Дзіўны лёс Ёгана Бартка

Ёган Барток — сьлесар і бляхар — пражыў з жонкай толькі пяць месяцаў. Пасьля пачалася вайна. Яго адразу мабілізавалі і накіравалі ў аўстрыйскі гарнізон на мяжу. У дзень ад’езду ён парадкаваў справы: перадаваў невялічкую крамку жонцы і чалядніку. Нават удалося атрымаць дзьве замовы. Гэта заняло ўвесь час да абеду; але супакойвала думка, што ўсё будзе ўладкавана сама меней да Калядаў. Калі насунуўся вечар, Барток апрануў найлепшы касьцюм і пайшоў з жонкай да фатографа. Зьбіраючыся, яны, спрацаваныя за дзень, пагадзіліся, што дурная гэта забава. Але вайна прымушала на многія рэчы зірнуць іначай. Фатограф прынёс здымкі наступнай раніцай да цягніка. Барток хацеў абрэзаць фота сьцізорыкам і ўпхнуць пад накрыўку кішэннага гадзіньніка. Але картачкі былі большыя, чым ён чакаў. Тады Ёган зусім адрэзаў свой партрэт і пакінуў толькі жончын. Цяпер усё ўтоўпілася.

Полк Бартка хутка выправілі на фронт. Наступленьне пачалося зімой 1914-га і было адбіта ў жорсткім начным баі. Вораг зрабіў флянгавы наступ і адрэзаў тры роты. Аточаныя бараніліся цэлы дзень і капітулявалі, толькі калі скончыліся боепрыпасы. Сярод іх быў Барток. Палонныя прабылі некалькі месяцаў у перасылачным лягеры. Барток турбаваўся цэлымі днямі. Яму так хацелася б ведаць, што з жонкай, ці ёсць новыя замовы ў майстэрні, якая цяпер мусіла прыносіць хоць якія грошы. Але ва ўсім лягеры ніхто не атрымліваў лістоў. Барток рабіў адзінае, што мог: сам пісаў дадому, радзіў, даваў адрасы людзей, якім можа спатрэбіцца каваная агароджа ці прыбіральня. Прыкладна ў пачатку красавіка з палонных сабралі групу ў 1800 чалавек і перавялі на ўзьбярэжжа. Барток і яго таварышы апынуліся сярод шчасьліўцаў. Калі іх пагрузілі на параход, папаўзьлі чуткі, што павязуць у лягер ва Ўсходняй Азіі. Пасьля некалькіх дзён шляху амаль ва ўсіх пачалася марская хвароба. Палонныя скупіліся ў цяжкай атмасфэры цёмнага труму і палілі, пакуль былі цыгарэты. Толькі праз пару вузкіх ілюмінатараў можна было акінуць вокам мора — так і пазіралі па чарзе. Вада была блакітная і чыстая, часам у ёй мільгалі белыя плаўнікі або цень вялізнай рыбіны.

Канвой паступова зрабіўся нядбайным. Палонныя гэта заўважылі і пачалі рыхтавацца да бунту. Адны высочвалі, у якім памяшканьні складаюць зброю, іншыя прыхоўвалі цішком нагелі, кавалкі канатаў і нажы. Аднае начы адважыліся. Тры бамбізы-унтэры вялі групу палонных, у якой быў і Барток, па каютным трапе. Раптам падканвойныя, быццам каты, кінуліся на атарапелых вартаўнікоў, якія не чакалі бунту. Імгненна паадчыняліся люкі, і палонныя апынуліся наверсе, на палубе. Частку аховы раззброілі ў сьне, а рэшта мусіла здацца. Толькі капітан і два афіцэры занялі абарону і пачалі страляць. Трох палонных яны забілі з рэвальвэраў. Але калі паўстанцы ўсталявалі кулямёт, здаўся і цяжка паранены капітан.

Палонныя запатрабавалі прыстаць у нэўтральным порце. Яны былі добра ўзброеныя і мелі правіянт, а некаторыя і раней бывалі на моры. Былы карабельны афіцэр узяў камандаваньне на сябе. Кожны дзень займаліся шыхтавой падрыхтоўкай, а Барток вучыўся кулямёту. Новы капітан прыкінуў, што спатрэбіцца тыдзень, каб дасягнуць наступнага порту. Але выйшла іначай. На чацьверты дзень над даляглядам зьявіўся шэры нізкі абрыс ваеннага карабля. На ўсіх парах ён ішоў наўздагон. Палонныя не пасьпелі нават як сьлед падрыхтавацца. Яны спадзяваліся пратрымацца да надыходу ночы, а потым пад покрывам туману і цемры зьнікнуць, але ня здолелі. У іх былі толькі кулямёты, бясьсілыя супраць крэйсэрнае брані. За гадзіну бою шмат паўстанцаў палегла, астатнія вымушаны былі ўзьняць белы сьцяг. Карабельны афіцэр застрэліўся, калі першая шлюпка падышла да борту. Капітан крэйсэра абыходзіўся з палоннымі не як з салдатамі, а як зь мяцежнікамі. Усіх іх завезьлі ў нейкую штрафную калёнію на высьпе. Некаторых з зачыншчыкаў расстралялі, сярод іх Міхаэля Хорвата, сябра Бартка. Ён перадаў Бартку свой гадзіньнік і партманэ. «Бывай здароў, Ёган, — сказаў ён і паціснуў на разьвітаньне руку. — Усё адно памру так ці інакш, усё роўна прыйдзецца. Спадзяюся, ты выжывеш! Калі мама будзе яшчэ жывая, перадай ёй гэтыя рэчы. Дамовіліся?»

