Пра што пішуць сучасныя газэты? Ды ні пра што. Ствараецца ўражаньне, што газэты 10—12 гадовай даўнасьці чытаць разоў так у сто цікавей.

На апошнім зьездзе Беларускай асацыяцыі журналістаў чакаў, што будзе закранута і гэта тэма. Марна. Хоць і выйшаў нейкі малады калега з рэгіянальнага выданьня і пачаў прапагандаваць заходнюю мадэль прэсы: падаваць чытачу голую інфармацыю без уласных камэнтароў. А чытач сам зробіць высновы. Але гэта ўжо будзе не журналістыка, а статыстыка. Журналістыка мае ўвасабляць нешта іншае, чым пастаўку інфармацыйнай жуйкі…

За паўтара дзесяцігодзьдзя незалежнасьці амаль цалкам вымыўся такі жанр, як публіцыстыка. Журналісты, якія маглі б пісаць у гэтым жанры, ня пішуць. Публіцыстыка найчасьцей падмяняецца аналітыкай невысокага ўзроўню. Так што мушу пагадзіцца з рэдактарам «СБ» (ці ўсё ж «БС»?) П.Якубовічам, калі той гаворыць, што найбольш яго сёньня трывожыць стан публіцыстыкі ў беларускіх СМІ. Што б пра Якубовіча ні казалі, але ён застаецца адным з найбольш яркіх публіцыстаў сучаснасьці.

Усё, што можна сёньня прачытаць у газэтах ці пачуць на радыёхвалях, дзеліцца на дзьве катэгорыі: апалягетыка рэжыму і яго крытыка. Таму і ў дзяржаўных, і ў недзяржаўных СМІ ёсьць свае табу. У дзяржаўных СМІ — на ўсё тое, што падпадае пад словазлучэньне «дзяржаўная палітыка» — прэзыдэнт, урад, дзяржчыноўнікі і г.д. Асобнае табу на крытыку савецкага мінулага, і найперш сьвятарнае каровы — так званае вялікае айчыннае вайны.

У недзяржаўных СМІ табу вісіць на крытыцы апазыцыі.

Прыгадваецца лёс даволі папулярных у канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў «Навінаў БНФ». Пасля публікацыі аб’ектыўнай нататкі пра непрыгожую выхадку вядомай дзяячкі апазыцыі ў дачыненьні да ні ў чым не вінаватай дзяржчыноўніцы супрацоўнікам газэты лідэры апазыцыі ад БНФ у Вярхоўным Савеце XII скліканьня далі вывалачку па ўсіх правілах партыйна-савецкага ўмельства. Журналісты вырашылі: раз так, то рабіце газэту самі. І выданьне, якое мела неблагія пэрспэктывы, зьнікла з чытацкіх даляглядаў.

Сёньня тая ж сытуацыя. У апазыцыйных палітыкаў склалася цьвёрдае ўяўленьне, што ўся недзяржаўная прэса ў сілу толькі свайго статусу мусіць іх ва ўсім падтрымліваць.

Наша бяздарная апазыцыя першага прызыву заслужыла на крытыку па ўсім фронце. Крытыка, якая сьпярша зводзілася да такіх бранятанкавых прапаноў, як у «Народнай волі», — «Хлопцы, давайце аб’ядноўвацца!», — нарэшце ўцяміла: цяжка, а хутчэй немагчыма аб’яднаць ваўка з авечкай. Наша апазыцыя ніколі яшчэ не была такой рознай. Што яе лучыць цяпер — агульны апазыцыйны стан. І ўсё.

Думаю, самі лідэры партый і грамадзкіх арганізацый разумелі ўсю марнасьць намаганьняў перайграць рэжым па распрацаваных ім жа правілах. Параза была непазьбежнай. Тым ня менш, яны працягваюць гуляць на гэтым полі, дзе знаходзяцца ў вечным аўтсайдзе. У апазыцыі вечна не стае часу для ўсьведамленьня і асэнсаваньня ўрокаў мінулых паражэньняў, для перагляду падыходаў да самога палітычнага працэсу. А галоўнае — для зьяўленьня на палітычнай сцэне новай асобы, здольнай павесьці за сабой усю здаровую частку грамадзтва.

Пакуль недзяржаўная прэса не пачне крытыкаваць той апазыцыі, што бегае па Маскве і Брусэлі з працягнутай рукой і жаласнымі стогнамі «Падайце былому члену Вярхоўнага Савету XII—XIII скліканьняў», нічога ня зьменіцца.

Юрка Копцік, Ворша

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0