Сёньня ў кароткай прамове на вайсковым парадзе на Дні незалежнасьці А.Лукашэнка сканцэнтраваўся на пытаньнях бясьпекі краіны і пагрозах.

Ён адзначыў: «Мы высока цэнім унёсак кожнай краіны кааліцыі ў перамозе над фашызмам. Здавалася, што гэты ўрок прымусіць усіх палітыкаў помніць пра вынікі вайны, аднак такога не адбываецца».

Лукашэнка ўспомніў пра пашырэньне інфаструктуры NATO на Ўсход, а таксама пра ўсталяваньне амэрыканскіх сыстэмаў супрацьракетнай абароны ў суседніх зь Беларусьсю дзяржавамі. Гэта ўсё, на думку кіраўніка дзяржавы, адбываецца «пры маўчаньні эўрапейскіх дэмакратычных краін».

«Аднабаковае разбраеньне немагчымае», – кажа Лукашэнка. Пасьля дадае пра тое, што нягледзячы на эканамічныя цяжкасьці ў адносінах з Расеяй, ранейшым застаецца курс на саюзнае будаўніцтва і беларускі бок будзе працягваць бараніць межы саюзнай дзяржавы.

Пасьля Лукашэнка спыніўся на пагрозах для беларускай незалежнасьці. Сярод найбольш значных пагрозаў «інфармацыйная экспансія, палітычны шантаж, санкцыі, эканамічныя рычагі ўплыву, усе гэтыя мэтады ўжываюцца супраць краінаў, якія праводзяць незалежную палітыку».

Сваю прамову Лукашэнка скончыў словамі: «Няхай заўсёды будзе мірнае неба».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?