«Дзеці, хто з вас бачыў Леніна — на фатаграфіі, на партрэце, у кіно?» — пытаецца настаўніца ў школьнікаў.

Вовачка цягне руку:

— Я бачыў, учора ў лесе!

— ???!!!.. Ну і як жа ён выглядаў?

— Ну, такі прыгожы, мажны, зь вялізнымі рагамі на галаве…

— Вовачка! Дык можа, гэта быў лось?!

Вовачка (крыху падумаўшы):

— Мабыць, так».

Гэта толькі адзін зь безьлічы анэкдотаў «пра Вовачку». І, бадай, адзіны з анэкдотаў, дзе гэты пэрсанаж савецкага фальклёру, так бы мовіць, сутыкаецца са сваім пратэжэ. Так, менавіта пратэжэ, бо гадоў сорак таму, калі гэтыя анэкдоты ўпершыню пачалі зьяўляцца, пад Вовачкам (ня «новым расейцам» Ваванам — просьба ня блытаць) быў зашыфраваны правадыр рэвалюцыі. Да сапраўднага Леніна Вовачка меў столькі ж дачыненьня, колькі герой сэрыі анэкдотаў «пра Васіля Іванавіча» мае дачыненьня да рэальнага камдыва, які стаў героем міталягічнага фільму «Чапаеў».

У гарадзкога фальклёру свае законы. Сьветлавалосы анёлак Валодзя Ўльянаў, партрэт якога красаваўся на акцябрацкай зорачцы, у анэкдотах ператварыўся ў брутальнага хулігана, які лаецца матам і можа пры выпадку «трахнуць» настаўніцу. Гэты спантанна народжаны вобраз, дарэчы, куды больш адпавядаў сапраўднаму псыхалягічнаму партрэту Леніна, хоць ягоныя славутыя «расстрэльныя» нататкі ў той час яшчэ надзейна захоўваліся ў «спэцсхове».

У 1970-м, калі адзначаўся стогадовы юбілей Леніна, прапаганда «самага чалавечнага чалавека», відаць, настолькі ўжо ўсіх дастала, што эўфэмізмы былі адкінуты і правадыр пачаў зьяўляцца ў анэкдотах пад сваім імем. Тады нарадзіліся фальклёрныя парфума «Пах Леніна», трохспальны ложак «Ленін заўсёды з намі», «ордэн Леніна імя ордэна Леніна» і г.д. А ў гістарычных анэкдотах Ільліч набыў зусім ужо рэальныя абрысы. Напрыклад, у адным зь іх Ленін ласкава гаварыў «хадакам»: «Э-э, баценька, гэта не да мяне — вам да Фэлікса Эдмундавіча трэба».

З таго часу анэкдоты пра Вовачку, якія спачатку мелі характар нейкай фронды, даўно адарваліся ад пачатковага сэнсу, і цяпер наўрад ці хоць адзін чалавек зьвязвае іх зь Леніным. Больш за тое, анэкдоты пра яго выйшлі з моды. Яны ня больш папулярныя ў сучаснай Беларусі, чым, скажам, гістарычныя анэкдоты пра Напалеона альбо Аляксандра Македонскага. Ленін як пэрсанаж адсунуўся кудысьці ўглыб нашае сьвядомасьці, у галіну дзіцячага фальклёру. Адзін журналіст расказваў, як ягоны пяцігадовы сын поўзаў па калідоры на «карачках» і пагрозліва рычэў, палохаючы ўяўнага ворага: «Я Ле-е-енін! Г-р-р-р!» (Мабыць, хлопчык уяўляў сябе ў той момант кімсьці накшталт цмока.)

З другога боку, пэўны час здавалася, што і пераемнік Леніна Сталін адсунуўся кудысьці ўглыб гісторыі ды ўспрымаецца новым пакаленьнем кімсьці кшталту фараона Рамзэса III. Абарона Курапатаў, аднак, дзе спачываюць парэшткі тысяч ахвяр сталінскага рэжыму — дзядоў сёньняшніх маладых людзей, паказала, што сталінская эпоха ад нас яшчэ зусім блізкая. Не настолькі блізкая, каб анэкдоты пра Сталіна, як і пра Леніна, былі надта папулярныя, але настолькі блізкая, каб памяць аб ёй трэба было бараніць. (Жаданьне французаў зрабіць мэмарыял памяці напалеонаўскіх жаўнераў на Бярэзіне, напрыклад, не выклікае асаблівых пярэчаньняў беларускіх уладаў, бо гэта, на іх думку, ня тычыцца сучаснай гісторыі ды ідэалёгіі, а вось Курапаты і барацьба за іх вельмі шмат значаць для грамадзкай сьвядомасьці, і таму рэжым імкнецца ўсяляк прынізіць значэньне народнага мэмарыялу.)

Тое, што плошча Незалежнасьці ў Менску дагэтуль мае другую назву, якая ўпрыгожвае станцыю мэтро «Плошча Леніна», як і тое, што на самой плошчы стаіць помнік правадыру і што падобныя помнікі стаяць у сотнях іншых мясьцінах Беларусі, не азначае, быццам сучаснае беларускае кіраўніцтва захоўвае вернасьць ідэям правадыра пралетарскай рэвалюцыі. У гэта ня вераць, мабыць, і стваральнікі падручнікаў па гэтак званай «дзяржаўнай ідэалёгіі». У каго павернецца язык назваць існуючы сёньня ў Беларусі грамадзкі лад «дыктатурай пралетарыяту», а яе прэзыдэнта, скажам, — марксістам?

Увогуле, так званую ідэйна-філязофскую спадчыну Леніна можна выкарыстаць дзеля абгрунтаваньня ці апраўданьня чаго хочаш. Многія беларускія адраджэнцы новай хвалі могуць прыгадаць, як яны карысталіся цытатамі зь Леніна наконт «расейскага шавінізму» і «нацыяналізму прыгнечаных нацый» дзеля адстойваньня ідэй беларушчыны ў сваіх кнігах і дысэртацыях. З другога боку, прафэсійныя барацьбіты з рэвізіянізмам яшчэ больш ахвотна карысталіся ленінскімі працамі, дзе выкрываўся «буржуазны нацыяналізм» і апартунізм усялякага роду.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0