Яго называлі беларускім Сэзанам. Ён быў самым заходнім зь беларускіх мастакоў. Ён да скону жыў у Нясьвіжы, так і не пераехаўшы ў Менск.

«Калі адбылася рэвалюцыя, — расказваў Сеўрук, — моладзь у мастацкіх вучэльнях пачала скідаць алебастравыя фігуры антычных і клясычных узораў у шырокі пралёт лесьвіц. Ляціць такая бялюткая Вэнэра — бум! — і выкрыкі: «Канец старому мастацтву!» Сьведка стагодзьдзя войнаў і падзелаў. Мастак-канфарміст і мастак-рамантык. Клясык беларускага мастацтва. Эсэ Валянціна Калніна з нагоды 100-годзьдзя Міхала Сеўрука.

Неяк у майстэрні М.Сеўрука мы зладзілі экспэрымэнт — разгарнулі яго працы за шмат гадоў і я пачаў на вока вызначаць даты іх стварэньня. З дакладнасьцю ±5 гадоў памылак не было, чым я моцна зьдзівіў аўтара.

Пазьней я спрабаваў асэнсаваць вынікі экспэрымэнту. З аднаго боку выходзіла, што мастак ня здолеў адшукаць уласнае манеры, паглыбляючыся ў модныя на той ці іншы час плыні. Узьнікала нават крамольная думка пра канфармізм мастака. З другога боку, экспэрымэнт мог даводзіць, што творца не спыняўся на дасягнутым, а быў у сталым пошуку.

Дайшоўшы да гэтакіх разваг, я вырашыў, што ня варта адбіраць хлеб у мастацтвазнаўцаў, а лепш казаць толькі пра тое, што сам чуў і бачыў. Пра мастацтва мы зь Сеўрукам размаўлялі мала. Мяне, як пачынаючага архітэктара-рэстаўратара, цікавілі маладыя гады мастака, пражытыя ў Вільні, атмасфэра старога места і перадваеннага часу.

На захад, усьлед за чырвонымі

Пра дзіцячыя гады мастак гаварыў няшмат. Нарадзіўся 27 лютага 1905 г. у Варшаве ў сям’і чыгуначніка, потым было Берасьце. Род Сеўрукаў паходзіць зь вёскі Мірацічы, што над Сьвіцязьзю. Гэта ад Баранавіч 45 км.

У 1915 г. перад наступам немцаў сям’я эвакуявалася зь Берасьця ў Маскву. Тут і адбыліся першыя сьвядомыя крокі хлопца ў мастацтве.

Сп.Міхал паказвае мэталічныя тронкі ў выглядзе трубачкі з падоўжанымі прарэзамі і перасоўным колцам.

— Гэта я набыў у Маскве падчас заняткаў у мастацкай студыі. Наш настаўнік параіў кожнаму мець такое. Унутр устаўляецца аловак і заціскаецца колцам на канцы. Тронкі ў руцэ зручна трымаць, і аловак можна сьпісаць да апошняга сантымэтра. Калі адбылася рэвалюцыя, — працягваў мастак, — моладзь у мастацкіх вучэльнях пачала скідаць алебастравыя фігуры антычных і клясычных узораў у шырокі пралёт лесьвіц. Ляціць такая бялюткая Вэнэра — бум! — і выкрыкі: «Канец старому мастацтву!» Стала моднай парафраза з Суворава: «Натура дура, мастак маладзец».

Іншым разам я слухаў далейшую гісторыю:

— Улетку 1920 году наша сям’я вырушыла ў Варшаву, усьлед за наступаючай Чырвонай Арміяй. Бацьку прызначылі камісарам шляхоў зносін ва ўрадзе Польскай Савецкай Рэспублікі. Але ў дарозе тата раптоўна памёр. Куды падзецца? Сям’я ўладкавалася ў Нясьвіжы, дзе былі сваякі, а ў суседнім Снове жыў родны дзядзька.

Чырвоная Армія была хутка адкінута ад Варшавы аж за Стоўпцы, і Нясьвіж апынуўся зусім у іншай Польшчы.

