Даманава — няблізкі сьвет. Жыхары вёскі на рацэ Грыўда выбіраюцца ў сталіцу толькі па вялікай патрэбе, раз у некалькі гадоў. Калі ў Менску няма сваякоў, ехаць няма патрэбы — побач Івацэвічы, да Баранавічаў — з паўгадзіны на электрычцы. Узімку Даманава агортвае сон. Дзіва пабачыць кагосьці на вуліцы ўвечары — толькі дзеці ганяюць шайбу самаробнымі клюшкамі. У старэйшых забавак няшмат — тэлевізар, самагонка і размовы. А што яшчэ паробіш на 18 тысячаў заробку? Рэпартаж Сяргея Будкіна.

Залатыя саветы

За сваю кароткую гісторыю Даманава ўпершыню згадваецца ў сярэдзіне ХІХ ст. у сувязі зь сялянскімі хваляваньнямі. Мястэчка гарэла тройчы. Падчас эвакуацыі 1914 г. расейцы вывезьлі жыхароў у Омскую і Саратаўскую вобласьці, а Даманава спалілі пры адступленьні — доўгія сем год вёска не існавала. Аднавілася мястэчка ўжо за Польшчай. Краязнаўца Ўладзімер Шлык кажа, што ягоныя бацькі, вярнуўшыся на пустую зямлю, наноў будавалі хаціны, а па першым часе елі жыгучку.

У верасьні 1939 г. даманаўскія жыхары сустракалі чырвоныя войскі. Сп.Шлык, якому тады было чатырнаццаць, кажа, што ўсе без вынятку віталі саветы. Больш палкія яшчэ ў 1930-х засьведчылі сваю адданасьць бальшавізму: «На ўсю вёску ў нас быў адзін прымач, і слухалі толькі «Маяк», дык некаторыя, наслухаўшыся прапаганды, кідалі ўсё і пераходзілі нелегальна празь мяжу. Натуральна, атрымлівалі па 10 год турмы за шпіёнства».

«Аднак савецкая ўлада заняла ўсіх, за палякамі шмат хто хадзіў бяз працы», — уздыхаюць старыя.

У 1944 г. частка Даманава ізноў гарэла — немцы пры адступленьні падклалі выбухоўку пад вакзал, мост праз Шчару і воданапорную вежу і спалілі частку вёскі. Не пасьпела Даманава аднавіцца як сьлед — адбыўся трэці пажар, загарэўся лясны завод і агонь перакінуўся на вёску, спаліўшы палову хацін.

1960-я гады старэйшыя жыхары прыгадваюць з асаблівай цеплынёй –— тады Даманава сталася невялікім прамысловым цэнтрам — зь дзясятак млыноў, чатыры лесазаводы, камбінат будматэрыялаў, гута, цагельня і шыфэрны заводы, дзе на вытворчасьці было задзейнічана 1200 чалавек. Тады ў Даманава зьяжджаліся людзі адусюль, бо працы хапала. Але прыйшоў 1991г.: спынілася дастаўка цэмэнту, скараціліся штаты, заводы зачыняліся, прыпынілі выпуск шыфэру.

Людзей менее

Даманава так і не акрыяла. Цяпер вяскоўцы задзейнічаны толькі ў вытворчасьці сылікатнай глыбы, зь якой робяць вадкае шкло, але штат супрацоўнікаў там невялікі — 320 чалавек. Пад сотню чалавек занятыя на чыгунцы (там больш-менш прыстойны заробак). У калгасе некаторыя атрымоўваюць мізэр.

А насельніцтва ўсё скарачаецца (цяпер 1500 чалавек), і вёска няўмольна старэе. Некалькі дзесяткаў хацін стаяць пустыя. У 1970—1980-х колькасьць вучняў у школе сягала 700, сёлета — 254. Настаўніца Сьвятлана кажа, што цяпер мала хто набывае адукацыю далей (летась толькі чатыры выпускнікі даманаўскае школы паступілі ў ВНУ, яшчэ некалькі — у тэхнікумы).

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Некаторыя імёны герояў матэрыялу зьменены.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0