За кожнай жа з савецкіх рэспублік былі замацаваныя свае патрыятычна-прамысловыя брэнды. У Беларусі гэта былі плошча Перамогі, МАЗ, трактары, вырабы з саломкі й партызанскі імідж. За 14 гадоў незалежнасьці краіна зьмянілася непазнавальна. Але плякаты з каўбоямі Мальбара, аўтамашынамі «Форд» і швайцарскімі гадзіньнікамі ўсё яшчэ глядзяцца чужародна на агульным фоне. Пра сёньняшні беларускі брэндынг разважае Віталь Тарас.
Адна паважная беларуская газэта скрытыкавала неяк яшчэ больш паважную брытанскую «Таймс». Праўда, крытык, пэўна, ня ведаў, што ад нядаўняга часу гэтая газэта добраахвотна перайшла ў разрад «жаўтаватых». Але ня ў тым рэч. Аўтар паважнай газэты сьцьвярджае, што брытанскі журналіст нібыта напісаў пра Менск няпраўду, прычым тройчы. Па-першае, што аэрапорт «Менск-2» амаль не асьветлены, бо там эканомяць электрычнасьць. Па-другое — нібыта абапал дарогі з аэрапорту ў Менск зусім мала бігбордаў. І па-трэцяе — на вуліцах беларускай сталіцы зусім мала аўтамашын.
Не зьбіраюся палемізаваць зь беларускім выданьнем і тым больш абараняць лёнданскую «Таймс». Зазначу толькі, спаслаўшыся на асабісты досьвед: калі прыяжджаеш у менскі аэрапорт гадзіны да шостай раніцы, там вельмі проста можна зламаць нагу ў цёмных калідорах і на эскалятарах, якія амаль заўсёды адключаны — відаць, таксама дзеля эканоміі. Што да бігбордаў, дык кожны, хто хоць аднойчы выяжджаў у Латвію, Літву ці Польшчу, павінен прызнаць, што на тамтэйшых дарогах іх значна болей, чым у Беларусі. Таксама як і машын на вуліцах. Асабліва калі параўноўваць Менск з такім мэгаполісам, як Лёндан зь яго транспартнымі праблемамі. Дый дзякаваць богу, урэшце!
Трэба ўзяць пад увагу, што які-небудзь сярэдні брытанец, прачытаўшы нешта падобнае, наўрад ці зьменіць сваё стаўленьне да Беларусі, калі яно ўвогуле ў яго было. Мяне больш цікавіць тое, што апошнім часам прынята называць модным словам «брэнд».
Што можна лічыць брэндам сучаснай Беларусі? Ці дбае нехта пра яго ўвогуле? Што, на думку тых, ад каго залежаць у пэўнай ступені тыя самыя брэнды або імідж краіны, можа быць прыцягальным для замежніка?
Гэта можа быць і тэмай асобнай дысэртацыі для кагосьці. Але ж я абмяжуюся ўсяго толькі некаторымі развагамі. За савецкім часам усё было вельмі проста. Для Савецкага Саюзу ў цэлым замежніку ў якасьці брэнду прапаноўваліся Красная плошча разам з маўзалеем і пэрманэнтнымі вайсковымі парадамі, Вялікі тэатар і матрошкі. За кожнай жа з савецкіх рэспублік былі замацаваныя свае, так бы мовіць, патрыятычна-прамысловыя брэнды. У Беларусі гэта былі плошча Перамогі, МАЗ з эмблемай-зубром на капоце, трактары і вырабы з саломкі. Ну і, зразумела ж, імідж рэспублікі-партызанкі. Замежнік, на думку тагачаснага партыйнага прапагандыста, мог прыехаць у краіну толькі й выключна дзеля таго, каб паглядзець, як сыходзяць новыя машыны з канвэеру, ускласьці кветкі да помнікаў ІІ сусьветнай вайны і на разьвітаньне купіць сабе сувэнір.
Яшчэ неяк у «ЛіМе» на пачатку 1980-х гадоў я атрымаў заданьне напісаць пра нейкіх прафсаюзных актывістаў, якія наведалі сталіцу Беларусі, і пра тое, што іх тут уразіла. Заданьне я выканаў, але больш нуднай працы ў жыцьці ніколі не даводзілася рабіць. Па-першае, незразумела, чаму сам факт прыезду замежнікаў у Менск павінен быў зацікавіць беларускага чытача — а трэба ж было гэта неяк абгрунтаваць! Па-другое, самі прафсаюзныя актывісты, якія прыехалі аднекуль з Уэльсу, яўна не былі надта ўражаны ўбачаным — ва ўсякім разе, гатэлем «Турыст», дзе іх пасялілі і дзе раніцай не было гарачай вады, дакладна. Большасьць гасьцей былі людзьмі пэнсійнага або перадпэнсійнага ўзросту. Па іх выглядзе, вопратцы й манерах адчувалася, што ў Менск гэтых турыстаў прывяло не жаданьне ўбачыць усходнюю экзотыку і тым больш не інтэрнацыянальны абавязак, а проста сьціплыя магчымасьці для нармальнага, камфортнага адпачынку. Ну і яшчэ, можа, там у іх былі нейкія цэхавыя, прафсаюзныя абавязкі, накшталт — мінулым разам да нас прыяжджалі таварышы з Малдаўскай ССР, а гэтым разам мы павінны наведаць нашых сяброў у БССР.
Чаму я так падрабязна спыняюся на гэтым малацікавым эпізодзе? Ды таму, што такімі замежнікамі і іхнімі нікому не цікавымі ўражаньнямі быў спрэс забіты этэр савецкага тэлебачаньня й радыё, а таксама газэты — у тым ліку і паважная беларуская газэта, якую я згадваў напачатку. Прамовы першага сакратара ЦК КПСС, а таксама начальнікаў розных рангаў лічыліся самай цікавай падзеяй, у тым ліку для замежнікаў. А ўжо адкрыцьцё якога-небудзь заводу вэнтыляў — увогуле падзеяй сусьветнага маштабу. Таму пад рубрыкай накшталт «Савецкі Саюз вачыма замежных гасьцей» увесь час ішлі так званыя водгукі працоўных усяго сьвету на апошнія «міралюбівыя ініцыятывы» ці запуск заводаў.
Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"