У гэтай гісторыі фігуруюць ператрусы, спэцслужбы, кампутары, вядомы палітык ды нават чорны пісталет рэдкай мадэлі з сэрыйным нумарам, вытраўленым хімікатамі. Але крымінальнага дэтэктыву тут не напішаш — хутчэй, раман абсурду. Бо няма галоўнага элемэнту для крымінальнага сюжэту — злачынцы. Прынамсі, таго чалавека, якога ў кайданках завялі ў залю суду, крымінальнікам назваць язык не павернецца.

Заля суду Менскага раёну і гораду Заслаўя, што месьціцца ў двухпавярховым будынку на Лагойскім тракце, — вельмі маленькая. Яна ледзь здолела зьмясьціць больш за 30 прысутных, якія прыйшлі на пасяджэньне суду 29 сьнежня. Уздоўж правай сьцяны — шэрагі нязручных лаваў, падобных да школьных партаў, запоўненыя роднымі ды журналістамі, наперадзе — сталы, за якімі твар у твар сядзяць адвакаты ды пракурор, яшчэ далей на ўзвышэньні — стол з трыма пакуль што пустымі крэсламі для судзьдзі ды народных засядальнікаў. Леваруч — доўгая вузкая клетка.

Міхаіл Марыніч уваходзіць у залю. Ён усьміхаецца. Бліскаюць фотаўспышкі.

«Хто дазволіў здымку?» — кідае судзьдзя Людміла Даўжэнка. Фотакарэспандэнты пакідаюць залю і пачынаюцца судовыя спрэчкі.

«Паважаны ў мінулым…»

Першым бярэ слова пракурор Аляксандар Нікулін. «На лаве падсудных — адзін з паважаных у мінулым дзеячаў…»

Словы «ў мінулым» адразу электрызуюць залю, і яна з гатоўнасьцю разраджаецца рогатам, калі абвінаваўца кажа пра тое, што дзяржава ня мела падстаў падкідаць Марынічу пісталет, бо «ён вельмі дарагі». Судзьдзя раздражнёна грукае па стале, патрабуючы цішыні.

Пракурор працягвае скорагаворкай зачытваць з паперкі абвінавачаньні: у Марыніча канфіскаваны пісталет, які ён захоўваў незаконна, што да кампутараў — Марыніч незаконна завалодаў «аргтэхнікай», скарыстаўшы службовае становішча не ў інтарэсах арганізацыі. У гэты час па залі з рук у рукі перадаюць прэс-рэліз Дзярждэпу ЗША, у якім гаворыцца пра тое, што Злучаныя Штаты ня маюць прэтэнзій адносна маёмасьці, знойдзенай у Марыніча.

Пра канфіскаваныя 90 тысяч даляраў, сярод якіх нібыта былі фальшывыя, размова не вялася: у зьвязку з гэтым эпізодам ён праходзіць толькі як сьведка.

Пракурор таксама папрасіў суд улічыць паводзіны абвінавачанага ў судзе: ён не прызнаў сябе вінаватым і не раскаяўся.

Падвойная абарона

Першай прамаўляла адвакатка Валянціна Шыханцова. Спачатку яна спынілася на «пісталетнай вэрсіі»: так, зброя была знойдзена на лецішчы Марыніча, але невядома, дзе і калі абвінавачаны набыў пісталет і калі паклаў у схоў. Адбіткаў ягоных пальцаў няма ні на пісталеце, ні на пакеце, у якім ён ляжаў. Значыць, нельга выключаць, што пісталет падклалі. Экспэртыза давяла, што яшчэ да ператрусу лецішча было кімсьці ўзламанае — пашкоджаныя замкі, разьбітая шыба ды знойдзеныя невядомыя адбіткі пальцаў.

Што да кампутараў, дык пацярпелага няма: ніхто да Марыніча прэтэнзій ня выставіў — ні ЗША, уладальнік кампутараў, ні «Дзелавая ініцыятыва», якая тымі кампутарамі карысталася.

Паводле слоў Шыханцовай, справу трэба было б разглядаць у рамках не крымінальнага, а грамадзянскага права, але і ў гэтым выпадку парушэньняў знайсьці нельга — складу злачынства няма.

Калі Шыханцова выклала фактычны бок справы, карыстаючыся сухімі юрыдычнымі аргумэнтамі, дык Вера Страмкоўская выступіла больш эмацыйна. Страмкоўская зьвярнула ўвагу на тое, што ў «клетцы» знаходзіцца шанаваны ўсімі чалавек (для суду гэта важна, бо ён мусіць улічваць асабістыя якасьці падсуднага пры вынясеньні прысуду). Яна таксама расказала пра дрэнны стан здароўя Марыніча і прыгадала Галіну Жураўкову, якая ходзіць у суд «сваімі нагамі» (былога прэзыдэнцкага «заўгаса» выпусьцілі з ізалятару пад падпіску аб нявыезьдзе, хоць яе і абвінавачваюць у тым, што яна скрала больш за мільён даляраў). Страмкоўская паведаміла, што паводле зьвестак Інтэрполу мадэль пісталета вельмі рэдкая і ні ў памежных краінах, ні ў Беларусі ня значыцца як зброя, якую выкарыстоўвалі ў злачынных мэтах. Адкуль ён узяўся на лецішчы Марыніча?

