Галоўнай навіной 26 сьнежня — апошняй нядзелі 2004 году — павінна было стаць перагаласаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне. Украінскія падзеі маглі б застацца галоўнай навіной году. Магчыма, і засталіся. Але ў той дзень тыя падзеі адсунуліся на другі плян. Першае месца ў паведамленьнях інфармацыйных агенцтваў і тэлеканалаў занялі вынікі стыхійнага бедзтва ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Сам геаграфічны маштаб яго ўражвае. Гіганцкія хвалі — цунамі, выкліканыя падземнымі штуршкамі ў раёне тэктанічнага разлому на дне Індыйскага акіяну, — за некалькі імгненьняў зьнішчылі паселішчы й сродкі камунікацыі на берагох Інданэзіі, Маляйзіі, Тайлянду, Банглядэш, Паўднёвай Індыі, Шры-Лянкі, а таксама на Андаманскіх і Мальдыўскіх выспах ды зьнеслі дзясяткі тысяч чалавечых жыцьцяў.

Стыхія мела сапраўды апакаліптычны характар: пасярод белага дня, пад бязвоблачным блакітным небам, пры поўным штылі на моры амаль што бясшумныя хвалі вышынёй да 30 мэтраў адна за адной накрылі ўзьбярэжжа ў многія тысячы кілямэтраў даўжынёй. Райскі трапічны сад, мара турыстаў, ператварыўся ў кашмарную мешаніну суднаў, машын, аскабалкаў дамоў, сьмецьця й чалавечых трупаў.

Што азначае, калі адбываюцца такія грандыёзныя катастрофы?

«Мы ня можам чакаць ласкі ад прыроды. Узяць яе — наша задача». І.Мічурын

Чамусьці ўспомніліся словы Віктара Юшчанкі пра ягоны твар, пашкоджаны атрутай, пра які палітычны лідэр сказаў, што гэта твар Украіны. Чый твар мы ўбачылі ў той вечар на экранах тэлевізараў у руінах дамоў і гурбах сьмецьця — усяго чалавецтва?

Прыродныя катаклізмы быццам бы ня маюць непасрэднага дачыненьня да палітычных і сацыяльных узбурэньняў. Праўда, Герман Чыжэўскі, які першы суаднёс цыклы сонечнай актыўнасьці з цыкламі сацыяльнай актыўнасьці насельніцтва Зямлі, з такога сьцьверджаньня, відаць, толькі пасьмяяўся б. Паводле слоў спэцыялістаў-геліякасмолягаў, якія вывучаюць Сонца, адна зь нядаўніх успышак на паверхні сьвяціла і ўсьлед за гэтым магнітная віхура былі наймацнейшымі за ўвесь час назіраньняў. А пік сонечнай актыўнасьці, які супаў з пачаткам новага тысячагодзьдзя, магчыма, яшчэ не мінуў…

Але гаворка тут не пра сонечную актыўнасьць ці электрамагнітнае выпрамяненьне. Навуковыя гіпотэзы пакінем навукоўцам. Таксама й не пра выбары ва Ўкраіне размова. Прынамсі, ня толькі пра выбары. Справа ў тым, што калі адбываюцца такія грандыёзныя катастрофы, чалавек міжволі пачынае задумвацца — што гэта азначае? Ніводзін тэракт — нават 11 верасьня 2001 году ў Нью-Ёрку — няможна нават параўнаць са стыхіяй. У сярэдзіне XVIII стагодзьдзя, калі землятрус цалкам разбурыў квітнеючы горад Лісабон, сярод партугальцаў дый эўрапейцаў увогуле ўзмацніліся інфэрнальныя, апакаліптычныя настроі, якія, у сваю чаргу, прымусілі некаторых мысьліцеляў перагледзець іх рэлігійныя ды маральныя пастуляты ці засумнявацца ў некаторых зь іх (успомнім хаця б Вялікага Інквізытара ў Дастаеўскага).

Канечне, Другая сусьветная вайна пераўзышла вынікі любога стыхійнага бедзтва, зь якімі за апошнія тысячагодзьдзі сутыкалася чалавецтва. Вайна забрала мільёны жыцьцяў, нават існаваньне цэлага народу — габрэяў — было пастаўлена пад сумнеў. Але, як гэта ні цынічна гучыць, вайну, а таксама масавыя рэпрэсіі можна вытлумачыць прыродай чалавека, ягонымі хцівымі інстынктамі, карысьлівымі інтарэсамі, інтарэсамі асобных краін, клясаў, сацыяльных груп, груповак людзей, урэшце, прыхамацьцю правадыра-тырана і г.д. Так ці інакш, усе гэта можна хоць неяк растлумачыць і нават прадказаць. Але ж і падчас войнаў ці рэвалюцый здараліся бедзтвы й землятрусы. Большасьць гэтых катастроф прадказаць было немагчыма (максымум, што ўдавалася астролягам дагэтуль, дык гэта часам угадваць нешта з імавернасьцю 50/50).

