Васіль Лявонаў, былы міністар сельскай гаспадаркі і нефармальны лідэр гаспадарчае эліты, выступіў з публічнай лекцыяй «Новая Беларусь. Як мы будзем разбудоўваць беларускую дзяржаву?» перад студэнтамі ВНУ і навучэнцамі Беларускага ліцэю імя Коласа. Васіль Лявонаў не выключае свайго ўдзелу ў выбарах 2006 году ў якасьці кандыдата або дарадцы аднаго з кандыдатаў.

Я часта пытаю сябе: якою будзе Беларусь праз 10—15 гадоў? У якой краіне стануць дарослымі мае ўнукі?

У такой самай, як сёньня?

Адразу хочацца адказаць — не, гэта немагчыма. Перамены непазьбежныя. Але якімі яны будуць?

Нават тыя, хто і заўтра, і ўсё астатняе жыцьцё гатовы прыстасоўвацца да «закручваньня гаек», разумеюць, што сёньняшняя Беларусь — гэта грамадзтва бяз будучыні. Тупік, выхад зь якога невядомы і невідавочны.

Вы, пэўна, таксама задаяце сабе гэтае пытаньне і спрабуеце на яго адказваць.

Сёньня я хачу падзяліцца з вамі сваімі разважаньнямі пра будучыню. Пра новую Беларусь. Пра тое, як мы станем будаваць беларускую дзяржаву.

Сёньня мы ня думаем пра сябе, пра сваю краіну хоць бы ў пяцігадовай, а пагатоў — у дзесяцігадовай пэрспэктыве. У найлепшым выпадку мы глядзім у 2006 год. І малюем надта бязрадасныя карціны. Прыкрая чарговая «элегантная перамога» — для аднаго. Ці для іншага? Але для ўсіх астатніх — у найлепшым выпадку «годны пройгрыш».

Менавіта гэтак успрымае большасьць беларусаў дыскусію, якая ідзе пра «адзінага кандыдата на пасаду прэзыдэнта».

Давайце гаварыць шчыра.

Ці могуць быць у сёньняшняй Беларусі выбары? Пры адсутнасьці свабоды ў прынцыпе. Вы можаце сабе ўявіць, напрыклад, тэледэбаты Лукашэнкі з «адзіным кандыдатам»? Або іншую форму рэальнай канкурэнцыі дзеючага прэзыдэнта з апанэнтамі?

Акрамя таго, мала хто верыць, што «адзінага» ўвогуле ўдасца вызначыць.

Напэўна, будзе свой «адзіны», якога прызначыць Лукашэнка для імітацыі дэмакратычных выбараў.

Яшчэ менш людзей вераць, што адзінаму кандыдату ад апазыцыі ўвогуле дазволяць узяць удзел у выбарах.

І трэба быць ужо поўным аптымістам, каб у цяперашніх умовах верыць у перамогу «адзінага кандыдата» і магчымасьць абараніць яе.

Тут ёсьць нейкі парадокс. З аднаго боку, людзі апазыцыі выяўляюць мужнасьць, вартую ўсялякай павагі. Яны «выходзяць з акопу» і кажуць тое, пра што іншыя лічаць за лепшае маўчаць. Яны кажуць, што ніякіх гістарычных пэрспэктыў у цяперашняга рэжыму няма і быць ня можа.

Але з другога боку, гэтыя самыя людзі маюць слушныя сумненьні ў эфэктыўнасці ўласных дзеяньняў і сцэнароў замены рэжыму.

Бо сцэнары ж чужыя, яны ад улады.

Вось ён, разрыў сьвядомасьці паміж сучаснасьцю і будучыняй у яго чыстым выглядзе.

У грамадзтвах, пазбаўленых будучыні, заўсёды ўзьнікае адмысловая форма сацыяльнай дыскрымінацыі — дыскрымінацыя пакаленьняў.

Старэйшыя пакаленьні могуць кампэнсаваць адсутнасьць будучыні, заглыбляючыся ва ўспаміны пра свае сталыя і маладыя гады.

А маладыя людзі асуджаны на вечнае дзяцінства без магчымасьці пасталець.

