Расея на парозе ХХІ ст. пакутліва, марудна, але разьвіталася са сваёй камуністычнай ракаўкай, у якой праседзела восем дзясяткаў гадоў. Напэўна, незваротна. Цяпер словы «Расея» і «бальшавізм» ужо ня тоесныя. На зьмену, гэтаксама пакутліва й марудна, прыходзіць нешта іншае, акрэсьліць якое я не бяруся. Але відавочна, Ленін — ужо не нацыянальны расейскі герой.
І ягоны маўзалей сёньня — адно турыстычная забаўка. Недарэмна адпалі дыскусіі адносна яго лёсу. Мяркуючы па расейскіх мэдыях сёньня, Ленін — грэшны харызматык, які заклаў падваліны найноўшае Расеі, замардаваў мільёны людзей і скараціў яе тэрыторыю. Такім чынам, бачаньне ягонае ролі ў расейскай гісторыі пакрысе набывае цалкам іншае трактаваньне, чым тое, што існавала за саветамі.
А хто ж такі Ленін зь беларускага гледзішча? Пытаньне зусім няпростае для нас, тых, хто па-ранейшаму жыве ў полі культуры, наскрозь прасякнутай духам саветызму і некрытычнага стаўленьня да камуністычнае спадчыны. Мы жывём у тым самым сьведамасным асяродку, што быў тут і да «перастройкі».
Ленін, насуперак домыслам ахвочых гісторыкаў, у Беларусі ніколі ня быў (у адрозьненьне ад цара Мікалая ІІ, напрыклад). Адпаведна, ягонае стаўленьне да нас фармавалася пераважна зь літаратуры й пэрыёдыкаў. Напрыклад, зь нямецкіх газэт, якія ён чытаў у кавярнях на эміграцыі. Прыпушчаю, што гэтае стаўленьне Леніна было скажоным. Акурат на гады ягонае эміграцыі й бурапеннае закалотнае дзейнасьці прыпадае нечуваны ўзьлёт Беларушчыны. Па-нашаму выдавалася ўжо колькі пэрыёдыкаў, пашыралася кніж¬ніц¬тва, паўстаў драматычны тэатар. Беларусы гуртаваліся па ўласных арганізацыях і партыях. Маштаб гэтага руху звонку выглядаў куды большым, чым тут зь сярэдзіны. Адпаведна, прыступіўшы да развалу імпэрыі, Ленін вырашыў: «Лепей перасаліць, чым недасаліць», — і на карысьць Беларусі.
Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"
Гары Куманецкі