Жонкі палітыкаў першага эшалёну аўтаматычна ператвараюцца ў публічных асобаў. Магчыма, лёс выбараў-2006 вырашыць менавіта кандыдатка ў першыя лэдзі... Што ўжо казаць пра палітыкаў, жонкі якіх не ўспрымаюць мужавага занятку ўсур’ёз? Фотакарэспандэнтка «НН» сустрэлася з жонкамі папулярных беларускіх палітыкаў — тымі, якія «ўсур’ёз».

Тацяна Сурская — жонка Коласа

Тацяна і Ўладзімер знаёмыя зь дзяцінства. «Мы былі ў 5-й клясе, калі нашыя бацькі павялі нас разам у цырк, — распавядае сп. Тацяна. — Наступным разам сустрэліся ўжо ў інстытуце».

Кватэра Ўладзімера Коласа і ягонай жонкі застаўлена шматлікімі слоікамі з апэтытнымі марынадамі. Садавіну вырошчваюць самі, аднак у астатнім лецішча сям’і Коласаў нагадвае газон — усё лета спн. Тацяна разводзіць там кветкі.

Жонка дырэктара забароненага Ліцэю слухае «Бітлз» і Моцарта, разам з дачкой «у чатыры рукі» грае на фартэпіяна.

Да прэзыдэнцкага патэнцыялу мужа Тацяна Сурская ставіцца надзвычай сур’ёзна: «У майго мужа ўдаецца ўсё, за што ён бярэцца. Кожную справу ён даводзіць да канца».

Валянціна Статкевіч

Валянціна і Мікола Статкевічы — аднапартыйцы. Яна падзяляе сацыял-дэмакратычныя погляды мужа, удзельнічае ва ўсіх ягоных палітычных кампаніях. Не глядзіць сэрыялаў і па-майстэрску гатуе салаткі, якія так любіць яе муж. Вяжа шалікі і шкарпэткі, а пару год таму падарыла мужу швэдар, зроблены ўласнаручна. Ганарыцца, што праца палітыка не замінае сп.Статкевічу быць клапатлівым супругам і заставацца рамантычнай асобай. «Ён увесь час дорыць мне кветкі, — хваліцца спн.Валянціна. — Скупае і прыносіць якія толькі можна, ад тульпанаў да архідэяў».

Сьвятлана Лябедзька

Сьвятлана і Анатоль Лябедзькі разам вучыліся ў інстытуце: «Каб мне нехта на першым курсе сказаў, што на пятым я выйду за Анатоля, ні за што не паверыла б! Тады здавалася, ну што ў нас можа быць супольнага?»

У шлюбе Лябедзькі 20 гадоў. Лідэр АГП, нягледзячы на шалёны тэмп жыцьця, не забывае шторанак гатаваць для жонкі каву. І нярэдка перад прыняцьцем важных рашэньняў просіць у яе парады.

Спн.Сьвятлана — настаўніца ангельскай мовы. Таму шмат часу ёй даводзіцца праводзіць за вучнёўскімі сшыткамі. Аддае перавагу актыўнаму адпачынку. Цяпер больш за ўсё марыць, каб зь сям’ёй выбрацца на лыжы, «але ж мужа амаль ніколі няма ў хаце!».

Іна Кулей — жонка Мілінкевіча

«Мой муж можа зладзіць для мяне вясну хоць у лютым! — распавядае спн.Іна. — На Дзень Сьвятога Валянціна ён зьявіўся з агромністым букетам жоўтых тульпанаў, з цэлым ахапкам. І адразу стала так цёпла!»

Захапленьне жыцьця для Іны Кулей — званочкі. У калекцыі іх больш за сотню — сябры вязуць іх для яе з усіх краінаў сьвету. Аднак улюбёны — керамічны беларускі званочак, зроблены ў выглядзе вароны з шырока расплюшчанымі блакітнымі вачыма.

Фатаграфіі глядзіце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0