Неяк так сталася, што ніхто дагэтуль ня даў адказу на гэтае пытаньне, дый, здаецца, не задаваў яго. Ад кагосьці я пачуў, што аўтарамі трэцяе Ўстаўнае граматы Рады БНР зьяўляюцца тыя асобы, якія падпісалі яе, — народныя сакратары Язэп Варонка, Канстанцін Езавітаў, Іван Серада, Тамаш Грыб, Леанард Заяц, Яфім Бялевіч, Пётра Крачэўскі, Аркадзь Смоліч, Пелагея Бадунова, А.Карач.

Між тым самі народныя сакратары ў аўтары не прасіліся. Усе, хто бачыў Грамату ці яе копію (напрыклад, у 16-м томе «Беларускае энцыкляпэдыі»), могуць пераканацца, што пасьля тэксту Акту 25 Сакавіка на другой старонцы надрукавана прыпіска: «Гэту Ўстаўную Грамату Рады Беларускай Народнай Рэспублікі прымаем і подпісамі абяцаем спаўняць усе варункі, якія акт гэты патрабуе, і праводзіць іх у жыцьцё». А пасьля прыпіскі ідуць подпісы сяброў Народнага Сакратарыяту.

Між тым у кожнага дакумэнту маецца аўтар або (іншы раз) суаўтары яго праекту («рыбы», «касьцяку»). Не маглі ж гэтыя дзевяць народных сакратароў калектывам, хорам складаць праект. Тым больш што людзі засядалі 12 гадзін запар і нехта зь іх мог вельмі стаміцца. А вынікам 12-гадзіннага пасяджэньня, як сьведчыць Антон Луцкевіч, была кароткая пастанова: «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчае Рэспубліку незалежнай і выдае стасоўную ўстаўную грамату». Але граматы яшчэ не было.

(Прашу ўлічваць такія акалічнасьці. Тэкст пастановы — сэнсам аднолькавы — у артыкуле «Незалежная Беларусь» («Homan», 3 красавіка 1918 г.) і ва ўспамінах «25 марца» («Наша думка», 25 сакавіка 1921 г.) перадаецца трохі адрознымі словамі. У артыкуле гаворыцца, што Рада засядала з 5 гадзін вечара 24 сакавіка да 5 гадзін раніцы 25 сакавіка, а ва ўспамінах — што з 6 гадзін да 6 гадзін. Гэтае разыходжаньне тлумачыцца тым, што ў першым выпадку падаецца сярэднеэўрапейскі час. Менавіта гэты час быў агавораны ў запрашэньні сябрам Рады на пасяджэньне, якое надрукавана ў 1-м томе «Архіваў БНР» Сяргея Шупы. Далей у артыкуле і ўспамінах адрозьненьне паміж сярэднеэўрапейскім і менскім часам не праводзіцца).

Поўны варыянт артукулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі гаэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0