Скульптар Алесь Шатэрнік і мастак Аляксей Марачкін прапанавалі адліць Звон Свабоды і ўзьнесьці яго на Дзень Волі. На Звоне Свабоды будуць выяўлены нацыянальныя сьвятыні, біблійныя словы пра Свабоду, пасланьні нашых вялікіх продкаў. У Аргкамітэт па стварэньні Звона Свабоды ўвайшлі 14 чалавек. Наступным разам камітэт зьбярэцца ў пятніцу, 11 лютага, а 17-й у сталічнай сядзібе БНФ. Тамсама ж пастаянна адбываецца збор сродкаў на адліў Звона. Вашай увазе — адозва Аляксея Марачкіна.

Зь першае хвіліны зьяўленьня на сьвет дзіця акунаецца ў стыхію колераў і гукаў… Што з гэтага мацней уплывае й кшталтуе душу чалавека? Колер, форма, гук, музыка?.. Гэта найбольш эмацыйныя чалавечыя пачуцьці. Мы бачылі, як колер ружы — знак любові й мілосьці — яднаў нацыю, абуджаў народ на рашучыя дзеяньні — зьмяніць звыклы, накінуты палітычнымі пярэваратнямі, непрымальны для бальшыні лад жыцьця і ўрэшце зрабіцца гаспадарамі ў сваёй хаце. Памаранчавы колер вядзе людзей на Майдан Незалежнасьці, каб паказаць усяму сьвету: «Мы е нацыя, мы е народ…»

Нашы колеры, што павінны лучыць нас, — глыбока сакральныя. Бел-чырвона-белае — як пакутная плашчаніца Хрыста. Наш гук — поліфанічны гулкі звон — з даўніх часоў зваў нас на веча вяршыць сваю гісторыю, свой лёс. У час, калі нашы душы засьмечаны хлусьнёй і крывадушшам, калі няма свабоды, якая б давала асобе магчымасьць рэалізаваць свае здольнасьці, калі палітычныя інтрыгі, сумнеўныя дамовы пагражаюць поўнаю стратаю незалежнасьці, калі наша родная спрадвечная мова, як тая падчарка, гнаная ў родным краі — пара біць у званы!

Настае час нашага беларускага Звона Свабоды. Хай ён страсяне паветра, і розгалас ягоны магутнай хваляй пачуецца ад Сьвятой Сафіі ў Полацку да Калоскай царквы й Катэдры ў Горадні, ад Бугу да Дняпра, ад Усходу да Захаду. Гэты Звон будзе несьці накрэсьленыя на ім духоўныя сымбалі нашых прашчураў, словы ад Бібліі Францішка Скарыны да прарочых выказваньняў Васіля Быкава. На ім будзе красавацца выява імклівай Пагоні — адзнака незалежнасьці, моцы й адвагі.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0