Я сьвядома не бяру тут пад увагу тэхнагенныя катастрофы. Пра іх маральны сэнс, ці адсутнасьць такога сэнсу, гаварыў некалькі год таму Сяргей Дубавец у адной зь перадач цыклу «Вострая Брама» (пераказваць перадачу, дзе разглядаліся прыклады сьмяротных пажараў на лыжным курорце ў Аўстрыі, у аўтамабільным тунэлі ў Альпах і некаторыя іншыя інцыдэнты, тут ня бачу магчымасьці — адсылаю цікаўных да архіву радыё «Свабода» ў Інтэрнэце).

Гаварыць аб ролі выпадку ў такіх выпадках, прабачце за таўталёгію, не выпадае. Бо, як бы ні стараліся вынаходнікі, канструктары й будаўнікі розных тэхнічных збудаваньняў, выключыць саму магчымасьць аварыі ці збою ў працы кожнага мэханізму, кожнай машыны паводле азначэньня нельга. І чым вышэйшы ўзровень тэхналёгіі, чым больш складаны мэханізм ці сыстэма мэханізмаў, тым большая імавернасьць іх паломкі. Выдатны прыклад гэтаму — сам чалавек, найбольш дасканалы з усіх вядомых нам жывых мэханізмаў.

Але чалавек настолькі паверыў у сваю ўсёмагутнасьць, што цалкам ігнаруе ў сваёй жыцьцядзейнасьці законы прыроды, законы жыцьця й сьмерці, як бы пакідае іх за дужкамі штодзённай сьвядомасьці. І толькі прыродныя катастрофы здольныя нагадаць чалавеку аб ягоным сапраўдным месцы ў сусьвеце.

У XXI стагодзьдзі неяк недарэчна казаць пра кару боскую, Апакаліпсіс ці нейкія знакі. Тое, у што людзям удалося ператварыць сваё жыцьцё ў мінулым стагодзьдзі, тыя вынаходкі ў сфэры фізычных і маральных зьдзекаў з падобных да сябе, якія яны стварылі (улучна з газавымі камэрамі і крэматорыямі), ня сьніліся старажытным прарокам і стваральнікам біблейскіх тэкстаў. Як папярэджваў Фройд, цалкам цывілізаваныя й з выгляду культурныя людзі зь лёгкасьцю ператвараюцца ў быдла. Прыкладаў у гісторыі ўжо новага стагодзьдзя процьма — амэрыканскія салдаты зьдзекуюцца з палонных іракцаў; расейскі афіцэр гвалтуе і забівае палонную чачэнскую дзяўчыну; беларускія спэцназаўцы (ці як правільна іх назваць?) забіваюць паводле загаду начальства ні ў чым не вінаватых безабаронных людзей, карыстаючыся падручнымі сродкамі — у тым ліку, напрыклад, рыдлёўкай — і хаваюць іх у патаемным месцы ў лесе ці балоціне — як дзікіх зьвяроў.

Ніводная з папярэдніх катастроф не была ўспрынята як нейкае папярэджаньне, падстава для сур’ёзнага роздуму, а тым больш карэкціроўкі штодзённага жыцьця людзей або палітыкі цэлых дзяржаў. Можна не сумнявацца, што найбольшую цікавасьць да цунамі ў Індыйскім акіяне праявяць кінэматаграфісты. Дзе-небудзь у Галівудзе ўжо сьпеюць задумы стварыць новы блякбастэр на тэму катастрофы. Яшчэ адна выснова трагедыі — людзі сталі абыякавымі да ўсяго, што ў рэальнасьці адбываецца вакол іх, у тым ліку да сьмерцяў і крыві. Прывучаныя да гэтага тэлебачаньнем, кіно і электроннымі гульнямі, яны здольныя ўспрыняць трагедыю толькі ў выглядзе прафэсійна апрацаваных навін альбо, яшчэ лепш, прыгожа ўпакаванага відовішча.

Але ў той самы час катастрофа прадэманстравала каштоўнасьць інфармацыі. Коштам яе было ў літаральным сэнсе жыцьцё дзясяткаў тысяч людзей, і лік вёўся сапраўды на хвіліны. Калі б у пацярпелых краінах была сыстэма апавяшчэньня пра цунамі, калі б амэрыканскія навукоўцы змаглі давесьці інфармацыю аб падземных штуршках (якую яны атрымалі, фактычна, яшчэ да пачатку землятрусу) да людзей, здольных прымаць рашэньні й браць на сябе адказнасьць, трагедыя магла б быць значна менш маштабнай.

Як не прыгадаць тут Чарнобыль, калі ўлады — неймаверная, злачынная рэч — ня толькі не казалі ў першыя гадзіны пра характар і маштаб ядзернай катастрофы, а ўсяляк спрабавалі схаваць сам факт яе ад грамадзтва! Вытокі тае злачыннай бязьдзейнасьці (дый сучасных спроб кіраўніцтва Беларусі прымяншаць вынікі чарнобыльскай катастрофы) трэба шукаць у адносна нядаўнім мінулым.

