1 студзеня Беларусь ды Расея перайшлі на спагнаньне ўскосных падаткаў паводле прынцыпу краіны прызначэньня. На практыцы гэта выглядае прыкладна так. Фірма Х зь Беларусі жадае прадаць свой тавар у Расею. Паводле новых правілаў, падатак на дабаўленую вартасьць (18%) будзе плаціць ня фірма Х, а расейская кампанія Y, якая імпартуе тавар; пры гэтым грошы пойдуць не ў беларускі, а ў расейскі бюджэт. Адпаведна, калі экспарт ідзе з Расеі ў Беларусь, усё робіцца наадварот.

У выніку рэалізацыі гэтай схемы беларускі ўрад плянуе штогод атрымліваць каля 200 млн даляраў дзякуючы адмоўнаму сальда ў гандлі з Расеяй. Але новы прынцып падаткаабкладаньня адразу прынёс непрыемны сюрпрыз. Канцэрн «Газпром», які пастаўляе ў Беларусь прыродны газ, пагадзіўся пастаўляць блакітнае паліва па старой цане — 46,68 долара за 1 тыс. кубамэтраў. Раней у яе ўжо ўключаўся «газавы» ПДВ, аднак цяпер праз тое, што падатак будзе спаганяць не Расея, а Беларусь — з прадпрыемства «Белтрансгаз», якое знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасьці, — цана на газ для беларускіх спажыўцоў значна ўзрасьце. Прамаўляючы 21 студзеня да Рады бясьпекі, Лукашэнка загадаў адшукаць канкурэнта «Газпраму» ды выцягнуць з архіву пляны пабудовы айчыннай атамнай электрастанцыі. Паліва для якой, зазначым у дужках, прыйдзецца купляць у таго самага «Расэнэргаатаму».

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0