МАНДАТ НА МЫШЫНУЮ ВАЗЬНЮ. Палітычнай апазыцыі хацелася б стаць сыстэмнай. Аднак існы рэжым не прадугледжвае альтэрнатывы і тым больш зьмены ўлады. У парлямэнт, СМІ і публічнае жыцьцё апазыцыю не пускаюць. Нейкую ілюзію сыстэмнасьці дае, аднак, рэгістрацыя апазыцыйных партый.

Цяжка сказаць, каму цяпер больш карысьці ад наяўнасьці легальнай апазыцыі. Часам здаецца, што самым моцным ходам апазыцыі было б — зьнікнуць. Хай бы не засталося апазыцыйных партый. Хай бы Лукашэнка на выбарах супернічаў з сваімі Гайдукевічам і Абрамавай. Гэта паскорыла б каляпс перакуленай рэальнасьці. Хоць, бадай, ускладніла б постлукашэнкаўскую адбудову дзяржавы.

Апазыцыя, бывае, парушае лукашэнкаўскія правілы гульні. Вось узялі партыі і адмовіліся падпарадкоўвацца пастанове пра юрадрасы. А ўлада што? Дала папярэджаньні. Бо калі яна і забароніць БНФ, дык няйначай як агентаў латвійскай разьведкі, не праз адрасы ж. Народ не паняў бы.

Пазыцыя Севярынца, што не чакае ласкі ад прыроды, прынамсі, зразумелая. Ведай сваю мэту і працуй як можаш. Тады як змаганьне за ліцэнзію на мышыную вазьню парою прыводзіць да кур’ёзных сытуацый, калі зацятыя праціўнікі рэжыму зьвяртаюцца да Мінюсту з просьбай вызначыць пераможцу ў іхнай спрэчцы.

Фармалізаваць сваё палітычнае лідэрства вырашыў і Казулін. Аказалася, што ўлады не гатовыя выдаць яму мандат на апазыцыйную дзейнасьць. Галава шматгаловага монстра, адказная за кантроль над арэндай памяшканьняў, пракінула дэпутатаў аб’яднаўчага зьезду сацыял-дэмакратаў, што дазволіць галаве, адказнай за Мінюст, не прызнаць зьезд адбытым. Але Казулін не адчаяўся і нават па-марпехаўску даў у каршэнь апэратару, падасланаму галавой нумар тры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0