Віленскі ўнівэрсытэт: дзяржава ўнутры дзяржавы

У Нясьвіжы працягваць мастацкае навучаньне не было дзе, але мары стаць мастаком хлапец не пакідаў — працягваў самастойна маляваць, афармляў вучнёўскія спэктаклі. Па заканчэньні гімназіі вырашыў вучыцца далей. Найбліжэйшая навучальная ўстанова адпаведнага профілю — мастацкі факультэт Віленскага ўнівэрсытэту. Паўстала патрэба мець пашпарт. У гарадзкой радзе высьветлілася, што хлопец ня мае польскага грамадзянства. «Як жа мне атрымаць пашпарт?» — «А нех пан едзе да Саветаў і там яго атрымлівае».

Як было далей з пашпартам, сп.Міхал не распавёў, ды я й не дапытваўся. Хутчэй за ўсё, бяз польскай «легітымацыі» так і пражыў да 1939 г., але ва ўнівэрсытэт яго ўсё ж прынялі. Гэта адбылося ў 1926 г. На той час віленская ВНУ на ўзор заходніх унівэрсытэтаў мела самакіраваньне, заснаванае на аўтаноміі.

— Гэта была нібы дзяржава ўнутры дзяржавы. Віленскі паліцыянт ня меў права ўваходзіць на тэрыторыю навучальнай установы. Гэтым часам карысталіся дробныя зладзеі, уцякаючы ад перасьледу ва ўнутраныя двары ўнівэрсытэту.

Віленскае студэнцтва падзялялася на асобныя групоўкі і карпарацыі. Падзел можна было нават адзначыць звонку. Асноўным яго атрыбутам зьяўлялася «карпарантка» — картуз з дашкам, палатнянае покрыва якога і апасак мелі розную афарбоўку, адпаведна прынятай той ці іншай вучэльняй гораду. Сеўрук з усьмешкай успамінае:

— Першакурсьнікі стараліся як мага хутчэй затрапаць карпарантку: сядзелі на ёй, шпурлялі куды папала, замочвалі па некалькі разоў і трымалі на сонцы ці над вогнішчам, каб яна выглядала даўно ўжыванай і сьведчыла пра бываласьць яе гаспадара.

Фукс, ваўкі і студэнцкая каса

Падзяляліся студэнты групоўкі таксама на брацтвы — у залежнасьці ад мясцовасьці, адкуль паходзілі студэнты. Існавалі й элітныя карпарацыі студэнтаў вышэйшага, «шляхоцкага», парадку. Бальшыня іх вучылася на факультэтах права і мэдыцыны. У іх быў унутраны падзел па ступенях і панавалі норавы, падобныя на дзедаўшчыну ў войску:

— На найніжэйшай ступені быў «фукс». Ён мусіў на жаданьне «ваўкоў» без ваганьня выканаць любы загад — напрыклад, выпіць куфаль піва, напоўнены цыгарэтнымі «бычкамі».

Усе суполкі меліся па чарзе ў вызначаны пэрыяд апекавацца месцамі калектыўнага абслугоўваньня. Галоўнымі зь іх былі «братняк» — студэнцкая пазычальная каса — і сталоўка.

— «Братняк» дзеля папаўненьня сродкаў зьбіраў «даніну» ад розных прадпрымальнікаў. Здараліся выпадкі адмовы плаціць грошы. Тады суполкі ладзілі байкот або блякаду пляцоўкі «адмоўніка»: пасядуць у кавярні, нічога не замаўляюць ды іншых не пускаюць. Гаспадар цярпеў страты і ўрэшце плаціў. Ці з кінатэатрамі: у даўжэзныя чэргі стануць, а квіткоў не бяруць. Крык, гвалт, паліцыянты! Пакуль разьбяруцца — дзень мінуў.

Дарэчы, пра «братняк» ды іншыя студэнцкія справы Сеўрук цытаваў на памяць жартоўныя вершы, напісаныя ў стылі мясцовай гаворкі, так званай «віляншчызны» — своеасаблівай польска-беларускай трасянкі: «…nic w bratniaku nie zaіadziі, tylko swoje palta zhadziі».

