Першай сустрэчай з барадатай кугакаўкай я абавязаны Яемосьці Выпадковасьці. Неяк у вясновы дзень я праглядаў, ці заняты вядомыя мне старыя гнёзды драпежных птушак у Хвайкоўскім лясьніцтве на Жыткавіччыне. Мне не шанцавала: адны дрэвы з гнёздамі былі павысяканыя лесарубамі, іншыя ж не былі заняты птушкамі. Заставалася праверыць апошняе вядомае мне гняздо.

Загадзя пакінуўшы ўсялякую надзею на ўдачу, я падыходзіў да яго без звычайнай асьцярожнасьці. Здалёк агледзеў гняздо ў бінокль і нікога не заўважыў. Але вырашыў-такі канчаткова ўпэўніцца, што яно пустое, і, каб глянуць на гняздо зьверху, залез на суседняе дрэва. Калі ж на адпаведнай вышыні павярнуў галаву да гнязда, заўважыў, што за мной назірае пара жоўтых вачэй. Гэта была барадатая кугакаўка! Тут я і ўспомніў пра фотаапарат, які ляжаў у маім заплечніку. Ціхенька, баючыся варухнуцца, павольна дастаў яго і зрабіў здымак. Але што гэта за кадар, калі відаць толькі палова галавы і вочы? Я падняўся трошкі вышэй і зрабіў яшчэ адзін здымак — на маё зьдзіўленьне, сава сядзела на гнязьдзе і ня думала нікуды адлятаць. Тады я пачаў памалу караскацца ўсё вышэй і вышэй па дрэве і раз за разам рабіў здымкі. Кугакаўка ўвесь час суправаджала мяне сваім позіркам, але ня рухалася. І вось — нарэшце — я знаходжуся на адным зь ёй узроўні. Зрабіў яшчэ колькі кадраў і вырашыў падняцца вышэй. Але тут кугакаўка раптам прыўзьнялася, павярнулася да мяне хвастом і зноў села на гняздо. Працяг здымкаў рабіўся бессэнсоўным, і мне прыйшлося зьлезьці на зямлю… На той час гэта было самае паўднёвае месца гнездаваньня барадатай кугакаўкі, а для мяне — першая сустрэча з гэтай незвычайнай савой. Але хто яна — птушка 2005 году?

Тызенгаўз — першаадкрывальнік

З усіх кугакавак барадатая мае найбольшыя памеры, а пры параўнаньні зь іншымі беларускімі совамі меншая толькі за пугача.

Распушанае каля асновы пер’е забясьпечвае ёй — як, дарэчы, і іншым совам — бязгучнасьць палёту, фатальную для яе ахвяр. Дзякуючы моцным пальцам з загнутымі і вострымі кіпцюрамі, кугакаўка надзейна ўтрымлівае схопленую здабычу. Нарэшце, загнутая дзюба можа нанесьці завяршальны ўдар і разарваць плоць. Але вялікія памеры барадатай кугакаўкі насамрэч толькі ўяўныя. Пад доўгімі пёрамі хаваецца шчуплае цела: калі размах крылаў дарослых птушак 135—160 см, дык важаць яны ўсяго каля кіляграма (самцы ў сярэднім 845 г, самкі — 1 140 г).

Сваю сучасную беларускую назву гэтая птушка атрымала за цёмна афарбаваны клін пер’я пад дзюбай — невялічкую «бараду». Але гэта не адзіная ўжываная ў нас назва гэтага віду. Як піша Васіль Грычык у сваім артыкуле пра першага беларускага арнітоляга Канстанціна Тызенгаўза, менавіта Тызенгаўз першым выявіў на поўначы Беларусі месцы гнездаваньня барадатай, або лапландзкай кугакаўкі, «здабыў для свайго музэю некалькі экзэмпляраў і паведаміў аб сваёй знаходцы ў некалькіх навуковых артыкулах. На той час (першая палова ХІХ ст.) гэтая знаходка была свайго роду сэнсацыяй, бо лічылася, што гэтая птушка не сустракаецца на поўдзень ад Скандынавіі.

Першапачаткова сам К.Тызенгаўз нават лічыў, што ім адкрыты новы для навукі від птушак, і даў гэтай саве асобную лацінскую назву — Strix microphthalmos («сава драбнавокая»), аднак пазьней пераканаўся ў памылковасьці сваіх меркаваньняў і выправіў уласную памылку ў адной са сваіх апошніх навуковых прац».