Астатніх палонных зьвінавацілі ў бунце. Кожны пяты атрымаў пажыцьцёвы тэрмін, а астатнія — па пятнаццаць гадоў прымусовых работ. Калі палічыліся, Бартку пашанцавала: ён ня быў пятым.

«Пятнаццаць гадоў, — падумаў Ёган у першы вечар, сьцішыўшыся ў распаленым куце бляшанага бараку. — Пятнаццаць гадоў. Цяпер мне трыццаць два. Тады мне будзе сорак сем». Ён выцягнуў з-пад вечка гадзіньніка фота жонкі і доўга разглядаў. Потым прытуліўся галавой да сьцяны і паспрабаваў заснуць.

Праца была цяжкай, а клімат забойчым. Сто восемдзесят чалавек памерлі ў першы год. У другі — сто дзесяць. У чацьверты Барток пасябраваў зь Вільчакам, селянінам з Банату. На шосты год Барток яго пахаваў. На сёмы год страціў пярэднія зубы. На восьмы даведаўся, што вайне даўно ўжо канец. На дзявяты год азыз. На дзясяты зьбегла шаснаццаць чалавек, але пазьней іх схапілі. На дванаццаты год ніхто ўжо не гаварыў пра бацькоўскі дом. Сьвет звузіўся да памераў выспы, жыцьцё было пакутай і глыбокім сном, туга вычарпалася, боль прытупіўся, успаміны ня мелі ўлады над бессэнсоўнымі рэшткамі істот, што як мёртвыя валіліся ўвечары, а наранак ізноў уздымаліся, каб ісьці на працу; вартаўнікі не зьмяняліся, вялізныя і поўныя ўлады; высокай былі тэмпэратура і адчай.

Калі наглядчык паведаміў, што яны вольныя, яму спачатку не паверылі. Да апошняга дня думалі, што застануцца яшчэ на пяць гадоў, — так яны не маглі ўявіць, што значыць быць вольным. Учорашнія вязьні сабралі свае няхітрыя манаткі й прамаршавалі ўніз па дарозе да порту. Барток яшчэ раз азірнуўся назад. Там, перад баракам, стаялі таварышы, якія атрымалі пажыцьцёвыя тэрміны зьняволеньня. Яны моўчкі пазіралі ўсьлед. Перад ад’ездам Барток пытаў у некаторых, ці не даслаць чаго з дому. «Закрый ляпу!» — адказаў адзін і адышоў. Другі больш нічога не разумеў. Але першы, адышоўшы на пару крокаў, крыкнуў: «Мы таксама вернемся!» Іншыя не зварухнуліся. Яны так і стаялі, зьбялелыя, і пазіралі. Па дарозе да порту Барток выцягнуў гадзіньнік. Фатаздымак быў на месцы, ён пажоўк так, што нічога на ім нельга было разгледзець. Але Барток усё ж дастаў картачку і паспрабаваў успомніць. Ён так даўно не рабіў гэтага, што ад нязвыкласьці закруцілася галава.

На вялікую зямлю Ёган ехаў з парай сваіх таварышаў. Яны цьвёрда ведалі, што іх радзіма цяпер належала краіне, зь якой раней ваявалі. Зямля адышла па дамове — пакту аб міры. Яны не разумелі гэтага, але загадзя зьмірыліся. Бо для іх за пятнаццаць гадоў зьмяніўся цэлы сьвет. Яны бачылі дамы, вуліцы, аўтамабілі, людзей, чулі знаёмыя імёны, але ўсё было чужым. Гарады павялічыліся, рух пужаў, і цяжка было зразумець, што адбываецца навокал. Усё ляцела вельмі хутка. Былыя палонныя прызвычаіліся толькі павольна разважаць.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі гаэты "Наша Ніва"

(1931)

3ь нямецкай мовы пераклаў Арцём Арашонак

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0