Здаецца непраўдападобным, але ахвярай цунамі ледзьве ня стаў шмат гадоў назад тады яшчэ нікому не вядомы пісьменьнік Васіль Быкаў, які служыў нейкі час афіцэрам Савецкай Арміі на Курылах, на высьпе Кунашыр. Як вынікае з успамінаў Быкава ў ягонай кнізе «Доўгая дарога дадому», землятрусы на Далёкім Усходзе, у прыватнасьці, на Кунашыры, — рэч звыклая. Далей цытую паводле кнігі: «Неяк я бег па вуліцы ў пачатку землятрусу, і вуліца перада мной трэснула на ўсю шырыню. Ледзьве пасьпеў пераскочыць шчыліну шырынёй з далонь. А ўвосень 52-га здарылася немаведама што. Рэчка, што працякала цераз пасёлак і ўпадала ў затоку, пачала цячы назад. Вадой заліло лугавіну, падтапіла дамоўкі. Ужо праз колькі дзён дазналіся, што то — ад цунамі».

Афіцэры дазналіся праз колькі дзён, цывільнае насельніцтва СССР, хутчэй за ўсё, не дазналася тады пра стыхійнае бедзтва нічога. Ахвярамі цунамі на Сахаліне, здаралася, рабіліся сотні, нават тысячы людзей. Але пра гэта маўчалі. Доўгі час, напрыклад, хавалася інфармацыя пра землятрус у сталіцы Туркмэніі Ашгабадзе ў 1948-м, які амаль цалкам зьнішчыў горад. У савецкіх газэтах пра гэта не было ані слова. А як жа — хто дазволіў несанкцыянаваную катастрофу?! Толькі партыя ды яе рулявы мелі эксклюзіўнае, як кажуць, права пазбаўляць жыцьця людзей, распараджацца іхнімі лёсамі. А тут ня клясавыя, а нейкія загадкавыя прыродныя сілы. Нездарма тады нарадзіўся плян вялікага пераўтварэньня прыроды, які прадугледжваў, у прыватнасьці, паварот сібірскіх рэк, што ўпадаюць у Паўночны Ледавіты акіян, у адваротным кірунку, у бок Цэнтральнай Азіі.

Значна пазьней сябар Васіля Быкава, таксама франтавік, паэт Навум Кісьлік напіша: «Дурак во сне придумал, чтоб рекам течь вспять».

Можна дадаць — і плян асушэньня Палесься таксама.

Сёньня ў Кітаі пачалі ажыцьцяўляць плян пераўтварэньня ракі Янцзы, чымсьці падобны да павароту сібірскіх рэк. Ведаючы працавітасьць і ўпартасьць кітайцаў, можна не сумнявацца, што плян будзе зьдзейсьнены. Некалі ж удалося перастраляць там усіх вераб’ёў, абвешчаных галоўнымі ворагамі сельскай гаспадаркі (праўда, потым у палёх разьвялося столькі насякомых-шкоднікаў, што давялося вераб’ёў завозіць зь іншых краін, каб уратаваць ураджай).

Ужо даўно навукоўцы высьветлілі, што паводкі ў Банглядэш, напрыклад, якія здараюцца там ці не штогод, маюць настолькі разбуральны характар з той прычыны, што амаль усе землі там разараныя пад пасадкі рысу. І гэта вядзе да страшэннай эрозіі глебы. А калі так пойдзе далей, усю краіну зь цягам часу проста змые ў акіян. Але пасевы там па-ранейшаму пашыраюць, нягледзячы на новыя й новыя тысячы ахвяраў паводак.

От, дзе там тая Банглядэш! Але ж і кіраўнік зусім далёкай ад яе дзяржавы, што мяжуе цяпер з Эўразьвязам на Захадзе й мяцежнай Украінай на поўдні, упарта запэўнівае нас, што найлепшы паказьнік разьвіцьця сельскай гаспадаркі — гэта пашырэньне пасяўных плошчаў.

Зразумела, толькі ад вышэйшага кіраўніцтва могуць зыходзіць дырэктывы — быць дажджу або ня быць, калі пачынаць сеяць і калі — жаць. Толькі яно можа вырашаць, ці пакінуць жыцьцё таму ці іншаму чалавеку — злачынцу або былому паплечніку. (Каласы пад сярпом тваім?) Калі падначаленыя з гэтым згаджаюцца, значыць — так яно і ёсьць. Значыць, мы ўсе жывём яшчэ ў эпоху да сусьветнай біблійнай залевы.

Цунамі ды ўраганы зь лёгкасьцю разбураюць любыя, самыя магутныя будынкі й сьцены. Яны ніяк ня могуць разбурыць толькі бар’еры глупства й самаўпэўненасьці ў нашых галовах.

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0