Самы высокі сярэдні бал — 44 — сёлета набралі абітурыенты на цэнтралізаваным тэставанні па сусветнай гісторыі. Пра гэта паведамілі БелаПАН ва ўпраўленні кантролю органаў адукацыі, навукі і культуры Камітэта дзяржкантролю.

Сярэдні бал тэставання па рускай мове склаў 43, па беларускай — 40. У цэлым вынікі цэнтралізавана тэставання гэтага года падобныя на вынікі тэставання 2005 года. Так, сярэдні бал па беларускай мове такі ж, па рускай мове ў 2005 годзе ён быў таксама 40. Крыху вышэйшы сярэдні бал па матэматыцы: 28 — у 2005 годзе, 30 — у 2007 годзе; крыху ніжэйшы — па фізіцы: 29 і 23 адпаведна. Пры гэтым самы высокі бал, што быў атрыманы на тэставанні па фізіцы, — 95.

Як паведамляў БелаПАН, у 2006 годзе сярэдні бал цэнтралізаванага тэставання па беларускай мове склаў 34, матэматыцы — 24, фізіцы — 29, рускай мове — 30, сусветнай гісторыі — 41. У той жа час сёлета ўпершыню тры абітурыенты здолелі набраць 100 балаў на тэставанні па беларускай мове. У цэлым падчас гэтага выпрабавання 9,5% абітурыентаў атрымалі 75 і больш балаў. Вышэйшы бал набралі два чалавекі на тэставанні па рускай мове.

У цэлым сёлета абітурыенты прайшлі 511,2 тыс. тэстаў. Нагадаем, летась увогуле было здадзена больш за 430 тыс. тэстаў. З ліку зарэгістраваных абітурыентаў не з’явіліся на іспыты 8,7%. За розныя парушэнні падчас тэставання з аўдыторый было выдалена 70 абітурыентаў (66 — летась). Вынікі тэставання аспрэчваў толькі адзін абітурыент, прычым зварот быў вырашаны на яго карысць.

4 ліпеня на базе Беларускага дзяржаўнага універсітэта — рэзервовы дзень тэставання. Удзел у ім бяруць 1,7 тыс. абітурыентаў, якія з‑за ўважлівай прычыны не змаглі ўзяць удзел у тэставанні ў асноўны час.

Тацяна Дарашчонак, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0