У часопісе «Managing Offshore» (managingoffshore.com) надрукаваны рэйтынг найбуйнейшых экспартна арыентаваных кампаній сьвету, якія займаюцца інфармацыйнымі тэхналёгіямі. У яго трапілі дзьве беларускія кампутарныя фірмы — «EPAM Systems» (epam.by) і «International Business Alliance» (iba.by).У дзясятцы найлепшых распрацоўшчыкаў спэцыялізаванага праграмнага забесьпячэньня гэтыя кампаніі занялі адпаведна трэцяе і сёмае месцы, а ў пяцёрцы найлепшых кампаній Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы — першае і другое месца. Для вызначэньня рэйтынгу ацэньваліся кліентура кампаній, якасьць паслуг, кадравая палітыка.

Цікава, што «EPAM Systems» пазначана ў рэйтынгу як амэрыканская кампанія. Аднак пераважная колькасьць з больш як тысячы спэцыялістаў фірмы працуюць у офісах «EPAM» на вуліцы Харужай у Менску, а таксама ў Горадні і Гомелі.

Прэзыдэнт кампаніі — колішні выпускнік БНТУ Аркадзь Добкін, які неўзабаве па распадзе СССР выехаў у ЗША, дзе і заснаваў «EPAM Systems».

Летась яна была адзінай кампаніяй з Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, якая ўвайшла ў топ-500 софтвэрных кампаній (355 месца) часопісу «Software Magazine». Асноўным паказьнікам пры вызначэньні гэтага рэйтынгу зьяўляецца гадавы даход кампаній.

Сярод кліентаў «EPAMу» — сусьветныя лідэры рынку ў сваіх галінах «SAP», «Microsoft», «Compaq», «Reuters», гігант тэлекамунікацыяў «British Telecom»; «Procter & Gamble»; Лёнданская фондавая біржа і расейскі Цэнтрабанк; РАТ «ЕЭС Расеі» ды «Росэнэргаатам». Партнэры «EPAMу» па навуковых і прыкладных дасьледаваньнях — БДУ, БНТУ, Акадэмія навук Беларусі і нямецкі Мангаймскі ўнівэрсытэт.

«IBA» — ляўрэат прэміяў ураду Беларусі «Якасьць-1999» і «Якасьць-2002». Кампанія была зарэгістраваная ў пачатку 1993 году як сумеснае прадпрыемства, заснавальнікамі якога выступілі карпарацыя «IBM» ды некалькі беларускіх арганізацый. На час заснаваньня ў кампаніі было каля дзясятка спэцыялістаў, цяпер іх больш за тысячу.

Беларусы прывыклі ганарыцца сваімі заводамі-гігантамі ордэна Леніна імя партзьезду. Цяпер жа найбольш вядомымі ў сьвеце беларускімі прадпрыемствамі аказваюцца кампаніі, якія займаюцца кампутарным праграмаваньнем. Гіганты нашага машынабудаваньня выпускаюць прадукцыю, якая канкурэнтаздольная толькі на рынках трэцяга сьвету, у тым ліку Расеі. Інфармацыйныя ж тэхналёгіі — гэта супэрсучасная сфэра, і беларусы ў іх не адстаюць ад канкурэнтаў зь Індыі і Ірляндыі.

У прадукцыі ІТ-кампаній найбольшая дабаўленая вартасьць. Гэтыя фірмы шчыльна супрацоўнічаюць зь беларускімі ВНУ — многія спэцыялісты выкладаюць ува ўнівэрсытэтах, такім чынам рыхтуючы сабе кадравыя рэзэрвы. Таленавітыя студэнты далучаюцца да рэальных праектаў, пачынаючы з другога курсу.

ІТ-кампаніі забясьпечваюць сваім супрацоўнікам найвышэйшы ў Беларусі ўзровень жыцьця. Нізкая матэрыяла- і энэргаёмістасьць іхнага прадукту таксама розьніць іх ад гігантаў савецкага часу, цалкам залежных ад расейскіх сталі і газу. У сусьветны топ-100 уваходзяць ня проста добрыя кампаніі. За імі будучыня беларускай гаспадаркі.

Алесь Пяткевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0