Абедзьве адвакаткі папрасілі суд прызнаць невінаватасьць кліента.

«Віншую высокі суд»

30 сьнежня ля будынку суду сабралося 50 «зуброў». Побач — прыпаркаваныя аўтамабілі з дыпляматычнымі нумарамі. У залі суду Міхаіл Марыніч прамаўляе апошняе слова. «Менавіта з прычыны маёй грамадзянскай пазыцыі арганізавана кампанія дыскрэдытацыі мяне перад грамадзкасьцю, каб не дапусьціць мяне да ўдзелу ў будучых прэзыдэнцкіх выбарах». Абвінавачаньні ў захоўваньні незаконнай зброі і ў крадзяжы маёмасьці арганізацыі «Дзелавая ініцыятыва» Міхаіл Марыніч назваў «цынічнымі і сфабрыкаванымі ў КДБ на замову ўлады». Сваю прамову ён скончыў такімі словамі: «Я глыбока перакананы, што беззаконьне супраць мяне, гвалт і цынізм раней ці пазьней вернуцца да заказчыка і выканаўцаў. Я веру і ведаю: чакаць засталося нядоўга, перамены ў дарозе. Высокі суд, хай Госпад Бог пашле вам сілы і мужнасьці. Я прашу аднаго: быць аб’ектыўнымі, прыняць справядлівае рашэньне. Ня ведаю, ці можна мне з гэтай клеткі, але як нармальны чалавек я віншую высокі суд і ўсіх прысутных з Калядамі й Новым годам».

Прысуд са спазьненьнем

У перапынку паміж заключным словам ды абвяшчэньнем прысуду, прызначаным на 16.30, «зубры» грэюцца, ходзячы колам перад ганкам суду з закладзенымі за галаву рукамі. Калідор перад заляй судовых пасяджэньняў поўны амапаўцаў у цывільным. Яны травяць анэкдоты.

А палове на пятую родных ды журналістаў запускаюць у залю. Тым, хто прыходзіць трохі пазьней, даводзіцца прадзірацца з боем — асабліва настырных журналістаў пагражаюць адвезьці ў РУУС. Прыяжджаюць дыпляматы, канфлікт сьціхае. Для пасла Нямеччыны Марціна Хекера ахова ставіць асобны зэдлік — месцаў на лавах больш няма.

Шыбы запацелі — іх даводзіцца расчыніць, бо няма чым дыхаць. У залі адсутнічаюць падсудны, судзьдзя ды пракурор. Нарэшце, праз паўтары гадзіны, усе ў зборы. Заля ўстае.

«Прысуд чытаць цалкам?» — пытаецца судзьдзя. «Так», — адказваюць адвакаты.

Судзьдзя зачытвае прысуд з усімі акалічнасьцямі справы, на падставе якіх было вынесенае рашэньне. «Чуеце? Пакінулі толькі тое, што было выгадна», — ідзе шэпт. Падчас зачытваньня часткі пра крадзеж голас судзьдзі гучыць надзіва дрыготка і слаба, а вось на частцы пра пісталет мацнее. Зь яе слоў робіцца зразумела — Марыніча прызнаюць вінаватым у крадзяжы аргтэхнікі, а «вэрсія зь пісталетам» не прайшла — даказаць, што Марыніч сапраўды меў нейкае дачыненьне да пісталета, абвінавачаньне ня здолела.

Нарэшце, прысуд: віну Марыніча ў незаконным захоўваньні агнястрэльнай зброі прызналі недаказанай. Але яго прызналі вінаватым у завалоданьні аргтэхнікай, якая была бязвыплатна перададзена ў часовае карыстаньне ўзначальванай ім арганізацыі «Беларуская асацыяцыя «Дзелавая ініцыятыва» — частка 4-я артыкулу 210 Крымінальнага кодэксу (крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, учынены групай, ці ў асабліва буйным памеры). У залі на сэкунду гасьне сьвятло. Марыніча прыгаворваюць да пяці год пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Кампутары ды аргтэхніку перадаюць яе ўладальніку — амбасадзе ЗША.

Суд пастанавіў спагнаць з Марыніча ў даход дзяржавы судовыя выдаткі ў памеры 8 405 руб.

