У прэсе днямi прайшла iнфармацыя, што свежая цыбуля з беларускiх градак на сталiчных рынках каштуе да 10 тысяч рублёў за кiлаграм. Адкуль бяруцца такiя цэны i чаму айчынны прадукт даражэйшы, чым iмпартныя апельсiны, бананы, кiвi?

— Насамрэч нiякага ажыятажу вакол свежай беларускай цыбулi ў нас няма, — пракаментаваў сiтуацыю намеснiк начальнiка ўпраўлення цэнавай палiтыкi Камiтэта эканомiкi Мiнгарвыканкама Мiкалай Крыжэвiч. — Я сам учора спецыяльна наведаў адзiн са сталiчных магазiнаў. Свежая цыбуля (пяро разам з галоўкамi) там прадаецца па 4190 рублёў за кiлаграм.

Сёння завiтаў на Чэрвеньскi рынак. Там у бабулькi ляжыць свая, з градкi цыбуля — тысяча за пучок. Узважылi — 250 грамаў. Памножце тысячу на чатыры, атрымаеце тыя ж 4 тысячы рублёў за кiлаграм. Адкуль яны ўзялi 10 тысяч, я не ведаю».

Паводле слоў Мiкалая Васiльевiча, да 31 мая дзейнiчалi ўстаноўленыя адпаведным рашэннем Мiнгарвыканкама гранiчныя цэны на плодаагароднiнную прадукцыю. Цяпер яны зняты. Аднак гэта не азначае, што прадаўцы змогуць «накруцiць» цану, якую заўгодна. Для суб’ектаў гаспадарання — магазiнаў i iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, якiя гандлююць на рынках, — гэтая «накрутка» на айчынныя харчовыя прадукты не можа перавышаць 25 працэнтаў, а на замежныя — 30 працэнтаў ад кошту. Зыходзячы з кан’юнктуры рынку, устанаўлiваць цэны (вышэйшыя цi нiжэйшыя) на свой тавар могуць толькi фiзiчныя асобы, напрыклад, тая бабулька з Чэрвеньскага рынку, якая гандлюе цыбуляй з градкi. Аднак калi яна «заломiць» цану, у яе проста не купяць «залатую» цыбулю.

Сёння на Чэрвеньскiм рынку айчынныя памiдоры каштуюць каля 3800 рублёў за кiлаграм, свежыя агуркi — у раёне 1500, цяплiчныя доўгаплодныя i таго менш. Бяруць iх ужо неахвотна, таму нават у магазiне цана на iх складае 600—740 рублёў за кiлаграм. Цэны на маладую бульбу вагаюцца ў прамежку 1500—3000 рублёў, за мiнулагоднюю прадаўцы просяць 700—800 рублёў за кiлаграм. Бананы прадаюцца па 2800 рублёў, апельсiны 3450—3800.

На Камароўскiм рынку зялёная цыбуля з галоўкамi каштуе ад 3,5 i да 6 тысяч рублёў за кiлаграм. Як растлумачыў нашаму карэспандэнту начальнiк службы арганiзацыi рыначнага гандлю Мiкалай Завалей, больш высокiя цэны выстаўляюць фiзiчныя асобы, якiя прадаюць сваю самастойна вырашчаную цыбулю. Ранняя бульба каштуе тут 1000—3000 рублёў за кiло, буракi — 1500—2500, бананы — 2450—2700, апельсiны — 3000—4500 рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?