Каму што баліць, той пра тое й рупіцца.

Хто пра што. Нашаніўцы вунь пра лепшыя кнігі 2002 году турбуюцца. Просяць лепшых людзей скласьці лепшыя думкі пра лепшыя кнігі. А хто просіць водгукаў? рэцэнзіяў, ці хоць нейкае рэакцыі на свае творы. Хоць бы сабака які забрахаў, каб ня быць аднаму ў пустэльні. Яно-то гэдак. I часта абыякавасьць сябраў зьніштожвае больш чым брахня ворагаў,

У канцы траўня 2002 году на імя Ганны Суднік (а гэта ёсьць проста Ганна Матусэвіч) з Харкава прыйшла бандэроль зь 10 кнігамі ад Маі Львовіч, "У зязюльчыным барку" называецца. У бандэролі ляжаў сьпіс, дзе паясьнялася, каму

тыя кнігі перадаць. Побач са знакамітымі імёнамі (Арловым для "Свабоды", Мальдзісу асабіста і для бібліятэкі МАБ, Брылю, Ул.Мехаву) называліся нікому ня ведамыя (Л.Кароткай, Ганьне, Барысу). Празь некаторы час ужо на імя Барыса Мускага ў Менск ды ня ў Койданава прыйшло яшчэ 10 кніг ад Маі Львовіч. У тых кнігах мяккая вокладка была ўжо чорна-белая ў вадрозьненьне ад першых - каляровых. Але, дзякуй Богу, што яны ёсьць, бо колькі ж гэта высілкаў каштавала беднай жанчыне і Самотнай Паэтцы - напісаць вершы па-нашаму і па-украінску, вырабіць кнігу ды яшчэ даслаць на Бацькаўшчыну! Мне здаецца, што прыходзіць нарэшце час, калі пасыплюцца, як тое лісьце з восеньскіх дрэў, водгукі на Маіну кнігу, бо першая вестка ў "Кантактах і дыялогах" ужо была. Ну што ж, няхай сыплюцца. I чым болей, тым лепей. Цяплей будзе нашай Зямельцы на зіму...

"Каму што баліць...", — з гэтага пачынаўся мой водгук, які прафэсыяналы пэўне й не назавуць водгукам. Выбачайце, маю ўсяго 8 класаў адукацыі і ажно траіх дзяцей, і я ўсяго толькі маці, якая бароніць сваіх дзяцей. Бачыце самі: час цяпер такі, што горш за вайну... А баліць мне, Ганьне, як тому Адаму Міцкевічу, за Літву. I ў Маінай кнізе ёсьць цыкаль вершаў "Літва", а ў ім - Верш з аднайменнай назвай, дзе ўжо паўстаў Новы Кліч за Волю Айчыны : ЖЫВЕ ЛІТВА !

Напісана для "Нашае Нівы" 20.01.03.; папраўлена для Харкаўскай філіі СП Украіны і асабіста Маі Львовіч 15.02.03.

Ганна Матусэвіч, Койданава

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0