У гонар паэта

На мінулым тыдні ў Полацку ў бібліятэцы мікрараёну Марыненка адбылася вечарына паэта і эсэіста 65-гадовага Віктара Леанені. Мерапрыемства было прымеркавана да 40-годзьдзя яго творчай дзейнасьці. Сп.Віктар жыве ў Полацку з 1964 году і зьяўляецца адданым патрыётам старажытнага гораду. Гэта бадай адзіны беларускі паэт, які пра Полацак выдаў асобны паэтычны зборнік — «Полацкія былі». У гонар вэтэрана полацкага літаратурнага цэху гучалі вершы і музыка.

Подпісы за Быкава

Сябры наваполацкага дэмакратычнага руху распачалі збор подпісаў за перайменаваньне вуліцы Кірава, што знаходзіцца ў цэнтры гораду, у вуліцу Васіля Быкава. Людзі з падпіснымі лістамі зьявіліся на вуліцах Наваполацку, ва ўнівэрсытэце, крамах, дзяржустановах. Ініцыятар акцыі, праваабаронца Зьміцер Салаўёў кажа, што вуліца Кірава невялікая, усяго некалькі дамоў, таму зьмена назвы ня будзе шмат каштаваць бюджэту.

Васіль Кроква, Полацак

Згарэлі дзеці

Двое малых дзетак, хлопчыкі двух і трох гадоў, згарэлі ў вёсцы Багушы Баранавіцкага раёну. Хата загарэлася, відаць, ад забаў з запалкамі. Маці пасьпела выскачыць з палаючай хаты, забыўшыся на сваіх сыноў. Бацька ў гэты час быў на працы ў Баранавічах. Суседзі выклікалі пажарнікаў і паспрабавалі самастойна выратаваць дзяцей. Яны выбілі шыбы, але дадатковы прыток кіслароду і вецер толькі павялічылі шуганьне полымя. Пажарныя прыехалі хутка, але абваліўся дах.

Дзеці спрабавалі ратавацца ад пажару пад коўдраю…

Маці іх любіць зазірнуць у бутэльку — некалькі разоў яе папярэджвалі аб пазбаўленьні бацькоўскіх правоў. Хто вінаваты ў здарэньні, цяпер высьвятляе пракуратура.

Руслан Равяка, Баранавічы

Магілёўскі звон

Сусьветнае віртуальнае сеціва папоўнілася новым адрасам http://zvon.at.tut.by — магілёўскай моладзевай газэтай «Звон».

Газэта зьявілася ў 2002 г. як праект гарадзкой гімназіі №1. У мінулым лютым да працы далучыліся журналісты-пачаткоўцы зь іншых магілёўскіх школ — выданьне стала гарадзкім. Цяпер над газэтай, якая ў новай якасьці выпусьціла чатыры нумары і выдаецца па-беларуску, працуюць 16 карэспандэнтаў з 10 школ.

Звонаўцы пазыцыянуюць сваё выданьне як незалежнае моладзевае, што імкнецца аб’ектыўна асьвятляць падзеі ў Магілёве, Беларусі і сьвеце.

Андрэй Белагубаў, Магілёў

Помнік землякам

Жыхар вёскі Зацішша Яўген Календа калісьці на ўласныя сродкі паставіў помнік землякам, якія загінулі падчас ІІ сусьветнай вайны. Да 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі 78-гадовы вэтэран стаў ініцыятарам усталяваньня 16-тоннага каменя ў гонар землякоў, якія ваявалі і вярнуліся жывымі. З 27 вэтэранаў, адзначаных на камені, жывуць толькі пяцёра.

Надзея Лісоўская, Бабруйск

Не пападпісвалі на сваю галаву

Калектыў рэдакцыі крычаўскай раённай газэты «Ленінскі кліч» пазбавілі прэміі за сьнежань. Журналістаў пакаралі за тое, што рэдакцыя ня здолела падвысіць з новага году наклад выданьня ў два разы (да 4 000 ас.).

«Ленінскі кліч» трапіў у абласны сьпіс дзяржгазэт (усяго — пяць), якія павінны стаць самаакупнымі ўжо зь вясны. Выданьні папярэджаны аб значным зьмяншэньні бюджэтнага ўтрыманьня.

Што ж да крычаўскай «раёнкі», то кожнаму яе супрацоўніку загадалі «падпісаць» на газэту ня менш за 100 чалавек.

Андрэй Пархоменка, Крычаў

Грашовы зьдзек у Дуброве

Хоць і заяўляюць па тэлевізары, што ў нас посьпехі па ўсіх франтах, заробкі ў Дуброве нікчэмныя. Пайшоў Аляксандар Р. атрымаць заробленыя грошы. За 28 працадзён зарабіў нешта каля 47 тыс. рублёў — 1 678,5 рубля (81 цэнт) за дзень. Але ў касе Аляксандру аддалі на рукі ўсяго 20 тыс., рэшту вылічылі ці за сена, ці за чорта лысага. Гэта гіпэрсупэрбеднасьць.

І Аляксандар не адзінокі. Такі ж заробак маюць і іншыя дужыя працаздольныя мужыкі. Але яны не пратэстуюць супраць гэтага цынічнага зьдзеку. Толькі адзін дубровец, Ігар П., заехаў у інспэкцыю па працы і папрасіў пракамэнтаваць такія заробкі. Яму сказалі, што ў Беларусі такіх зарплат даўно няма, і прапанавалі зьвярнуцца з папераю, і тады інспэктар адразу прыедзе разьбірацца.

Дуброўцам час пачаць вучыцца абараняць свае інтарэсы. Час падумаць, што за баязьлівасьць цяпер давядзецца чухаць карак у старасьці, калі атрымаеш нікчэмную пэнсію. Цяпер кожны паводле закону мае права жыць годна. З апошнім падвышэньнем заробку наймальнік мае плаціць сама меней 128 860 рублёў у месяц.

Прачніся, Дуброва!

Мікола Бусел, Сьветлагоршчына

25 год барысаўскаму пэдкаледжу

У пачатку лютага Барысаўскаму пэдкаледжу споўнілася 25 гадоў. З гэтай нагоды ўстанова, у якой навучаецца 700 чалавек, атрымала грант ад прэзыдэнта — 16 млн рублёў. Каледж займае вядучае месца сярод усіх пэдвучэльняў краіны, а каля 70% навучэнцаў па яго сканчэньні паступаюць у ВНУ. У пэдкаледжы рыхтуюць настаўнікаў малодшых клясаў, беларускай, ангельскай і нямецкай моў, выхавальнікаў для дзіцячых садкоў, сацыяльных пэдагогаў.

Грэка-рымляне

У пачатку лютага ў Барысаве прайшоў чэмпіянат вобласьці па грэка-рымскай барацьбе. Спаборніцтвы разыгрываліся ў васьмі вагавых катэгорыях, у чатырох перамаглі барысаўцы. Яны і прадставяць горад на чэмпіянаце краіны ў Менску пры канцы лютага.

Барысаўшчына ў агні

Ад пачатку новага году ў Барысаве і раёне ад пажару загінула ўжо восем чалавек. Найчасьцей ахвяры знаходзіліся ў нецьвярозым стане.

Зьміцер Панкавец, Кастрыца

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0