Кібэртэрарысты абвальваюць усю кампутарную сыстэму Злучаных Штатаў і палююць за хакерам, які ведае лішняе. Стары паліцэйскі ваяка Джон МакЛэйн разьбіраецца з ворагамі звыклым мэтадам стрэлаў і высьпяткаў, а малады хакер становіцца патэнцыйным зяцем…
Менавіта роля крутога копа МакЛэйна напрыканцы 80-ых вывела Бруса Ўіліса ў першыя галівудзкія шэрагі. Брудная саколка-“алькагалічка”, жартачкі, многія зь якіх прыдумаў сам Ўіліс, і сур’ёзнае мачылава кепскіх дзядзек, мелі прыемны працяг у другім і трэцім “Моцным гарэшку”.
Але час ідзе, кінанягоднікі ня сьпяць у шапку; для чарговага выратаваньня ізноў спатрэбіўся МакЛэйн, якому, з улікам сёньняшніх тэхналёгій дадалі жэўжыка-памагатага.
50-гадовы Брус Ўіліс шчэ не згубіў формы; многія бойкі здымаліся насамрэч, а каскадзёр, які дубляваў Ўіліса нат зламаў рукі. Але гэта ня выратавала карціну ад папрокаў у “фантастычнасьці”.
У стужцы Лена Ўайзмана, які праславіўся “ваўкалачна-вампірскаю” калатнечай у “Другім сьвеце”, атракцыён ідзе за атракцыёнам. Кампутары выбухаюць, стрэлы, машына зьбівае гелікоптэр (!), двубой цяжкавіка й зьнішчальніка (!!). Зваліцца зь верхатуры й скакаць, як зайчык, замест прыёмаў кун-фу – кулаком у морду, пажартаваць, паперабіваць усіх злыдняў…
І ня варта крычаць, што МакЛэйн – занадта “кампутарны”. А хто ягоныя ворагі? – Хлусы віртуальнай прасторы, якія імітуюць падрыў амэрыканскага Кангрэса і палохаюць люд вуглікам, якога няма. Сецевыя піраты-геніі, чыя праца – фікцыя.
Неверагодныя прыгоды “Моцнага гарэшка” на гэткім тле не такія ўжо й дзівосныя. Дый статус баевіка абавязвае да выбухаў, падзеньняў і немагчымых танцаў на крыле “F-16”.
Глядзіце някепскі экшн, бадзёры бэнэфіс МакЛэйна-Ўіліса.