Што тут можна зрабіць? Неабходна «расчараваць», разваражыць будучыню. Зьняць зь яе праклён.

Хто на гэта здатны? Каму гэта найбольш неабходна?

Будучыня — галоўная каштоўнасьць, галоўны рэсурс моладзі.

Маладым трэба дапамагаць. І гэта павінны рабіць людзі старэйшага пакаленьня, для якіх вялікая частка жыцьця ўжо за плячыма. Ужо няма страху перад будучыняй, але яшчэ досыць сілаў і энэргіі.

Маё пакаленьне вінаватае ў тым, што дапусьціла сёньняшнюю бяду і смуту. Яно вітала перабудову і пераадоленьне застою. Але прадбачыць, як будуць увасабляцца ў жыцьцё гэтыя лёзунгі, яно не змагло.

Мы не забясьпечылі своечасова неабходных перамен у грамадзтве. Пакаяцца на словах недастаткова. Мы павінны выпраўляць памылкі.

Таму я і наважыўся пачаць з вамі гэтую гутарку.

I. Паміж імпэрыямі

Для таго каб спасьцігнуць будучыню, каб здабыць яе для сябе, неабходна без ілюзій зірнуць на сваю сучаснасьць і мінуўшчыну.

Беларусь ніколі не была і цяпер не зьяўляецца нацыянальнай дзяржавай.

У гэтым няма нічога крыўднага. Больш таго, шмат хто зь беларусаў задаецца пытаньнем: а ці патрэбная нам нацыянальная дзяржава?

Мы звыклі, што ўвесь час кудысьці ўваходзім. У Вялікае Княства Літоўскае, дзе беларусы фактычна зьяўляліся тытульнай нацыяй. У Польшчу, у Расейскую імпэрыю, у Савецкі Саюз. Так, усюды, куды мы ўваходзілі, мы адыгрывалі сваю ўласную, адмысловую ролю. Беларусы змаглі, нягледзячы ні на што, захаваць нацыю. Але нацыянальнай дзяржавы пабудаваць не пасьпелі.

Давайце ўспомнім нашу нядаўнюю гісторыю. Якія надзеі шмат хто ўскладаў на магчымасьць аднаўленьня СССР! Хоць бы, для пачатку, у выглядзе саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі.

Мы доўга жылі гэтай верай, пакуль ня стала ясна, што «аб’яднальныя» праекты выкарыстоўваюцца лідэрамі Расеі і Беларусі выключна дзеля таго, каб вырашаць свае ўласныя праблемы.

Гэты этап мы прайшлі. Цяпер нямала беларусаў бачаць нашу будучыню ў Эўрасаюзе.

Чаму гэта адбудзецца? Калі? На якіх умовах?

Гэтага ніхто ня ведае.

Эўрасаюз — як прыказка: «усё будзе добра».

Але тут трэба разумець дзьве важныя акалічнасьці.

Першае. Эўрасаюз — гэта зусім ня нейкая райская мясьціна, дзе нас зь нецярплівасьцю чакаюць.

У Эўрасаюзе мы ня зможам купляць газ па ўнутрырасейскіх цэнах, бяспошлінна прадаваць у Расею сваю прадукцыю. Паміж Оршай і Смаленскам нам давядзецца ўкапаць памежныя слупы і пракласьці кантрольна-сьледавую паласу.

У Эўрасаюзу мноства ўласных праблем.

Дагэтуль важнай задачай Эўрасаюзу было яго пашырэньне, уступленьне ў яго новых сяброў. «Старэйшыя эўрапейскія браты» прымалі да сабе братоў «малодшых».

Але сёньня ўжо нямала эўрапейскіх палітыкаў настойваюць, што Эўрасаюзу час перастаць пашырацца. Пара заняцца рэальнымі ўнутранымі праблемамі.

Напрыклад, пачаць змагацца з эканамічным крызісам, са стратай канкурэнтаздольнасьці.

І вельмі можа быць, што да таго моманту, калі Лукашэнка ўсё ж вырашыць весьці Беларусь за цывілізаванымі краінамі, калі Беларусь зьбярэцца нарэшце ўступіць у Эўрасаюз, дарога туды будзе ўжо перакрытая.

