Тэме абуладкаваньня дзіцячага пакою не надаецца шмат увагі. Але ў нейкі момант яна неспадзявана выклікае цікавасьць і мноства бацькоўскіх пытаньняў. Як правільна падысьці да ўладкаваньня дзіцячага пакою і ў які момант трэба пачаць гэта рабіць, каб потым не было праблем, расказвае прафэсійны дзіцячы псыхоляг Аксана Сьвірыдава.

— Розныя спэцыялісты па-рознаму глядзяць на дзіцячы пакой. Інжынэры-будаўнікі, напрыклад, зважаюць на слушнасьць падбору мэблі ў пакоі: ёсьць распрацаваныя патрабаваньні да таго, як павінен стаяць і асьвятляцца дзіцячы стол, дзе павінен стаяць ложак ды іншае. Калі ёсьць мажлівасьць зьвярнуцца да такога спэцыяліста, то гэтыя веды будуць вельмі карысныя для бацькоў. У мэдыкаў на першым месцы бясьпека — адсутнасьць таксычных матэрыялаў у аздобе пакою (абавязкова варта ўлічваць, што дзеткі ўсё паспрабуюць ня толькі на колер, але і на смак), вострых рагоў. Любы пэдыятар досыць кампэтэнтна можа пракансультаваць па гэтым пытаньні. Псыхоляг ацэніць пакой з пункту гледжаньня яго ўплыву на разьвіцьцё дзіцяці, бо гэта першы сьвет, дзе ваша малое спазнае і сябе, і навакольле.

— Што галоўнае — адзін раз падабраць правільны колер пакою або, скажам, купіць 20 ролек шпалераў у запас і пэрыядычна іх мяняць?

— Галоўнае — ва ўсім кіравацца прынцыпам разумнасьці. Пакой павінен быць створаны менавіта для вашага дзіцяці. Ня варта ў аздобе захапляцца выкарыстаньнем насычаных колераў, бо пасьля вы ўсё роўна напоўніце пакой яркімі цацкамі, кнігамі, адзеньнем. Калі ўсё будзе «мільгаць», гэта можа стамляць, раздражняць малое. Дзіцяці павінны быць дасягальныя яго дзіцячыя рэчы: цацкі, кнігі трэба пакласьці на адным узроўні зь ім, а вось усё, што можна зламаць, сьцягнуць, павінна знаходзіцца вышэй, асабліва калі гэта пакой хлапчука.

Большасьць бацькоў жадаюць стварыць тое, чаго ў іх саміх не было ў дзяцінстве. Галоўнае, чаго ня ўлічваюць бацькі, — тое, што любы дзіцячы пакой перш-наперш прызначаны для дзяцей. Запытайцеся ў настаўнікаў, асабліва пачатковых клясаў, якія часта бываюць дома ў сваіх вучняў, ці шмат дзетак маюць свой пакой? Па маім вопыце, да 30% пазбаўленыя нават дзіцячага кута. А гэта няправільна. Зноў жа, вельмі мала ёсьць бацькоў, якія бяруць дзяцей у краму, каб купіць якую-небудзь мэблю, — а ўжо як мінімум гадоў зь сямі гэта рабіць варта.

— На што абавязкова трэба зьвярнуць увагу пры ўладкаваньні дзіцячага пакою?

— Першым чынам трэба ацаніць, якім разьвіваючым патэнцыялам для вашага дзіцяці валодае яго пакой. Малому ўсё роўна, наколькі дарагія і добрыя шпалеры вы паклеіце, галоўнае — мажлівасьць на іх памаляваць. Для гэтага можна прыляпіць на сьцяну лісты ватману, танныя шпалеры, павесіць дошку з крэйдай. Ці ёсьць у пакоі месца, дзе дзіця можа працаваць з плястылінам, фарбамі без пагрозы, што мама яго «ўспушыць» за сапсаваную падлогу?

Дзецям падабаецца «будаваць хаткі». Калі бацькі могуць паспрыяць і зладзіць якія-небудзь хаткі, міні-палаткі, паставіць вялікую скрынку ў пакоі, будзе вельмі добра. І наогул дарослым ня варта забываць, што дзьверы шафаў існуюць для таго, каб на іх катацца, а на шторах вельмі класна вісець. Вядома, трохі пазьней вы растлумачыце дзіцяці прызначэньне гэтых рэчаў, але пакуль яно маленькае, прыйдзецца зьмірыцца з гэтым.

Непажадана ў дзіцячым пакоі пакідаць асабістыя рэчы бацькоў: да некаторага ўзросту гэта нармальна, але чым большае дзіця, тэм больш яго раздражняе бацькоўскае «ўварваньне» ў пакой.

Па вопыце скажу, што чым вышэйшы дастатак бацькоў, тым звычайна большая загрувашчанасьць пакою. Але гадоў да 13 дзіця не ацэніць грашовую вартасьць рэчаў, і на гэтай глебе могуць узьнікаць канфлікты.

Калі ў сям’і двое ці болей дзетак, абавязкова трэба падзяліць «тэрыторыі ўплыву».

Гутарыў Іван Ідрыдзэ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0