Чачэнцы абвесьцілі замірэньне

На мінулым тыдні Аслан Масхадаў загадаў «узброеным сілам Ічкерыі» ў аднабаковым парадку спыніць баявыя дзеяньні на адзін месяц і зьвярнуўся да расейскіх уладаў з прапановай пачаць мірныя перамовы. Масхадаў таксама адмежаваўся ад Шаміля Басаева, назваўшы ягоныя мэтады барацьбы непрымальнымі. У інтэрвію газэце «Коммерсантъ» ён заявіў, што па заканчэньні вайны чачэнскія ўлады перададуць у Міжнародны трыбунал усіх асоб, датычных да злачынстваў супраць чалавечнасьці, у тым ліку Басаева. Масхадаў таксама сказаў, што гэты загад ня зьвязаны з выкраданьнем ягоных сваякоў.

Расейскія прадстаўнікі, камэнтуючы зварот Масхадава, чарговы раз выключылі магчымасьць перамоў: маўляў, Масхадаў нічога не кантралюе.

Тым часам сайт чачэнскіх сэпаратыстаў «Каўказ-Цэнтар» зьмясьціў відэазапіс 4-хвіліннага выступу Басаева, зроблены 6 лютага. Басаеў абвергнуў чуткі аб ягонай сьмерці або хваробе і пацьвердзіў, што выконвае загад Масхадава аб спыненьні баявых дзеяньняў.

Аранжавы будзільнік

У Інтэрнэце зьявілася праграма-арганайзар, які мае назву «Будзільнік Аранжавай рэвалюцыі». Ён дае магчымасьць выкарыстоўваць свой кампутар у якасьці каляндара і будзільніка, нагадвае пра патрэбныя карыстальніку падзеі і даты з дапамогай прайграваньня абранай карыстальнікам музыкі, альбо відэа, альбо вымаўляючы чалавечым голасам, а таксама ў патрэбны час адкрые патрэбны дакумэнт альбо актывуе неабходную праграму. Стварыла будзільнік прадпрымальная фірма Brigsoft, якая месьціцца ў Ялце. Прадаецца на orange-revolution.brigsoft.biz. Яго можна і спампаваць (2.05MB, стасуецца да ўсіх вэрсій Windows) і 30 дзён карыстацца бясплатна.

АлесьП, Віктар Сьцяпанаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0