Паглядзіце на нашу суседку — Украіну. Восеньню мінулага году шматлікія паважныя палітыкі шчыра верылі, што здолеюць забясьпечыць Украіне годную падтрымку ў эўрапейскіх калідорах улады. А сёньня службоўцы Эўрасаюзу заяўляюць, што ўступленьне Ўкраіны ў Эўрасаюз трэба адкласьці на тэрмін удвая даўжэйшы, чым там спадзяваліся.

Другое. Беларусь знаходзіцца паміж двума магутнымі імпэрскімі ўтварэньнямі — Расеяй і Эўропай.

Беларусь рызыкуе застацца разьменнай картай у складаных адносінах паміж гэтымі імпэрыямі.

Мы можам, вядома, чакаць.

Чакаць, пакуль Расея і Эўрасаюз вызначаць доўгатэрміновыя стратэгіі ўласнага разьвіцьця.

Чакаць, пакуль яны дамовяцца паміж сабою і ўзгодняць пазыцыі з Амэрыкай. Што яўна немагчыма ў найбліжэйшай пэрспэктыве: інтарэсы занадта розныя.

Дык што, будзем чакаць, пакуль іншыя вызначаць лёс Беларусі і прадыктуюць яго беларускаму прэзыдэнту?

Але мы ня ведаем галоўнага — калі і навошта будзе прынята хоць якое рашэньне.

А што мы, кожны з нас, будзем рабіць увесь гэты час?

Проста сядзець і чакаць? А пад канец жыцьця наракаць на лёс, які ня даў нам магчымасьці рэалізаваць сябе?

Мы можам узяць свой лёс у свае рукі. Мы можам пачаць дзейнічаць. Мы можам пачаць будаваць нашу беларускую нацыянальную дзяржаву. І знаходзіць для гэтага саюзьнікаў.

Адразу скажу — будзе нялёгка.

Я з трывогай гляджу на пэрспэктывы разьвіцьця ўкраінскіх падзей. Хоць усё тое, што адбылося ўвосень мінулага году, я вітаю. Украінцы ўзяліся за пабудову нацыянальнай дзяржавы.

І для Беларусі я ня бачу іншага шляху.

Толькі ў нацыянальнай дзяржаве ўсе мы, грамадзяне Беларусі, зможам здабыць нашу ўласную будучыню.

Будучыню, якую мы будзем ведаць. Будучыню, якую мы самі будзем будаваць.

Задача, як казаў клясык, архіцяжкая, але вартая таго, каб прысьвяціць ёй свае сілы.

II. Прыклад Швайцарыі

Стварэньне беларускай нацыянальнай дзяржавы зусім не азначае, што мы супрацьпаставім сябе Эўропе і Расеі.

Наадварот. Я лічу, што гэта шлях, які адначасова задаволіць абодва бакі. Ён дазволіць Новай Беларусі быць самастойнай у сваіх адносінах як з Усходам, так і з Захадам.

Вядома, давядзецца перажыць пэрыяд неразуменьня. Будзем пераадольваць стэрэатыпы мысьленьня, узаемны недавер і падазронасьць. Ня выключана і процідзеяньне.

Мы, гэтаксама як і Ўкраіна, знаходзімся ў адмысловым становішчы. Наш шлях адрозьніваецца ад шляху іншых дзяржаў. І гэтую сваю асобнасьць мы павінны тлумачыць, калі трэба — адстойваць.

Мы павінны разумець матывы і інтарэсы нашых суседзяў. Але не дзеля таго, каб прагінацца і прыстасоўвацца да зьменлівай сытуацыі. Мы павінны ўмець растлумачыць ім свае інтарэсы і сваю пазыцыю. А можа, нават дапамагчы ім лепш зразумець саміх сябе.

Будаваць сваю нацыянальную дзяржаву — гэта інтэлектуальны выклік.

Ня трэба безаглядна пераймаць прыклад іншых народаў, якім бы прывабным ён ні быў.

Я нядрэнна ведаю сытуацыю шэрагу краін Эўропы, ня з кніжак вывучыў стан спраў у Расеі, іншых рэспубліках былога СССР, патэнцыял гэтых краін. І глыбока перакананы, што роля ўсходнеславянскай Швайцарыі — гэта наша нацыянальная роля і місія.

