Сярод падпісантаў — акадэмічная эліта, у тым ліку тры былыя прэзыдэнты — Мікалай Барысевіч, Аляксандар Вайтовіч і Леанід Сушчэня, дырэктар Інстытуту лесу Віктар Іпацьеў, дырэктар Інстытуту матэматыкі Іван Гайшун, акадэмік-геоляг Радзім Гарэцкі, акадэмік-эканаміст Генадзь Лыч ды іншыя вядомыя асобы. Людзі навукі раскрытыкавалі праект Статуту Акадэміі. Ліст адрасаваны Аляксандру Лукашэнку.

Незадавальненьне акадэмікаў выклікалі прапановы новаўвядзеньняў, аўтары якіх так і засталіся невядомымі, хоць пра замоўцу лёгка здагадацца. Так, новы Статут уводзіў узроставы цэнз: акадэмікам можа стаць толькі навуковец у веку да 60 гадоў. Выбіраць акадэмікаў і чальцоў-карэспандэнтаў меліся адкрытым галасаваньнем на Агульным сходзе. Раней гэта адбывалася тайна. Паводле прапановаў, выбіраць плянавалася на агульным сходзе Акадэміі, дзе мелі б права прысутнічаць і супрацоўнікі без навуковых ступеняў. Акадэмікі справядліва падазраюць, што на ўсеагульным адкрытым галасаваньні мала хто рашыўся б выступаць супраць кандыдатураў, прапанаваных уладай. Крытыку выклікаў і пункт, які прадугледжваў магчымасьць пазбаўляць званьня акадэміка — чаго не было нават у савецкі час. Нават дысыдэнт Андрэй Сахараў і ў высылцы заставаўся акадэмікам. Між тым гэты пункт улады могуць скарыстаць, напрыклад, супраць акадэміка Вайтовіча, які, пабыўшы ва ўладзе, жахнуўся яе абліччу і далучыўся да апазыцыі. Нарэшце, акадэмікаў прапаноўвалася перавесьці на кантрактную сыстэму, дзяліць іх па колькасьці публікацый… Зацьвердзіць усю гэтую рэформу і прапаноўвалася Агульнаму сходу Акадэміі.

На пасяджэньні Прэзыдыюму акадэмікі адкрыта выступалі супраць новаўвядзеньняў. «Такія зьмены зробяць нас цалкам залежнымі ад выканаўчае ўлады. Хто пікне — таго адразу заціснуць, прычым яшчэ й паводле закону», — было чуваць у кулюарах. І Мясьніковіч даў задні ход. Найбольш адыёзныя прапановы (кшталту пазбаўленьня званьня) нават было вырашана не выносіць на абмеркаваньне на агульным сходзе.

Наўрад ці бунт акадэмікаў перарасьце ў нешта большае: зьмяніць кіраўніцтва работнікі НАН не дадуць рады. Але ініцыятары «Ліста сямідзесяці» сьвяткуюць перамогу.Акадэмік Барысевіч нешта камэнтаваць адмовіўся, аднак канстатаваў: «Амаль усе нашыя прапановы былі прынятыя».

Ліст 70-ці адмовіліся падпісаць лідэры гуманітарных інстытутаў, акадэмікі Гніламёдаў (літаратура) і Падлужны (былы дырэктар Інстытуту мовазнаўства).

Акадэмія навук стала адной з тых лічаных установаў, якая супраціўляецца аўтарытарнай уладзе, нягледзячы на ціск і запалохваньні. Дарэчы, 4 лютага спаўняецца 74 гады, як застрэліўся першы прэзыдэнт Акадэміі навук Усевалад Ігнатоўскі. Тады Акадэмію пад свой кантроль брала савецкая ўлада.

Ходзяць чуткі пра блізкую адстаўку Міхаіла Мясьніковіча, які ня стаў прэсінгаваць бунтоўных людзей навукі.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0