Улада абяцала зрабіць працэс адкрытым і абяцаньне датрымала. У аўторак, калі мусілі абвясьціць прысуд Галіне Жураўковай і іншым фігурантам гучнай справы, у залю пасяджэньняў Вярхоўнага Суду пусьцілі ўсіх журналістаў, нават «нячэсных». Пакрыўджанымі засталіся толькі фотакарэспандэнты з тэлеапэратарамі, дый тое не зь віны суду: галоўная падсудная так і не зьявілася, прымусіўшы «папарацы» чакаць паўтары гадзіны на марозе.

Жураўкова заўсёды старанна закрывала твар, прыяжджаючы на пасяджэньні, таму апэратары таўкліся ля дзьвярэй на ганку — толькі там можна было ўхапіць удалы кадар. Але былая кіраўніца спраў прэзыдэнта захварэла, і было з чаго: усіх падсудных прызналі вінаватымі.

Суд пачаўся са спазьненьнем на паўгадзіны. Зачытваньне прыгавору ў поўным варыянце, з усімі падрабязнасьцямі, заняло б каля трох гадзін, таму бакі пагадзіліся заслухаць кароткі варыянт: вінаватыя падсудныя ці не, і колькі каму год далі. Заняло гэта хвілін дваццаць. У залі было паўсотні чалавек, большасьць — журналісты. Яны цішком выглядалі сярод прысутных сваякоў падсудных — людзей са сьвету вялікіх беларускіх грошай. Так, у залі сядзелі жанчыны, якія выдавалі сябе ціхімі сьлязьмі. Яны былі ў прыгожай вопратцы ды ад’яжджалі ад будынку суду на добрых аўто. Але ў цэнтры Менску такія футры ды легкавікі ня дзіва — таму родныя падсудных выглядалі ня сьвецкімі акуламі, а звычайнымі людзьмі, разгубленымі і спужанымі, як і самі падсудныя.

Напэўна, у гэтым і быў асноўны сэнс гэтага працэсу: паказаць, што нават самыя магутныя асобы ў краіне застаюцца простымі сьмяротнымі, пад якімі ў любы момант можа захістацца зямля.

Назойліва напрошваюцца паралелі паміж працэсамі Жураўковай і Марыніча. Абодва яны «праходзілі» па аднолькавым артыкуле Крымінальнага кодэксу (частка 4 арт. 210 «Крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры»). Абодва працэсы актыўна асьвятляліся сродкамі масавай інфармацыі. Абое асуджаных лічаць сябе невінаватымі. Але калі Марыніча пасадзілі на пяць год, дык Жураўкову — на чатыры, хаця, паводле абвінавачаньня, Марыніч «прысвоіў» некалькі факсаў ды кампутараў заснаванай ім самім грамадзкай арганізацыі, а «Жураўкова ды кампанія» — больш за 3,6 млн даляраў (яе былым падначаленым Аляксандру Мурашку і Юрыю Матусевічу далі па чатыры гады, а калегам па «Белай Русі» Сяргею Сьцяпанаву ды Віктару Асіпенку — па пяць гадоў).

Неяк давялося чуць меркаваньне, што Марыніч у душы ўсё-такі заставаўся савецкім чыноўнікам. Давесьці няслушнасьць гэтай думкі яшчэ раз дапамог працэс над Жураўковай.

Пракурор, які вёў справу Марыніча, асабліва прасіў суд зьвярнуць увагу на тое, што Марыніч не раскаяўся ва ўчыненым. Вініцца перад начальствам — адзін з галоўных рытуалаў саўковай дзяржаўнай машыны. Умей своечасова прызнаць сваю віну — і можаш спакойна існаваць далей. Найвышэйшае майстэрства — павініцца тады, калі насамрэч вінаваты твой начальнік: заслужыш паблажлівае прабачэньне ды, магчыма, падвышэньне па герархічнай лесьвіцы. Марынічу за доўгія гады працы ў сыстэме гэты інстынкт так і не прышчапіўся. Надуманасьць абвінавачаньняў нібыта давала падказку: «Папрасі прабачэньня, мо выкруцішся!» Не папрасіў.

Жураўкова, нягледзячы на сапраўды сур’ёзныя доказы таго, што яна ўчыніла злачынства, вінаватай сябе не палічыла — і, відаць, цалкам шчыра. Але, нягледзячы на гэта, з ахвотай павінілася ў заключным слове: «Я вінаватая толькі перад адным чалавекам — гэта прэзыдэнт». Цікава, ці дапамагло ёй гэтае прызнаньне? Вось жа й калёнію для яе падрыхтавалі ня ўзмоцненага, а звычайнага рэжыму.

Калі ўсе разыходзіліся, пранеслася чутка, што Жураўкова зрабілася «Віньнікавай-2» ды знаходзіцца зусім ня ў ложку, а ці то ў Расеі, ці то ўжо ў самім Лёндане. Аднак цяжка ўявіць, каб гэта было магчымым: чалавека, які адзіны мае прывілею хістаць зямлю ў Беларусі, разжаліць ня так лёгка.

Алесь Кудрыцкі

Галіна Жураўкова была арыштаваная 13 лютага 2004 г. з супрацоўнікамі ДП «Белая Русь» па абвінавачаньні паводле ч.4 арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, учынены арганізаванай групай альбо ў вельмі вялікім памеры, санкцыі — ад 5 да 12 год зьняволеньня). Сьледзтва даказала факты незаконнай дзейнасьці галавы Кіраваньня справаў прэзыдэнта (КСП) і «Белай Русі» ў часе закупкі цукру-сырцу ў замежных кампаній, пастаўцы ў Беларусь цыгарэт «LD», нафтавых зьдзелак. Сума скрадзенага ў ДП «Белая Русь» складае $3 626 547. $3 381 000 былі вернутыя фігурантамі справы дзяржаве.

Г.Жураўкова нарадзілася 19.09.1952 у в.Бародкі Чавускага раёну. Працавала дырэктарам Белаярскага вытворчага аб’яднаньня (Ханты-Мансійская акруга), гендырэктарам швейнай фабрыкі «Дзіна» ў Веліжы. Ад 1994 г. кіравала аддзелам па абслугоўваньні дзяржспэцмерапрыемстваў КСП, канцэрнам «Беларускія мастацкія промыслы» КСП. З 2001 г. узначальвала КСП.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0