхецкай дэмакратыі ды ўводзім гэта ў сябе, а уніі ніякай ня трэба! У вас свая Рэч Паспалітая і шляхецкая дэмакратыя, у нас — свая. І гэтыя рэформы набіралі вагу: у ВКЛ яшчэ да уніі была створана аснова для шляхецкай дэмакратыі, і шляхта была ёй задаволеная. «Іншая рэч, што тая дэмакратыя мела пераважна фармальны характар: шляхта была амаль пад поўным кантролем магнатэрыі. Але й Люблінская унія ня стала перамогай шляхты. Гэта была агульная параза ВКЛ», — кажа гісторык.

Унія была падпісана толькі пасьля таго, як Жыгімонт Аўгуст адарваў ад Княства землі Падляшша і Ўкраіны. «Пазьнейшыя саступкі ліцьвінам: шырокая ўнутрыпалітычная аўтаномія, сымболіка, тытулятура, асобнае заканадаўства — усё тое, чым мы сёньня ганарымся, было фармальнасьцю. У рэчаіснасьці Польшча валодала большымі рэсурсамі (і чалавечымі, і тэрытарыяльнымі, і гаспадарчымі), і на соймах прадстаўніцтва Кароны было ў некалькі разоў большым, чым Княства. Так мы апынуліся на другіх ролях у дзяржаве», — канстатуе Янушкевіч.

Дарэчы, перад падпісаньнем уніі Жыгімонт Аўгуст зрабіў адмысловыя захады, якіх не пасаромеліся б і сучасныя паліттэхнолягі. У 1567 г. ён асабіста прыехаў узяць удзел у абвешчаным паспалітым рушаньні. Прыезд гаспадара дзяржавы на вайну прыцягнуў надзвычайную колькасьць шляхты — блізу 30 тыс. чалавек; больш за гэтую колькасьць на той час сабраць у адным месцы было проста немагчыма. Скарыстаўшыся з гэтага, вялікі князь і кароль правёў своеасаблівы «шляхецкі рэфэрэндум». У вёсцы Лебедзева (цяперашні Маладэчанскі раён) адбыўся зьезд, на рашэньні якога абапіраўся Жыгімонт Аўгуст, «прабіваючы» праект уніі: магнатэрыя не магла рабіць выгляд, што шляхецкага рашэньня не было. А Жыгімонт Аўгуст скарыстаўся згодай шляхецкай масы на скліканьне агульнага сойму з палякамі, дзе мела б вырашыцца пытаньне уніі.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Адам Воршыч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0