Калі беларускі хлопчык марыць палятаць зь лётчыкам, убачыць зоркі і небажыхара Сталіна, то амэрыканскі хлопчык сам сабе лётчык, зорка і рэжысэр.

Марціна Скарсэзэ заўжды цікавілі «сьвятыя апантаныя», якія выпадаюць з грамадзтва — і сьцьвярджаюць гэтым грамадзкія правілы. Галоўны герой «Авіятара» — Говард Х’юз — легенда Амэрыкі, яе «найвялікшы палюбоўнік». Мільярдэр, лётчык, кінапрадусар, які кінуў выклік карпарацыйнай студыйнай сыстэме і самастойна здымаў фільмы, у тым ліку клясыку — батальных «Анёлаў апраметнай» і гангстэрскі фільм «Па-за законам». Апантаны авіятар, які імкнуўся рабіць самалёты ўсё лепшымі і лепшымі. Параноік, які баяўся мікробаў і запіраўся ў пакоях.

Галівуд дараваў дзікунскі выклік правілам — і на стагодзьдзе Х’юза адгукнуўся «Авіятарам» зь Леанарда Ды Капрыё ў галоўнай ролі.

Актор грае існасьць, вобраз, гіганта думкі, летуценьніка з воўчаю хваткай, пасьпяховага рызыканта, камяк энэргіі. Зорка «Тытаніка» дэманструе, што здольная ня толькі прыгожа тануць, але й зьзяць акторскай няўрымсьлівасьцю, выбухаць нэрвовым неспакоем і быць сталёвай спружынай.

У фільме героі мала нагадваюць сваіх прататыпаў, але фільму гэта не замінае. Так, Кейт Бланшэт сыграла зорку 1930-х Кэтрын Хэпбэрн. Актрыса спачатку была напалоханая такой прапановай, бо паўтарыць міт вельмі няпроста. Але яна яго й не паўтарала — яна іграла пачуцьці, думкі й жарсьці сваёй гераіні — і гэтаму верыш.

Скарсэзэ палемізуе з «Грамадзянінам Кейнам» — найлепшай амэрыканскай карцінай і квінтэсэнцыяй амэрыканскага духу. Калі грамадзянін Кейн — апантаны бізнэсовец, які прагне ўлады й грошай, здраджвае дзіцячым марам і набівае палац антычным мастацтвам, то Говард Х’юз — бескарысьлівы рызыкант, згодны паставіць на карту ўсё дзеля сваёй мары, чалавек, які будуе будучыню, а не кланяецца мінуламу, шалёнец, якому дастаткова бутэлькі малака.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Андрэй Расінскі

«Авіятар» («Aviator»)

ЗША—Японія—Нямеччына, 2004, каляровы, 170 хв.

Жанр: Біяграфічная драма

Адзнака: 7 (з 10)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0