Мы павінны заўсёды быць трохі наперадзе, заўсёды знаходзіцца ў пошуку. У нас ёсьць такі патэнцыял.

Гэта, калі хочаце, і ёсьць наша нацыянальная ідэя.

Не мэханічная мяшанка з розных ідэалёгій паводле прынцыпу «возьмем адусюль усё добрае і адкінем усё дрэннае».

Не ваяўнічае супрацьпастаўленьне сябе ўсяму сьвету.

Ня ўпартае адстойваньне права беларусаў на абмежаванасьць і забітасьць, нібыта пакінутыя нам у спадчыну ад продкаў.

Я мару пра Беларусь, у якой кіпіць жывая думка.

Пра дзяржаву, моцную не чыноўніцкай вэртыкальлю, а чалавечай разнастайнасьцю, разьняволеным патэнцыялам кожнага жыхара нашай краіны.

Я мару пра Беларусь, якая творыць і разьвівае новыя формы культуры, прыцягваючы да сябе ўсе жывыя і здаровыя сілы Ўсходу і Захаду, Поўдня і Поўначы.

Хто сказаў, што гэта немагчыма? І розуму, і сілаў у нашага народу хапае. Толькі нельга марнаваць сілы — на тое, каб выжыць, перачакаць, прыстасавацца. Сілы трэба накіраваць на рашэньне зразумелай і яснай задачы.

III. Сэнс гісторыі

Калі мы пачнём будаваць нацыянальную беларускую дзяржаву, мы сутыкнёмся з сур’ёзнай небясьпекай — упасьці ў бяздумны, фанатычны нацыяналізм.

Усё гэта мы ўжо праходзілі, і ня толькі мы.

Усе папярэднія спробы пабудовы нацыянальнай беларускай дзяржавы ў канчатковым выніку скончыліся ўсталяваньнем сёньняшняга рэжыму.

Але адсутнасьць кананічнай гісторыі беларускай нацыянальнай дзяржавы — гэта і ёсьць наша вялікая перавага.

Трэба толькі набрацца сьмеласьці і сказаць самім сабе: «Па вялікім рахунку гісторыя беларускай нацыянальнай дзяржавы пачынаецца сёньня».

І для гэтага ёсьць усе перадумовы.

Я спадзяюся, што і тут сярод вас знаходзяцца айцы-заснавальнікі нашай дзяржавы.

Ад нас з вамі залежыць, ці будуць гісторыкі праз сто гадоў вывучаць сёньняшнія дні як час адраджэньня беларускай нацыі. І ці зойме Лукашэнка ў гісторыі належнае месца — месца сілы, пад прыгнётам якой мужнела нацыя.

Менавіта стварэньне беларускай нацыі і беларускай нацыянальнай дзяржавы можа надаць сэнс гісторыі беларусаў.

Гэты акт апраўдае ўсе зьдзейсьненыя нашымі продкамі подзьвігі, усе вынесеныя імі пакуты.

А натхненьня мы шукаем не ў мінулым, а ў будучыні.

Лепшы спосаб выявіць нашую павагу да продкаў цяжка сабе і ўявіць.

IV. Рэжым Лукашэнкі ня вечны

Рэжым Лукашэнкі ня вечны. Гэта ведаюць усе, у тым ліку і самыя адданыя яго прыхільнікі. Думаю, што і ў самога Лукашэнкі няма асаблівых ілюзій. Хто можа вызначыць, які запас трываласьці мае цяперашняя ўлада? Пяць гадоў? Дзесяць? Бясконцасьць?

Усё можа абрынуцца ў кожны момант.

Эўропа і Амэрыка паставілі беларускі рэжым у адзін шэраг з самымі адыёзнымі дыктатарскімі рэжымамі плянэты і абвясьцілі, што будуць спрыяць, каб яго зрынулі.

Улада спрабуе выглядаць больш трывалаю, чым яна ёсьць насамрэч.

Некаторыя беларусы яшчэ гатовыя цярпець Лукашэнку ў якасьці свайго кіраўніка. Але толькі датуль, пакуль яны ня ўбачаць рэальную будучыню краіны без Лукашэнкі.

