Вось дык скарацiў дарогу — пайшоў напрасткі, праз парк, не захацеў аўтобуса пачакаць. Вось дык скарацiў дарогу… Праўда, дваццаць чацьвёрты даваў кругаля, так што быццам i правiльна зрабiў, ды лепей было б яго пачакаць… I наўцёкі пусьціўся рана! Да выхаду з парку яшчэ сотня — ня меней! — мэтраў, i мужчына з прылiзанымi, бы мокрымi, валасамi, які прыстаў да яго, можа дагнаць. I што дзядзьку трэба? Зьявiўся, быццам фокусьнiк. Не было нiкога на дарожцы — i на табе, ёсьць. Нiбы з-пад зямлi вырас. Заўсьмiхаўся, адразу пахвалiў:

— Якi харошы хлопчык, якi харошы хлопчык! Мо яшчэ i выдатнiк? Угадаў? Паважаю выдатнiкаў. Асаблiва паглядных.

«Чаму толькi выдатнiкаў? — устрывожыўся Санька. — I чаму паглядных асаблiва?»

Прылiзаны мужчына, апрануты ў нятанны карычневы касьцюм, сьветла-бэжавую сарочку з шырокiм модным гальштукам, выглядаў прыстойна i сьвяточна, але нешта Саньку ў iм насьцярожвала. Што? Пах! Мужчына нiбы ўвесь, з галавы да ног, быў абліты адэкалёнам. I яшчэ — позiрк: вочы неспакойна бегаюць, нiбы ловяць каго цi шукаюць.

— Хлопчык! — па-бацькоўску паклаў руку на Санькава плячо незнаёмец. Азiрнуўшыся па баках i пераканаўшыся, што яны на дарожцы адны, дадаў: — Як ведаў, што цябе сустрэну. Глядзi, што ў мяне ёсьць! Шакалядка! З арэхамi, порыстая, нянаша. Акурат табе. Бяры-бяры, не саромейся. Каштаваў такую? Смачная — язык праглынеш! — рука незнаёмца, сьлiзгануўшы па Санькавым плечуку, апынулася на шыi. — Бяры, пакаштуй…

I вось тады, спалоханы прадчуваньнем нечага страшнага, Санька, не прамовiўшы ні слова, кiнуўся наўцёкi. I правiльна зрабiў. Гэта быў адзiны шанец вырвацца з рук гвалтаўнiка i забойцы хлопчыкаў. Яго ўжо даўно шукалi ў горадзе. Санькава мама чытала ў газэце, што злачынец па спэцыяльнасьцi, хутчэй за ўсё, пэдагог (так меркавалi ў мiлiцыi) i валодае здольнасьцямі гiпнатызаваць дзiця, ласкавымі словамi ўсыпіць яго пільнасьць. I калi хлопчык даверлiва iшоў на кантакт зь незнаёмым, але добрым дзядзькам, злачынец наносiў удар — нечаканы, рэзкi i, як правiла, ззаду. Аднёсшы ахвяру ў кусты, учыняў свой гнюсны зьдзек-гвалт. Аднаго ў мiлiцыi не маглi зразумець: навошта злачынец забiраў у сваiх маленькіх ахвяр трусiкi? Гэта ж рэчавы доказ супраць яго самога! Адказ быў неверагодна просты: памятка аб чарговай ахвяры! Кожны свой выхад маньяк старанна прадумваў, рабiў аналiз паводзiнаў ранейшых ахвяр. I яшчэ нi разу не пакiнуў сьлядоў.

Ня думаў ён пакiнуць iх i цяпер, як і Саньку жыцьцё.

Да агароджы, што акружала парк культуры i адпачынку iмя Чалюскiнцаў, заставалася ўсяго чуць-чуць, калi ўчэпiстая рука незнаёмца дацягнулася да хлопчыка i схапiла яго за каўнер. Санька рвануўся з апошнiх сiл i адчуў, што вырваўся, а той, хто даганяў яго, грымнуўся, па ўсім відаць, на зямлю, закашляўся — няйнакш, ад пылу — і брудна мацюкнуўся.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0