У сталоўцы суполкі пільнавалі пастаўкі харчоў і іх прыгатаваньне, а таксама дзяжурылі ў залі як абслуга. Пэрыяды патранажу тут і ў іншых месцах суполкай камуністаў былі асабліва адметнымі: у сталоўцы рабілася чыста і гожа (кветкі, сурвэткі), стравы набывалі лепшы смак, у «братняку» спыняліся злоўжываньні. Ставараліся студэнцкія аб’яднаньні і на палітычнай аснове. Сярод іх вылучалася камуністычная суполка, вынікі дзейнасьці якой асабліва праяўляліся ў студэнцкім побыце.

— Як камуністам удавалася так арганізавацца — усе зьдзіўляліся. А ўнівэрсытэцкія ўлады вырашылі «вылечыць» ад камуністычнай хваробы завадатара суполкі і накіравалі яго на стажыроўку ў Італію. Калі той вярнуўся са стажыроўкі, то стаў яшчэ больш адданым камуністам. Потым ён стаў вядомым дзеячам КПЗБ і загінуў за Саветамі.

Бачыш старую сьцяну — замалюй

Дэмакратызм Віленскага ўнівэрсытэту быў шырокі і разнастайны. Ладзіліся шматлікія імпрэзы, выставы, дыскусіі. Асаблівай папулярнасьцю карысталіся «шопкі» — лялечныя прадстаўленьні накшталт батлейкі. Дзеючымі асобамі выстаўляліся студэнты, выкладчыкі, палітыкі, сам Пілсудзкі. Некаторыя пастаноўкі разам з фатаздымкамі друкаваліся ва ўнівэрсытэцкім зборніку.

Часам моладзевыя вечарыны, шумныя, з удзелам настаўнікаў і пры выпіўцы, зацягваліся далёка за поўнач. Але раніцай на заняткі зьяўляліся ўсе — паголеныя, ладна апранутыя, і нікому ў голаў не прыходзіла манкіраваць лекцыі прафэсара, разам зь якім весела бавіў мінулую ноч.

Прафэсура па мастацкіх дысцыплінах у асноўным складалася з выхаванцаў Пецярбурскай акадэміі, сярод іх вылучаліся Ф.Рушчыц, Л.Сьляндзінскі, А.Штурман. Нейкай асобнай спэцыялізацыі па відах мастацтваў не было: навучалі жывапісу, скульптуры, графіцы ды іншаму ўсіх разам.

Ян Булгак выкладаў ім самім сфармуляваны прадмет — фатаграфіку. Пазьней мне давялося бачыць у адной зь віленскіх бібліятэк адбіткі з фаташтудый таго пэрыяду — пастаноўкі розных па форме і фактуры прадметаў з розным асьвятленьнем і фонам. Студэнты ганарыліся сваім фотапрафэсарам, асабліва пасьля таго, як за здымак зь берагу Нарачы на выставе ў Японіі ён атрымаў прыз.

Цікавыя лекцыі па гісторыі архітэктуры з багатай падборкай «празрочаў» — шкляных слайдаў — даваў Юльюш Клос. Сеўрук рабіў на лекцыях замалёўкі з экрана. Яго канспэкты з малюнкамі і цяпер захоўваюцца ў мяне. Яны маюць ужо толькі мэмарыяльнае значэньне і будуць перададзены ў музэй мастака ў Нясьвіжы.

Ю.Клос быў значнай асобай у віленскім архітэктурным асяродзьдзі — праектаваў новабудоўлі, рэстаўраваў помнікі, выдаваў архітэктурныя даведнікі па Вільні і ваколіцах. Ён так навучаў студэнтаў: «Бачыш сьцяну старой пабудовы — замалюй, заўтра яе ня будзе».

Навуку рэстаўрацыі твораў мастацтва, у тым ліку і архітэктуры, выкладаў галоўны кансэрватар віленскай акругі Станіслаў Лёрэнц. Насамрэч прадмет выкладу называўся «кансэрвацыя» — такі тэрмін паўсюдна прыняты на Захадзе. Ужыванае ж у нас слова «рэстаўрацыя» мае там даволі адмоўнае адценьне.

Перад вайной С.Лёрэнц быў прызначаны дырэктарам Нацыянальнага музэю ў Варшаве і заставаўся ім безь перапынку палову стагодзьдзя. Дзякуючы пасрэдніцтву Сеўрука я здолеў зь ім зьліставацца і атрымаць найкаштоўнейшыя зьвесткі па архітэктурнай спадчыне Беларусі.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0