І напярэдадні свайго дзевяностагодзьдзя я, не палуднаваўшы, ня мог сканцэнтравацца на чытаньні, чакаючы навінаў ад Розы Кабаркас. Цыкады ўзрывалі стракаценьнем сьпёку другой гадзіны дня, сонца цягнулася ад аднаго расчыненага акна да іншага, змусіўшы мяне тры разы мяняць месца для гамака. Мне заўсёды здавалася, што на мае народзіны выдаюцца самыя сьпякотныя дні году, і я навучыўся прыстасоўвацца да гэтага; але ў той дзень настрой быў не такі. А чацьвёртай я паспрабаваў супакоіць сваю істоту шасьцю сюітамі для віялянчэлі, напісанымі Ёганам Сэбасьцьянам Бахам ды пададзенымі мне Пабла Касальсам. Я лічу іх самымі мудрымі з усяе музыкі, але, замест таго, каб супакоіць, сюіты пакінулі мяне ў стане найгоршай прастрацыі. Я пачаў важыць носам табаку падчас гучаньня другой, якая мне здаецца крыху лянотнай, і ў сьне стаў блытаць ныцьцё віялянчэлі з працяглымі скаргамі сумнага карабля, які па¬плыў і не вярнуўся. І якраз у гэты момант мяне разбудзіў тэлефон, і праржавелы голас Розы Кабаркас вярнуў мяне да жыцьця.

— Табе шанцуе, як апошняму дурню, — сказала яна. — Я знайшла табе найлепшую дзяўчынку, як ты хацеў, але ёсьць адна перашкода: ей яшчэ ўсяго каля чатырнаццаці.

— Я шчэ не забыўся, як мяняць пялюшкі, — адказаў я жартам, не разумеючы намёкаў.

— Не табе іх мяняць, — адказала яна, — але хто будзе плаціць, калі мне дадуць тры гады турмы?

Ніхто ня будзе плаціць, а яна тым болей, канечне. Яна зьбірала свой ураджай між малалетак, якія працавалі ў ейнай краме. Яна іх пасьвячала і выціскала — ажно пакуль не даводзіла да жыцьця апошніх прастытутак з вартага гісторыі бардэлю «Чорная Эўфэмія». Роза ніколі не плаціла штрафаў, бо ейны двор быў аркадыяй для мясцовых кіраўнікоў, ад губэрнатара да апошняга прай¬дзісьвета з муніцыпалітэту, і было цяжка ўявіць, каб гаспадыні не хапала магчымасьцяў парушаць закон у сваё задавальненьне. Такім чынам, апошнімі ваганьнямі яна толькі старалася павысіць свой ганарар за паслугу, які, натуральна, быў тым вышэйшым, чым больш даваў за такую дзейнасьць судзьдзя. Давялося накінуць яшчэ два пэса за паслугі, і мы дамовіліся, што а дзясятай вечара я буду ў яе дома зь пяцьцю пэса наяўнымі, якія я павінен заплаціць наперад. Ні хвілінай раней, бо дзяўчынка мусіла накарміць і пакласьці спаць сваіх малодшых братоў ды сёстраў, а таксама дапамагчы легчы ў ложак паралізаванай рэўматызмам маці.

Поўны варыянт артыкулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Пераклаў з гішпанскай

Багдан Арлоў

Габрыэль Гарсія Маркес — калюмбійскі пісьменьнік, нобэлеўскі ляўрэат. Найбольш вядомыя раманы — «Сто гадоў адзіноты» і «Восень патрыярха». Сваёй творчасьцю сфармаваў стыль, названы «магічным рэалізмам». На беларускую мову творы Маркеса перакладаў Карлас Шэрман. Новы раман пісьменьніка ў першы ж дзень пабіў рэкорды кніжных продажаў у гішпанамоўным сьвеце. Ня дзіва — гэта першы за апошнія дзесяць гадоў вялікі твор культавага раманіста. Шалёныя спрэчкі ў друку выклікала й ужываньне ў загалоўку не зусім цэнзурнага слова putas. Прадаваць бэстсэлер пачалі ў сярэдзіне кастрычніка, за тыдзень да афіцыйнай прэзэнтацыі. Гэткі сьпех быў выкліканы зьяўленьнем на рынку пірацкага выданьня кніжкі, коштам усяго 5 эўра. Аўтар, у сваю чаргу, перад самым выхадам раману крыху зьмяніў апошні разьдзел, чым зьменшыў каштоўнасьць «пірацкіх вэрсіяў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0