Маё першае знаёмства са Славаччынай адбылося ўвосень 1998 году. Гэта была мая першая міжнародная місія па назіраньні за выбарамі. Менавіта тады Славацкая дэмакратычная кааліцыя перамагла на парлямэнцкіх выбарах, паклаўшы канец панаваньню папуліста У.Мечыяра.

За шэсьць з паловай гадоў шмат чаго зьмянілася. Сёньня Славаччына ўваходзіць у Эўразьвяз. Менавіта сталіцу гэтай краіны абралі для правядзеньня сустрэчы прэзыдэнты ЗША і Расеі. Рэпартаж праваабронцы Валянціна Стэфановіча, які быў у Браціславе напярэдадні сустрэчы Буша з Пуціным.

Нятожа-вугорцы

Першай дзяржавай на гэтай тэрыторыі было Мараўскае княства, але ў 907 годзе яно было захоплена вугорскімі войскамі і надоўга ўвайшло ў склад Вугорскага каралеўства. Пазьней славацкія землі ўвайшлі ў склад Аўстра-Вугорскай імпэрыі. То быў складаны пэрыяд. У XIX ст. пасьля шэрагу няўдалых нацыянальна-вызваленчых паўстаньняў было зачынена больш за 80% славацкіх школ, праводзілася палітыка мадзярызацыі славакаў.

Славакам шмат чаго каштавала захавацца як нацыі і не ператварыцца ў «тожа-вугорцаў». У выніку паразы ў Першай сусьветнай вайне і распаду Аўстра-Вугорскай імпэрыі ў 1918 годзе Славаччына разам з Чэхіяй утварылі незалежную дзяржаву. Менавіта ў гэты час Браціслава атрымала сваю цяперашнюю назву. Да 1918 году яна насіла нямецкую назву Прэсбург, і на пачатку XX ст. у ёй пражывала да 50% немцаў і 30% вугорцаў. Славакі стагодзьдзе таму былі сялянскім народам, і ў гэтым іхнае першае падабенства зь беларусамі.

Цяпер Славаччына — гэта невялікая цэнтральнаэўрапейская краіна з насельніцтвам каля 5 млн чалавек і тэрыторыяй, памерам з нашу Менскую вобласьць.

Незалежнасьць Славакія атрымала ў выніку мірнага «разводу» Чэхаславакіі 1 студзеня 1993 г. Гэта ня першы досьвед існаваньня незалежнай Славацкай дзяржавы. Праўда, папярэдні прыпаў на складаныя гістарычныя ўмовы. У выніку акупацыі Чэхаславакіі нямецкімі нацыстамі 14 сакавіка 1939 году Ёжэф Ціса абвясьціў незалежную Славацкую дзяржаву, якая, праўда, знаходзілася пад нямецкім пратэктаратам. Але ў 1944 годзе ў Славакіі ўспыхнула антынацысцкае паўстаньне, разгарнуўся партызанскі рух. Улада ў Браціславе трымалася так няпэўна, што немцы былі вымушаны акупаваць краіну цалкам. У 1945 годзе Браціслава і Славакія былі вызвалены ад нямецкіх акупантаў часьцямі Чырвонай Арміі ды румынскімі фармаваньнямі, што прымкнулі да іх.

Пасьля былі славакі Дубчак і Гусак, але гэта ўжо больш вядомая гісторыя.

Ленін беларускі

Я бадзяўся па вуліцах старой Браціславы, шукаючы хоць нейкія прыметы саміту. Але высілкі былі дарэмнымі. Горад і ягоныя жыхары жылі сваімі штодзённымі турботамі, а пра саміт нагадвалі толькі закрыты для наведваньня турыстамі старажытны Град — замак над Дунаем у цэнтры гораду — ды пару сувэніраў з сымболікай саміту ў адной з сувэнірных крамаў. Многія славакі сьмехам казалі, што ня ўпэўнены наконт месца правядзеньня саміту, прыгадваючы старую гісторыю пра тое, як Буш аднойчы пераблытаў Славакію са Славеніяй.

На адной з цэнтральных вуліц пад назвай Абходна (Гандлёвая) увагу прыцягнула шыльда аднаго з пабаў. На ёй было напісана «КГБ». Гэткая экзотыка для заходніх турыстаў у стылі «back in USSR». Унутры «КГБ» аказалася ўтульным падвальчыкам з шырокімі драўлянамі сталамі, за якімі моладзь піла піва ды слухала выступ нейкага мясцовага гурту. Сьцены клюбу былі ўпрыгожаны партрэтамі Леніна-Сталіна ды іншай савецкай атрыбутыкай. Маю ўвагу прыцягнуў вялікі гіпсавы бюст Леніна ля барнай стойкі. На бюсьце так было і напісана «Ленін», прычым кірылічнымі літарамі зь беларускай літарай «і». Вось так нечакана ў цэнтры Браціславы я сустрэў нашага беларускага Леніна, якому мы так і не сказалі сваё «гуд-бай».

Славацкі мішка

У адзін з вольных дзён я шпацыраваў па Браціславе са сваёй чэскай знаёмай, што прыехала з Прагі. Мы проста хадзілі па горадзе і разглядалі вітрыны крамаў. У адной з кнігарняў мая знаёмая паказала мне славацкую дзіцячую кніжку і засьмяялася. Яе зьдзівіла, што на вокладцы дзіцячай кніжкі былі зьмешчаны славацкі герб і партрэты славацкіх дзеячаў адраджэньня, — гэта ж усяго толькі дзіцячая кніжка. Яна расказала мне гісторыю аб тым, як у Бэрліне яна бачыла фігуркі мішак з розных краін Эўропы — Аўстрыі, Францыі, Расеі, нават Беларусі. Усе мішкі былі проста вясёлыя мішкі, і толькі адзін славацкі мішка выконваў яшчэ і інфармацыйную функцыю: ён быў упрыгожаны гербам Славакіі і трыма партрэтамі дзеячаў славацкага адраджэньня пачатку XX ст. Гэта весяліла маю чэскую знаёмую, яна не разумела гэтага. Бо гэта ж былі ўсяго толькі вясёлыя мішкі, а не інфармацыйная шыльда каля амбасады.

А я зразумеў. Як прадстаўнік самай закамплексаванай нацыі ў Эўропе, самаадрачэньню якой няма межаў, тлумачэньня і разуменьня, я разумею жаданьне славакаў самасьцьвердзіцца.

Я разумею жаданьне славакаў жыць самастойна, бо нельга ўвесь час быць у ролі малодшага брата, нават у сям’і брацкіх народаў. І што вельмі істотна, у Эўропе ёсьць месца для ўсіх народаў і краін. І для тых, хто можа ганарыцца шматвяковай гісторыяй існаваньня сваёй краіны, і для «новых» краін. Для ўсіх ёсьць магчымасьць самасьцьвердзіцца і расказаць сьвету пра сябе. Пры гэтым ніхто ня скажа пагардліва аб тым, што «такого государства никогда раньше не было».

У Новай Эўропе ёсьць месца для ўсіх.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0