Гульня Сафіна, і праўда, была захапляльнай. Падаецца, што галоўнай для прадстаўніка Расеі стала не фінальная гульня з гаспадаром корту Лейтанам Х’юітам, а паўфінальны паядынак супраць першай ракеткі сьвету швайцарца Ражэ Фэдэрэра. Той матч цягнуўся 4 гадзіны 48 хвілін і зьмясьціў у сабе пяць сэтаў з чатырма тай-брэйкамі. І супраціў Фэдэрэра, які на мінулым «Australian Open» перамог Сафіна якраз у фінале, быў зламаны. Гульня расейскага татарына Марата была экспрэсіўнаю і, бадай, найлепшаю ў ягонай кар’¬еры.
Беларусам студзень прынёс і расчараваньні, і радасьці. Ма¬ксім Мірны, які ў першай палове месяца ўдала дайшоў да паўфіналу турніру ў Сыднэі, праваліўся ў адзіночным разрадзе на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі, вылецеўшы ўжо ў першым крузе.
У парным разрадзе на «Australian Open» Макс ня здолеў пазбавіцца леташняга сындрому — спыніўся за крок ад фіналу, гэтым разам у пары са швэдам Юнасам Б’ёркманам. Бар’ер, пастаўлены з братоў Браянаў, ізноў быў непераадольным.
Шкада, што не паказвалі дзявочага фіналу. Бо гераіняй юніёрскага турніру на «Australian Open», як ужо згадвалася, стала 15-гадовая беларуска Вікторыя Азаранка. Мянчанка заваявала адразу два тытулы, здабыўшы перамогі і ў адзіночным, і ў парным юніёрскіх разрадах. Вікторыя бліскуча вытрымала мэльбурнскую задуху (слупок тэрмомэтра пастаянна трымаўся за рыскай у 30 градусаў паводле Цэльсія).
Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"