Каменьчыкі на быстраку — зіхатлівыя, розных адценьняў, ажно пырскаюць фарбамі. А выцягнеш з вады — і тут жа страцяць вабнасьць: куды дзенуцца і стракатасьць тая, і бляск. Як з чалавекам іншым: пагутарыш хвіліну-другую — і дастаткова, каб расчаравацца.

* * *

У дзеда з бабаю завядзёнка была: па абедзе — сон паўтары-дзьве гадзіны. І якая б пільная ні чакала праца, а і яна тае заўсёднае сыесты парушыць не магла. З часоў аднаасобніцтва, калі селянін адно сабе належаў, адмысловая звычка.

* * *

Праца, як і шмат іншае, накшталт наркотыку можа стаць для чалавека.

У маленечкай вёсачцы на Браслаўшчыне на галасы нашы кабета з хаты выходзіць. Сунецца памалу: ногі пакрывелі, ня хочуць слухаць гаспадыні.

— Як жывяце, бабуля? Ня сумна адной? — пытаемся.

— Ай, скажаце! Карову трымаю, авечак, сьвіней — не дадуць засумаваць.

Застыдалася раптам, калена з прыкарэлым гноем даланёю прыкрыла.

Восемдзесят тры старой.

* * *

Цыганка сярэдніх гадоў унаначкі напрасілася. Прыгожая, апранутая густоўна. Як ні ўгаворвалі легчы на канапе — не згадзілася, уладкавалася на падлозе. І акурат мацерыны туфлі новыя, напярэдадні купленыя, у галавах у неспадзяванай начной госьці апыну¬лі¬ся. Маці ўстала ціхенька, прыбрала іх быццам незнарок.

— У мяне гэткага дабра, можа, дваццаць пар, — маладзіца засьмяялася. І дадала: — Бачыце, а на канапе яшчэ спаць прапаноўвалі.

— От трэба ж — так я нядобра зрабіла, — маці сябе назаўтра дакарала.— Ай, нядобра!

* * *

Да чалавека знаёмага ў людным месцы памкнуўся, каб загаварыць, глянуў зблізку — ня ён зусім. Голаў павярнуў — дзіва: ён, знаёмы, шыбуе па ходніку на процілеглым баку вуліцы. І назаўтра, упобачкі з тым самым месцам, другое такое, толькі зь іншым чалавекам, здарэньне.

* * *

Сталага веку кабета на плякат «Харе Кришна — пища жизни», што на фасадзе будынку месьціцца, паказвае нездаволена:

— Чёрт-те что, по-украински уже пишут!

Другая на пытаньне, што за група скульптурная на плошчы Перамогі ў цэнтры Віцебску, «Тут Победа была» — адказвае.

«Сталіца» вобласьці. ХХІ стагодзь¬дзе.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Франц Сіўко нарадзіўся ў 1953 г. у вёсцы Вята на Мёршчыне. Піша прозу, публіцыстыку. Аўтар кніг «З чым прыйдзеш» (1991), «Апошняе падарожжа ў краіну ліваў» (1997), «Удог» (2001), «Ягня ахвярнае» (1993), кніжкі для дзяцей малодшага школьнага ўзросту «Бялячык» (2003). Жыве і працуе ў Віцебску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0