2004. Кася і ружы

Хадзіў на канцэрт Касі. Пяць гадоў ёй забаранялі выступаць. Бог ты мой, як яны — прарасейскія халуі — баяцца беларускага слова, нашай песьні. Яны не дазваляюць нам выступаць па радыё і тэлебачаньні, яны публічна зьневажаюць нашу культуру і мову. А мы? Чакаем, сьцяўшыся да болю, чакаем, бо верым у сваю праўду. Які безнадзейна доўгі час для чалавека — пяць гадоў! Больш за пяць гадоў чакаў Алесь Разанаў выхаду свайго паэтычнага зборніка «Шлях-360», больш за пяць гадоў мой тата чакаў сваёй кнігі найлепшых апавяданьняў «Дзікі голуб» — яны дачакаліся, яны перамаглі. Дачакалася й Кася і зрабіла выдатны канцэрт. Побач са мною сядзела маладзенькая пара закаханых.

Калі Кася засьпявала «Божа, забяры маё жыцьцё…», дзяўчынка расплакалася. Дзяўчына так расхвалявалася, што выйшла з залі. Во як! А напрыканцы канцэрту яна вярнулася зь вялізным букетам і падаравала Касі вільготныя ад кастрычніцкага дажджу цёмна-вішнёвыя ружы.

Я не сэнтымэнтальны, але жорсткі чалавек, таму ня скончу апісаньне канцэрту ружамі…

Найбольшае музычнае задавальненьне я атрымаў ад гітары Славы Кораня, а візуальна мяне зачаравалі голыя рукі віялянчэлісткі Юлі. Калі нейкаму скульптару заманецца зрабіць гіпатэтычную рэканструкцыю рук Вэнэры Мілоскай, лепшай мадэлі за Юлю Глушыцкую ён ня знойдзе.

Напiсана 01.11.2004, 14:51.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0