Натуральна, што ўсе свае сілы рэжым выкарыстоўвае на самазахаваньне. На тое, каб нават бачнасьці альтэрнатывы ня ўзьнікла.

«Вэртыкаль» — гэта вельмі слабая апора ўлады. Гэтыя людзі змушаныя «прысягаць на вернасьць» рэжыму. Абсалютная большасьць зь іх — высокапрафэсійныя, прыстойныя, ДУМАЮЧЫЯ. І тых, хто сьмяротна баіцца адказнасьці пасля сыходу Лукашэнкі і змушаны трымацца за яго да канца, ня так шмат.

Ёсьць і іншыя прычыны, якія могуць прывесьці да раптоўнага краху рэжыму.

Напрыклад, Расея відавочна не жадае, каб у Беларусі паўтарыўся ўкраінскі сцэнар, калі яна пайшла на паваду ў дзеючай улады і прайграла. Цалкам магчыма, што ў гэтым выпадку Расея паспрабуе дзейнічаць больш гнутка.

Напрыклад, эканоміка нібыта квітнее. Гэты росквіт прывідны. Транзытная эканоміка вельмі ўразьлівая і няўстойлівая. Кожнае ваганьне каньюнктуры, кожны збой можа прывесьці да крызісу, а значыць — падзеньня ўзроўню жыцьця людзей і сацыяльнага выбуху.

Менавіта раптоўнага краху цяперашняга рэжыму мы павінны асьцерагацца. Беларусь да гэтага пакуль не гатовая. А варта было б.

Стандартныя рэцэпты — прыватызацыя, лібэралізацыя і гэтак далей — непрыдатныя для нацыянальнай дзяржавы. Да чаго прывядзе іх выкананьне, вядома загадзя. Рабаваньне запасаў, войны алігархаў, бандытызм, шок для насельніцтва.

Ня меншая пагроза — гэта новы правадыр, стыхійна ўзьнесены на вяршыню ўлады, які пачынае рэалізоўваць свае ўласныя «выпакутаваныя» фантазіі, змагацца з унутранымі і вонкавымі ворагамі. Гэта ўжо было, і паўтарэньня чамусьці ня хочацца.

Самае актуальнае сёньня для нас пытаньне: як мы будзем жыць пасьля Лукашэнкі?

Сёньня пайсьці на выбары і вылучыць новага добрага прэзыдэнта недастаткова. Што будзе рабіць гэты вельмі добры чалавек, стаўшы прэзыдэнтам? Эфэктыўна працаваць у цяперашняй сыстэме ўлады немагчыма. 1) Структура ўлады, 2) адносіны з нашымі суседзямі, 3) захаваньне бясьпекі ў нашай частцы сьвету — вось асноўныя тэмы, якія мы павінны сёньня абмяркоўваць.

Калі ў гэтых фундамэнтальных пытаньнях мы здолеем дайсьці да згоды, то крах цяперашняга рэжыму ня будзе небясьпечны для нашых людзей, ня будзе палохаць.

V. Праект Канстытуцыі — да 1 мая

Я запрашаю вас да супольнай працы.

Што мы павінны зрабіць неадкладна?

Мы павінны супольнымі намаганьнямі прапісаць тую грамадзкую дамову, якая будзе асновай нашай дзяржавы.

Форма такой дамовы вядомая і правераная ў гісторыі чалавецтва шмат разоў — гэта Канстытуцыя дзяржавы, якая прымаецца большасьцю грамадзян.

Сёньняшняя беларуская Канстытуцыя грамадзкай дамовай не зьяўляецца. Гэта набор зьвестак пра тое, як адна асоба, якая займае прэзыдэнцкае крэсла, кіруе і распараджаецца ўсімі грамадзянамі на тэрыторыі былой Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

Мы павінны прапанаваць грамадзянам праект Канстытуцыі ў новай рэдакцыі — сапраўднай грамадзкай дамовы, якая:

— ясна вызначае правы і абавязкі грамадзян па кіраваньні беларускай дзяржавай;

— устанаўляе рэальную адказнасьць улады перад грамадзянамі.