Барадатая кугакаўка — невялікая прыхільніца вандровак. Вядзе аселы лад жыцьця і да часу дасягненьня палавой сьпеласьці (у 4—5 гадоў) звычайна імкнецца знайсьці прыстанішча недалёка ад месца нараджэньня (вылупленьня).

Калі ўсё адбываецца нармальна, кугакаўкі праводзяць зіму ў тых жа мясьцінах, дзе і гнездаваліся.

Палёўку ў падарунак каханай

А ўлюбёныя мясьціны гэтай савы — гэта старыя лясы, якія мяжуюць з адкрытымі прасторамі сфагнавых балот, выгарамі і пусткамі.

І хаця шлюбны пэрыяд у барадатых кугакавак пачынаецца ўжо ў студзені, непасрэдна гнездаваньне яны распачынаюць у канцы сакавіка — пачатку красавіка. Самец стараецца зрабіць уражаньне на самку сваім шлюбным палётам. Выконвае ён яго, павольна пралятаючы па хвалістай траекторыі; часам самка ня можа ўтрымацца і далучаецца да самца.

Сваю прыхільнасьць да самкі кавалер пацьвярджае рэгулярнымі падарункамі — здабытымі ім палёўкамі і іншымі параўнальна невялікімі жывёламі. У сярэдзіне лютага самец пачынае на сваім участку шукаць месца для будучага гнязда. Каля яго ён і пачынае «сьпяваць», каб прывабіць самку і паведаміць магчымым супернікам, што месца ўжо занята. Яго паведамленьне, якое можна пачуць не далей за сотню метраў, складаецца зь некалькіх манатонных нізкіх гукаў «у-у-у», іх рытм павялічваецца разам з паніжэньнем частаты.

Калі самка зацікавілася прапановай, яна далучаецца да гуканьня самца. Калі ж яна застаецца абыякавай, самец вымушаны шукаць іншую партнэрку. Увогуле ж барадатая кугакаўка лічыцца аднай з самых маўклівых соваў. Не заўсёды адклікаецца нават на магнітафонны запіс свайго голасу і актыўна кугакае толькі ў прыцемках.

Пары ў кугакавак ствараюцца на доўгі час, але ці застаюцца птушкі верныя адно аднаму — невядома. Кладку барадатыя кугакаўкі разьмяшчаюць, як правіла, адкрыта — напрыклад, у старым гнязьдзе драпежнай птушкі. Вышыня гнязда над зямлёй ня мае вырашальнага значэньня. Яна можа вар’іравацца ад 4 да 15 мэтраў. Дыямэтар гнязда звычайна каля мэтра, але часам птушкі займаюць і меншыя пабудовы. Часьцей за ўсё, кугакаўкі выкарыстоўваюць старое жытло канюхоў-мышаловаў і асаедаў, часам — арляцоў або скапы і толькі зрэдку — шулякоў-галубятнікаў. Гэты сьпіс паказвае, што кугакаўкі пазьбягаюць цёмных участкаў лесу — канюхі і асаеды звычайна ж гняздуюцца на ўзьлесках, а скапа ўвогуле будуе гняздо на вяршалінах найбольш высокіх дрэў. Ня грэбуюць барадатыя кугакаўкі і высокімі пнямі з часткова спарахнелым асяродкам, у якім могуць зручна зрабіць латак.

У красавіку ў кугакавак ужо адкладзены поўныя кладкі, у якіх 3—4, а часам і пяць яек.

Звычайна самка пачынае наседжваць кладку, калі зьнесена першае яйка. Птушаняты вылупляюцца праз 28—30 дзён. І праз тое, што адкладка яек адбываецца на працягу тыдня і даўжэй, птушаняты вылупляюцца па чарзе і паміж імі існуе вялікая розьніца ва ўзросьце і памерах.

Такі мэханізм існуе ў розных птушак, якія спажываюць рэсурс, колькасьць якога можа значна зьмяняцца ў розныя гады (у выпадку кугакавак гэта палёўкі — асноўныя ахвяры гэтых соў). Такім чынам птушкі страхуюцца на выпадак, калі харчаваньня ня хопіць на паўнавартасную гадоўлю ўсіх птушанят. Тады тыя рэсурсы, якія дарослыя птушкі могуць здабыць, будуць даставацца толькі найбольш дужым (старэйшым) птушанятам — астатнія памруць самі або з дапамогай старэйшых сыблінгаў. Калі ж харчаваньня дастаткова для ўсіх, вылецяць усе.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0