Пачатак 2004 году, здавалася б, даваў падставы для размоў пра пазбаўленьне ад «дзікага крэну» ў бок Расеі, якая пачала размаўляць са сваім стратэгічным саюзьнікам з дапамогай газавага вэнтыля. У пэўных колах стала вядома, што міністар замежных спраў Сяргей Мартынаў прапанаваў свайму прэзыдэнту нейкі плян нармалізацыі стасункаў з Захадам.

Прыметнае месца ў ім адводзілася інтэнсыфікацыі дачыненьняў з Польшчай, Літвой і Латвіяй. І адзнакі пачатку такога працэсу сапраўды сталі назірацца. Пачасьціліся кантакты і абмены візытамі кіраўнікоў розных ведамстваў і нават прадстаўнікоў парлямэнтаў. Асаблівай увагі заслугоўвала разьвіцьцё супрацоўніцтва паміж сілавымі ведамствамі. Пытаньні трансгранічнага супрацоўніцтва, нелегальнай міграцыі, барацьбы са злачыннасьцю і міжнародным тэрарызмам патрабуюць каардынацыі работ адпаведных структур краін-суседак. У іх сталіцах прызнаваліся пазытыўныя вынікі такога супрацоўніцтва.

Можна нагадаць, што адной з формаў супрацоўніцтва стала наладжваньне рэгулярных сустрэч кіраўнікоў апаратаў Радаў бясьпекі краін-суседак, апошняя зь якіх адбылася ў Кракаве. У далейшым «плян Мартынава» быў «усыплёны» наступнымі пасяджэньнямі ўжо ўласна беларускае Рады бясьпекі і мінулым рэфэрэндумам, якога Захад не прыняў. А ў Брусэлі беларускі пасол аказаўся ў стане зажыва пахаванага. Зь ім у тамтэйшых калідорах лічаць за лепшае ня мець зносін. Праўда, не заўжды ўсё было так безнадзейна.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0