Праект Канстытуцыі ў новай рэдакцыі — закон прамога дзеяньня — павінен у поўнай меры гарантаваць правы і свабоды грамадзян.

У гэтым праекце, які мы маем прапанаваць на як мага шырэйшае грамадзкае абмеркаваньне да 1 мая, Канстытуцыя павінна быць абаронена ад пераробак пад патрэбы ўлады, яна павінна заставацца стабільнай хоць бы на працягу жыцьця аднаго пакаленьня.

Я спадзяюся на ваш чынны ўдзел у гэтай працы. Сайт фонду «За новую Беларусь» стане першай пляцоўкай для дыскусіі.

У кожнага з вас ёсьць сябры, калегі, суседзі і сваякі. Абмяркоўвайце праект зь імі. Хтосьці зможа выразна сфармуляваць свае прапановы і заўвагі да дамовы ў цэлым. Хтосьці абмяжуецца асобнымі патрабаваньнямі — напрыклад, забясьпечыць рэальны падзел уладаў ці абмежаваць тэрмін прэзыдэнцкага кіраваньня. Хтосьці задумаецца пра паэтапны пераход да парлямэнцкай рэспублікі. Іншыя запатрабуюць гарантый стабільнасьці заканадаўства, у тым ліку падатковага. Пытаньняў, якія патрабуюць абмеркаваньня, мноства.

Вы спытаецеся: а што ж далей? Ну вось склалі мы праект грамадзкай дамовы, і што зь ім рабіць?

Частковы адказ на гэтае пытаньне ёсьць у дзеючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі, зь якой пакуль ня выключылі магчымасьці прамога волевыяўленьня грамадзян па яе зьмяненьні.

Чытайце, думайце, прапаноўвайце.

Другая частка адказу зьявіцца ў працэсе сумеснай працы. Калі хоць бы тры мільёны дарослых, разумных, неабыякавых і актыўных беларусаў захочуць скласьці новую грамадзкую дамову, як вы думаеце, ці можна будзе гэтаму перашкодзіць?

Паспрабаваць перашкодзіць — можна. Але ня больш за тое.

Васіль Лявонаў (нар. 16 красавіка 1938 г. у вёсцы Дубяец Касьцюковіцкага раёну Магілёўскай вобласьці (вёску зьнішчыла чарнобыльская зона). Бацька і старэйшы брат загінулі на фронце. Скончыў Беларускі інстытут мэханізацыі сельскай гаспадаркі, Менскую вышэйшую партыйную школу. Працаваў на шахце ў Данбасе, у сфэры АПК на Магілёўшчыне, затым — на адміністрацыйнай працы: першым намесьнікам начальніка Магілёўскага абласнога ўпраўленьня сельскай гаспадаркі (1972—1975), першым сакратаром Горацкага райкаму КПБ (1975—1979), першым намесьнікам старшыні Магілёўскага аблвыканкаму (1982—1983), першым сакратаром Магілёўскага абкаму КПБ (1983—1990). У 1991—1993 гг. — гандлёвы прадстаўнік Беларусі ў Нямеччыне. Па вяртаньні — генэральны дырэктар Аграпрамысловай асацыяцыі «Белінтэраграпрам». У 1994—1997 гг. — міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня. 11 лістапада 1997 г. арыштаваны перад тэлекамэрамі ў рабочым кабінэце. Быў асуджаны на чатыры гады пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Вызвалены ў лістападзе 2000 г. З 2001 г. — старшыня апякунскай рады фонду «За новую Беларусь». Кіраваў выбарчай кампаніяй Уладзімера Ганчарыка.

Публічная лекцыя «Новая Беларусь. Як мы будзем разбудоўваць Беларускую Дзяржаву?» прачытана перад студэнтамі ВНУ і навучэнцамі Беларускага ліцэю імя Коласа ў адной зь недабудаваных сталічных аптэк на ўскраіне Менску — адміністрацыя гатэлю «Юбілейны» скасавала дамоўленасьць на арэнду канфэрэнц-залі. Васіль Лявонаў не выключае свайго ўдзелу ў выбарах 2006 году ў якасьці кандыдата або дарадцы аднаго з кандыдатаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0