Памёр Ленін… Памёр «вялікі экспэрымэнтатар», памёр чалавек, які адважыўся павясьці народныя масы бязьмежнае Расеі найпрасьцейшай і найкарацейшай дарогай да сацыяльнае рэвалюцыі.

Так многа ўсюдых гаворыцца аб сацыяльнай рэвалюцыі! Сацыялісты гавораць аб ёй як аб далёкім, але няўхільным дні «вялікае расплаты», калі работнікі ўсяго сьвету возьмуць у свае рукі вытвар іх жа ўласнае працы — усю прамысловасьць, абапертую сяньня на капіталістычным ладзе і дзеля гэтага засуджаную на катастрофу. Буржуазія гаворыць аб сацыяльнай рэвалюцыі зь нянавісьцяй і страхам, але й яна ня можа запярэчыць няўхільнасьці замены капіталізму грамадз¬кай гаспадаркай, толькі не прадстаўляе сабе магчымым выбух яе ў хуткім часе. Бо і адны і другія прывыклі ўсе перамены ў грамадзкім жыцьці разглядаць эвалюцыйна і перакананы, што народы сьвету чакае яшчэ вельмі доўгі пэрыяд насьпяваньня сацыяльнае рэвалюцыі, якая павінна выбухнуць тады, калі расьцьвіўшы і перацьвіўшы капіталізм згубіць апраўданьне свайго існаваньня, як неадпавядаючы вымогам вытворчасьці.

Але мы ня ведаем ні ў якой галіне грамадзкага жыцьця такое «ідэальнае эвалюцыі». Дасьпеўшыя плады, праўда, спадаюць з дрэва і бязь ветру; але наляцеўшая навальніца страсае часта і недасьпеўшыя, і зусім сырыя…

Такая навальніца праляцела на нашых вачох над усенькім сьветам, устросшы яго да самых фундамэнтаў. У сувязі з сусьветнай вайной пачало валіцца тое, што пры нармальных варунках яшчэ доўгія гады павінна б было «дасьпяваць».

У першы чарод пачалі валіцца манархіі: манархічная ўлада, абапертая на волі адзінкі — «памазаньніка божага», — ужо даўно перажыла тыя часы, калі дзеля тых ці іншых прычын існаваньне яе аб’ектыўна было апраўдана. Як дасьпеўшы і нават перасьпеўшы плод, яна і па¬він¬на была першая стацца ахвярай сусьветнае завірухі. І там, дзе ўлада манарха, як у Расеі, на пагляд, была найпаўнейшая, дзе яна найбольш рэзка разыходзілася з вымогамі новага жыцьця, што зарадзілася і бурліла ўжо ў гушчы народнай, — там развал манархіі адбыўся ў найбольш рэзкай, найбольш катастрафічнай форме.

А адначасна з развалам царызму ў Расеі, Нямеччыне, Аўстрыі — пачынаецца развал і саміх гэтых дзяржаваў. Наперадзе ўсіх і тут ідзе Расея, стаўшаяся астрогам народаў, паняволеных сілай аружжа. І адзін за адным вызваленыя народы выходзяць з гэнага астрогу — дзеля самастойнага, ні ад кога не залежнага дзяржаўнага жыцьця.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Друкуецца паводле: «Змаганьне», 1924, 27 студзеня, дзе апублікаваны ўпершыню бяз подпісу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0