20 лютага ў Кіеве зачыняецца выстава сучаснага беларускага мастацтва «Балота Empire». Гэта апошняя выстава Сяргея Войчанкі. Разам зь ім былі выстаўленыя Цэсьлер, Клінаў і Вашкевіч. Посьпех у публікі — неймаверны.

Артыкул Сяргея Харэўскага.

Для старачасных беларусаў балоты былі гэткім жа натуральным асяродзьдзем, як тундра для эскімосаў або пустыні для туарэгаў. З балота бяруцца журавіны і сена, нават мох, якім уцяпляюць хаты. На балотах палююць, з балотаў выбіраюць торф на ўгнаеньне й паліва. Між дрыгвы хаваюцца ад аблавы. Штомоцы клятыя ў ХХ стагодзьдзі, нашы балоты сёньня — унікальны беларускі прыродны скарб. Містычная, амбівалентная, няпэўная тэрыторыя нашага жыцьця й культуры, дзе красуюць кветкі неймавернае прыгажосьці й гадуецца незьлічонае птаства.

Таму, паставіўшы сабе за мэту вызначыцца ў сьвеце новага тысячагодзьдзя, група беларускіх мастакоў — Руслан Вашкевіч, Артур Клінаў, Уладзімер Цэсьлер і Сяргей Войчанка — абрала сабе за знак менавіта балоты, зь іхным двухсэнсоўным культурным і гістарычным значэньнем.

Кожны зь іх бачыць асяродзьдзе свайго існаваньня — «Балота Empire» — па-рознаму. Але іхныя творы лучаць новы фігуратывізм, высокая культура выкананьня й пэўная дыдактычнасьць, запазычаная зь мінулых эпох — усё гэта спрашчае задачу гледачоў. Гэта зразумелае мастацтва, якое не вымагае разгорнутых камэнтароў ці адмысловае падрыхтоўкі.

Камэртон творчасьці Клінава — зьедлівы сарказм і ўедлівае дасьледаваньне беларускае мэнтальнасьці. «Салодкае саламянае жыцьцё» — гэта даволі простая мэтафара паспалітага «балотнага» існаваньня ва ўмовах новага грамадзтва новага спажываньня. Няпростым зьяўляецца хіба матэрыял — звычайная залацістая салома, пахучая й хрусткая, што ў руках мастака пераўтвараецца ў што хочаш — ад тэлевізара да антрапаморфных пэрсанажаў з палавымі прыметамі.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Рэчы для замежнага спажываньня

Пра выставу «Балота Empire» Сяргею Харэўскаму расказвае адзін зь яе ўдзельнікаў мастак Артур Клінаў.

«НН»: Якая была галоўная задача ў фармаваньні экспазыцыі «Балота Empire»?

Артур Клінаў: Агульнай ідэяй праекту было зрабіць тое, што трымалася б на беларускіх унікальнасьцях. Каб гэта быў пазнавальны нацыянальны праект. Каб гэтае цалкам сучаснае мастацтва ідэнтыфікавалася зь Беларусьсю.

«НН»: Ці была ваша выстава зьвязана з Аранжавай рэвалюцыяй ва Ўкраіне?

АК: Не, ніякім чынам яна не была зьвязана й ніяк яе не справакавала. Адзіная сувязь палягала ў тым, што выстава мусіла адчыніцца на месяц раней. Але празь вір украінскіх палітычных падзей яна перанеслася ўжо на гэты год.

«НН»: То бок тамтэйшая рэвалюцыя вам нашкодзіла?

АК: Не. Атрымалі болей часу, каб падрыхавацца. І да геапалітычных зьменаў таксама. Вось што паўплывала — дык гэта «рэвалюцыйны» настрой публікі. Цяпер украінскі глядач моцна розьніцца ад беларускага. Ён больш раскуты, непасрэдны, шчыры й зацікаўлены, калі не сказаць захоплены…

«НН»: А раптоўная сьмерць Сяргея Войчанкі была неяк зазначана апрычона?

АК: Так, мы зьмясьцілі адмысловую мэмарыяльную шыльду, у якой паведамлялася, што наша выстава прысьвечаная ўжо памяці Сяргея Войчанкі. Ён памёр у тыя дні, калі яна павінна была першапачаткова адкрывацца, у сьнежні. Каб яна адбылася своечасова, можа, ён бы паехаў у Кіеў і ўсё было б па-іншаму… А можа, ён памёр бы ў Кіеве.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0