Газэта «Рэспубліка» на сваіх старонках прапанавала на абмеркаваньне ідэю паставіць помнік бульбе.

Цяпер ледзь ня штонумар друкуюцца меркаваньні розных вядомых і звычайных людзей краіны наконт гэтага праекту. Зьявіліся першыя эскізы.

Кпіць ня буду — ідэя цікавая. Я сам восеньню 2003 году ў артыкуле ў «НН» дзеля сьцёбу прапаноўваў паставіць помнік бульбе — «сымбалю надзеі і клопату кожнага чалавека, ратаўнічцы нацыі. Вялізны камень, падобны да бульбы, пафарбаваць у адпаведны колер і ўсталяваць на пастамэнце. На тую «бульбіну» можна пачапіць мэталічнага каларадзкага жука, што караскаецца наверх, — як сымбаль варожых перашкод у будаваньні Сьвятой Беларушчыны».

Сярод цяперашніх разнастайных думак у «Рэспубліцы» палохае адна тэндэнцыя — стаўленьне беларусаў да саміх сябе. «Мы яе парым, варым, смажым, дзяром на дранікі, калдуны, бабку — ці ня тысячы страў зь яе можна згатаваць. Адным словам, як пра нас кажуць — бульбашы. Такой вось прыкметай сваёй нацыянальнай адметнасьці ганарымся. Вось так і ўзьнікла ідэя, якую мы выносім на суд чытачоў…» (рэдакцыя «Рэспублікі», 2005, №43). «Усім вядома, што мы — бульбашы, і ня трэба ўспрымаць гэта як прыніжэньне» (А.Ярмоленка, «Сябры»). «…Напрыклад, прыяжджаем мы ў Расею, ва Ўкраіну, усе гавораць: хадзем на канцэрт, бульбашы прыехалі. І гэта прыемна. Беларусь — бульбяная краіна» (У.Радзівілаў, заслужаны артыст, парадыст). «Немцы — цывілізацыя піва, украінцы — сала, расейцы — гарэлкі. А мы, беларусы, — цывілізацыя бульбы, і невыпадкова нас называюць бульбашамі. На гэтую мянушку ня трэба крыўдзіцца, бо толькі самастойная, моцная нацыя мае другую, неафіцыйную назву…» (Л.Дранько-Майсюк).

Так, кожная нацыя мае сваю мянушку, але іх даюць нам суседзі. Ні адзін італьянец не назаве сябе з гонарам «макароньнікам», літовец — «лабусам», паляк — «пшэкам», украінец — «хахлом». Самастойная і моцная нацыя расейцаў мае таксама колькі назваў, але ці чулі вы, каб хаця б адзін расейскі дзеяч культуры ці палітык гаварыў сабе так: «Ня трэба крыўдаваць, што нас называюць кацапамі. Мы ж самастойная і моцная нацыя і павінны ганарыцца неафіцыйнымі назвамі». Якая цэнтральная расейская газэта надрукуе такое?

А.Чумакоў (прэс-цэнтар Віцебскага райвыканкаму): «…Ведаю, што і ўсе мае калегі такія самыя бульбашы і дапамагаюць дзяржаве ў ахове нашага нацыянальнага скарбу…» А.Дашкевіч (генэральны дырэктар УП «Белкрухмалпрадукт»): «Між іншым, у Тамбове мясцовыя жыхары таксама правялі падобную кампанію і разам з гарадзкімі ўладамі паставілі-такі помнік ваўку. Што, мы, бульбашы, горшыя?»

Пужае тое, што бульбашамі лічаць сябе прадстаўнікі інтэлігенцыі й эліты краіны, асобы, што займаюць адказныя пасады і прэзэнтуюць Беларусь за мяжою. Ніводзін просты беларус, які мае хоць крыху гонару, не назаве сябе сам «бульбашом». Мянушка прыніжае ня толькі гонар нацыі, але і асобы. Гэта адчуваюць паспалітыя людзі. «Ну што, бульбаш, — хадзем чурак біць!» — такія звароты даводзілася чуць у савецкім войску. Адтуль, відаць, тыя мянушкі і распаўсюдзіліся.

Згадваць гэта цяпер і па-дзіцячаму гэтаму радавацца могуць толькі асобы, у якіх «Масква ў галаве», як сьпявала некалі Кася Камоцкая.

Шкада, што рэдакцыя «Рэспублікі» не друкуе лістоў абурэньня гэткай мянушкай. Ці, можа, сапраўды няма ў нашых людзей гонару і годнасьці? А вядомых людзей Беларусі, якіх такая мянушка ня крыўдзіць і не абражае, прапаную ўзнагародзіць тытулам «Ганаровы бульбаш краіны».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0