Сусьветны банк чарнобыльскім раёнам

Сусьветны банк выдзеліць краіне крэдыт у памеры $45 млн на рэабілітацыю пацярпелых ад чарнобыльскай бяды раёнаў. Ня выключана, што будуць прыцягнутыя і дадатковыя сродкі. Пра гэта заявіў у Менску дырэктар банку ва Ўкраіне, Малдове і Беларусі Пол Бірмінгем.

Арэлі дзярждоўгу

Дзярждоўг Беларусі за студзень скараціўся на 1,6% і складае 4,383 трлн руб. Між тым, у сьнежні ён вырас на 13,5%. На 1 студзеня ўнутраны доўг складаў 2,846 трлн руб., вонкавы — $741,1 млн.

А ты пасьпеў падаць дэклярацыю?

1 сакавіка скончыўся тэрмін падачы грамадзянамі дэклярацыі аб сукупным гадавым даходзе. Аднак калі пры падачы дакумэнтаў былі пададзены непраўдзівыя зьвесткі, да 15 красавіка ёсьць шанец выправіцца. Міністэрства па падатках і зборах абнародуе дакладныя лічбы аб колькасьці пададзеных дэклярацый у найбліжэйшы час.

Кожны чацьвёрты

На пачатак сакавіка сярод апэратараў GSM-сувязі лідзіруе МТС — 1,32 млн абанэнтаў, у «Velcom» на 100 тыс. меней — 1,225 млн. Мінсувязі прагназуе, што да 2010 году адзін мабільнік будзе прыпадаць меней чым на два чалавекі.

Цэны, назад

Менская мэрыя сабрала прадстаўнікоў адміністрацый сталічных рынкаў і загадала вярнуць кошты на садавіну і гародніну на ўзровень 1 лютага ды не падвышаць іх да 1 красавіка. Кіраўніцтва сталіцы лічыць недапушчальным, каб цэны на садавіну і гародніна падвышаліся адразу на 20—25%, як гэта звычайна здараецца напачатку вясны. Прадпрымальнікі ж мяркуюць, што гэта глупства і пустаслоўе.

Жанчынам — гуркі

Агракамбінат «Ждановічы» ўзяў абавязацельства да 8 Сакавіка штодня пастаўляць на сталічныя рынкі па сем тон гуркоў.

Украіна расплаціцца сьвятлом

Беларусь чакае пагашэньня ўкраінскага доўгу пастаўкамі электраэнэргіі. Пра гэта заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве пасол Беларусі Валянцін Вялічка. Заліковая схема пагашэньня доўгу прадугледжвае распрацоўку сумесных ліній электраэнэргетыкі, у прыватнасьці, узнаўленьня дзейнасьці падстанцыі «Чарнігаў—Гомель» ды выкарыстаньне энэргіі Ровенскай АЭС. Беларусы настойваюць на лічбе запазычанасьці $150 млн, украінцы прызнаюць суму ўдвая меншую.

АГ, afn.by, belapan.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0