Абструкцыя ў судзе

«Прысуд зразумелы?» — пытаецца судзьдзя ў Марыніча, які моўчкі стаіць у клетцы, нібыта ня можа паверыць у тое, што адбываецца. «Тэрмін абскарджаньня зразумелы? Вам дазваляецца права азнаёміцца з пратаколам судовага пасяджэньня і агучыць заўвагі да яго. Гэта зразумела?» — глядзіць судзьдзя на Марыніча. І тут ён выбухае: «Гэта беспрадзел!» Судзьдзя і засядацелі пасьпешна сыходзяць пад крыкі «Ганьба!» ды сьвіст. «Вы ўсе будзеце ў чорным сьпісе невыязных!» — крычыць нехта. «Няхай жыве свабода! Свабода радзіме! Ад фашыстаў! Ад паразытаў!» — голасна заклікае Марыніч. «Трымайся!» — сьціскае кулак у паветры ягоны сын Павал.

Амапаўцы заглядаюць у залю празь дзьверы, але нічога ня робяць — класьці на падлогу журналістаў на вачах у паслоў не нармальна.

«Я веру, што моладзь Беларусі ацэніць усё гэта правільна! Украіна — прыклад! Гэтаму бепрадзелу паставіць ацэнку час. Трымайцеся! Не давайце ганьбіць нашу Бацькаўшчыну!» — не спыняецца Марыніч.

«Як вы ацэньваеце тое, што вас апраўдалі па адным з пунктаў?» — пасьпявае спытацца адзін з журналістаў. «Усё сфальшавана, але трэба ж было костку кінуць. Яны думаюць, што мы так будзем на касьцях і жыць. Не, ня будзем! Мы будзем змагацца за свабоду», — адказвае Марыніч.

Міліцыянт, немалады ўжо чалавек, са зьніякавелым выразам твару акуратна замыкае кайданкі на ягоных запясьцях.

Чалавек і машына

У сваёй прамове Вера Страмкоўская назвала Марыніча «сапраўды вялікім чалавекам». Калі пакінуць у баку патаснае слова «вялікі», гэтая фраза не губляе сэнсу. Марыніч — чалавек. Нармальны, спакойны, людзкі — а гэта рэдкасьць для таго, хто ўсё жыцьцё працаваў у дзяржаўнай машыне. Былыя падначаленыя расказваюць, што Марыніч не любіў сварыцца — калі ён быў незадаволены, дык шматзначна маўчаў, і гэта дзейнічала лепш за гістэрыку. Тое, што яго й цяпер многія прыгадваюць добрым словам, не сакрэт. Марыніч ня паліць, ніколі не ўжывае мацюкоў, у яго спакойныя разумныя вочы.

Працэс стаўся апошнім папярэджаньнем ад рэжыму да намэнклятуры: не спрабуй рабіцца альтэрнатывай. Чакаць пасьля гэтага новых вылучэнцаў з уладнай сыстэмы на апазыцыйнае лідэрства наўрад ці варта.

* * *

Хто такі Марыніч

Міхаіл Марыніч нарадзіўся 13 студзеня 1940 г. у вёсцы Старыя Галоўчыцы (Петрыкаўскі раён Гомельшчыны). Скончыў Політэхнічны інстытут, завочна — Інстытут замежных моваў. У 1970-я гады працаваў у будаўніцтве, з 1980-х — у сталічнай выканаўчай уладзе. Быў куратарам будаўніцтва мэтрапалітэну ды сыстэмы цеплазабесьпячэньня, старшынём Менгарвыканкаму. У 1990—1995 — дэпутат Вярхоўнага Савету.

Папрацаваў паслом у Чэхіі, затым вярнуўся ў Беларусь ды ўзначаліў Міністэрства замежнаэканамічных сувязяў. У 1999 г. Марыніча прызначылі паслом Беларусі ў Латвіі, Эстоніі ды Фінляндыі. У 2001 г. Марыніч нечакана падаў у адстаўку з пасольскай пасады і вырашыў балятавацца ў прэзыдэнты. Але ўзяць удзел у выбарах ня здолеў — сабраў менш за 100 000 подпісаў.

26 красавіка 2004 г. «Форд» Марыніча спыняе супрацоўнік ДАІ нібыта за перавышэньне хуткасьці. Марыніч адмаўляецца прад’явіць яму свае асабістыя рэчы для надгляду. Зьяўляюцца іншыя супрацоўнікі «органаў», знаходзяць у палітыка 90 тыс. даляраў і едуць да яго на лецішча, дзе ў адной з шафаў пад ручнікамі знаходзяць пісталет у плястыкавым мяшку. Пазьней, ужо ў часе сьледзтва, у гаражы сына Марыніча знаходзяць кампутарную тэхніку, што дае падставу вылучыць новае абвінавачаньне — у яе крадзяжы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0